Печатать книгуПечатать книгу

* ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Сатырычны раман

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 10 клас
Книга: * ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Сатырычны раман
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 22 Декабрь 2024, 09:27

*Сатырычны раман

Сатырычны раман

Сатырычны раман — твор вялікай эпічнай формы, які вызначаецца рэзкасцю выкрыцця сацыяльных недахопаў грамадства, сучаснага аўтару. Спачатку праблема паказваецца нібыта як норма, каб потым праз смех і адначасова абурэнне стала бачна, што гэта норма — толькі імітацыя, якая хавае сапраўднае зло.

Сюжэт сатырычнага рамана можа быць схематычны, бо ён толькі аснова для выяўлення тых ці іншых праблем грамадства. Вылучаюць два тыпы сатырычных твораў:

  1. сацыяльная сатыра (сатыра на ворага; адмаўленне наяўнай сацыяльнай сістэмы);
  2. сатыра на недахопы (аўтар звяртае ўвагу толькі на асобныя праблемы, не патрабуючы знішчэння сістэмы, якая гэтыя праблемы спарадзіла).

Раскрыццё вобразаў у рамане часта адбываецца не праз дэталізацыю псіхалагічнага партрэта, а праз сатырычнае абагульненне. У кожным, нават выпадковым, персанажы выяўляецца той недахоп, супраць якога паўстае аўтар, таму колькасць персанажаў можа быць вялікая. Асобныя бакі сацыяльнага ладу сатырык увасабляе ў асобных характарах, таму на першы план выходзяць адмоўныя тыпы. Станоўчыя героі або з’яўляюцца фонам, або наогул адсутнічаюць.

Камічнае ўзмацняецца праз гіпербалізацыю і гратэск1 да фантастычнага, неверагоднага, і яно апісваецца вялікай колькасцю дэталей і падрабязнасцей. Такім чынам падкрэсліваецца абсурднасць сітуацыі, яе супярэчнасць з рэальнасцю. Часта выкарыстоўваецца іншасказанне (эзопава мова).

Самыя вядомыя сатырычныя раманы ў сусветнай літаратуры: «Падарожжа Гулівера» Джанатана Свіфта, «Прыгоды Гекльберы Фіна» і «Прыгоды Тома Соера» Марка Твэна, «Востраў пінгвінаў» Анатоля Франса, «Гісторыя аднаго горада» Міхаіла Салтыкова-Шчадрына, «12 крэслаў» Ільі Ільфа і Яўгена Пятрова, «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка» Яраслава Гашака. Як сатырычныя, выкрывальніцкія, былі задуманы і казкі Ганса Хрысціяна Андэрсена, у якіх аўтар увасобіў сваіх сучаснікаў.


_____________________________________________
1
Гратэ́ск
— мастацкі прыём у літаратуры і мастацтве, заснаваны на празмерным перабольшанні, спалучэнні нечаканых і рэзкіх кантрастаў.

Пытанні

1. Чаму крытыкі часта папракаюць аўтараў сатырычных твораў у схематычнасці сюжэта? 
2. Што збліжае і што адрознівае жанры байкі, сатырычнай камедыі і сатырычнага рамана?
3. Што часцей сустракаецца ў літаратуры: сатыра на ворага ці сатыра на недахопы? Чаму?
4. Чаму ствараць сатырычны раман у 1920—1930-я гады было небяспечна?