* ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Сатырычны раман
*Сатырычны раман
Сатырычны раман
Сатырычны раман — твор вялікай эпічнай формы, які вызначаецца рэзкасцю выкрыцця сацыяльных недахопаў грамадства, сучаснага аўтару. Спачатку праблема паказваецца нібыта як норма, каб потым праз смех і адначасова абурэнне стала бачна, што гэта норма — толькі імітацыя, якая хавае сапраўднае зло. |
Сюжэт сатырычнага рамана можа быць схематычны, бо ён толькі аснова для выяўлення тых ці іншых праблем грамадства. Вылучаюць два тыпы сатырычных твораў:
- сацыяльная сатыра (сатыра на ворага; адмаўленне наяўнай сацыяльнай сістэмы);
- сатыра на недахопы (аўтар звяртае ўвагу толькі на асобныя праблемы, не патрабуючы знішчэння сістэмы, якая гэтыя праблемы спарадзіла).
Раскрыццё вобразаў у рамане часта адбываецца не праз дэталізацыю псіхалагічнага партрэта, а праз сатырычнае абагульненне. У кожным, нават выпадковым, персанажы выяўляецца той недахоп, супраць якога паўстае аўтар, таму колькасць персанажаў можа быць вялікая. Асобныя бакі сацыяльнага ладу сатырык увасабляе ў асобных характарах, таму на першы план выходзяць адмоўныя тыпы. Станоўчыя героі або з’яўляюцца фонам, або наогул адсутнічаюць.
Камічнае ўзмацняецца праз гіпербалізацыю і гратэск1 да фантастычнага, неверагоднага, і яно апісваецца вялікай колькасцю дэталей і падрабязнасцей. Такім чынам падкрэсліваецца абсурднасць сітуацыі, яе супярэчнасць з рэальнасцю. Часта выкарыстоўваецца іншасказанне (эзопава мова).
Самыя вядомыя сатырычныя раманы ў сусветнай літаратуры: «Падарожжа Гулівера» Джанатана Свіфта, «Прыгоды Гекльберы Фіна» і «Прыгоды Тома Соера» Марка Твэна, «Востраў пінгвінаў» Анатоля Франса, «Гісторыя аднаго горада» Міхаіла Салтыкова-Шчадрына, «12 крэслаў» Ільі Ільфа і Яўгена Пятрова, «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка» Яраслава Гашака. Як сатырычныя, выкрывальніцкія, былі задуманы і казкі Ганса Хрысціяна Андэрсена, у якіх аўтар увасобіў сваіх сучаснікаў. |
_____________________________________________
1 Гратэ́ск — мастацкі прыём у літаратуры і мастацтве, заснаваны на празмерным перабольшанні, спалучэнні нечаканых і рэзкіх кантрастаў.