Print bookPrint book

* Раман «Запіскі Самсона Самасуя»

Site: Профильное обучение
Course: Беларуская літаратура. 10 клас
Book: * Раман «Запіскі Самсона Самасуя»
Printed by: Гость
Date: Monday, 20 May 2024, 7:52 AM

Раман «Запіскі Самсона Самасуя»

Першыя газетныя публікацыі ў жанрах замалёвак, абразкоў, апавяданняў і нарысаў грунтаваліся на жыццёвых назіраннях пісьменніка і былі прысвечаны незвычайным сітуацыям і характарам. Маладому аўтару важна было адлюстраваць супярэчлівыя неадназначныя характары («Рабін», «Няпросты чалавек», «Камандзір»), тым больш што на рэчаіснасць ён глядзеў крытычна.

Калі гаварыць пра кантэкст узнікнення твора, то сатырычная літаратура ў 1920–1930-я гады была вельмі папулярная (Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Кузьма Чорны, Анатоль Вольны).

Адным з вядомых сатырыкаў і фактычна канкурэнтам Андрэя Мрыя на той момант быў Кандрат Крапіва. Прынцыповае адрозненне паміж яго творамі і сатырай Мрыя было ў тым, што ў Крапівы кантраст паміж станоўчымі і адмоўнымі персанажамі відавочны, а ў Андрэя Мрыя няма такой выразнай мяжы і пераважная большасць з іх адмоўныя. Мрый бачыў заганнасць не ў характарах, а ў самой сацыяльнай будове, што выклікала да жыцця гэтых персанажаў.

Крапіва крытыкаваў асобныя бакі жыцця і чалавечыя якасці (напрыклад, бюракратызм, глупства), а ў Мрыя атрымалася сацыяльная сатыра, якая крытыкавала не асобныя недахопы, а ўсю грамадскую сістэму. Крапіва праз гэта крытыкаваў Мрыя: «Аўтар, замест таго, каб накіроўваць вастрыё сатыры на тыя ненармальныя з’явы ў нашай сапраўднасці, якія перашкаджаюць нашаму сацыялістычнаму будаўніцтву, высмейвае працу савецкіх устаноў і арганізацый цалкам і ў гэтым у пэўнай меры салідарызуецца з тымі паклёпамі, якія ўзводзяць на савецкую ўладу ворагі дыктатуры пралетарыяту».

Раман «Запіскі Самсона Самасуя» — твор пра анамаліі грамадскага жыцця сярэдзіны 1920-х гадоў. Аб’ект сатыры не абмежаваны мястэчкам Шапялёўка. Мясцовыя жыхары — амаральныя мяшчане, якія нават пры вырашэнні ідэалагічных пытанняў кіруюцца матэрыяльнай зацікаўленасцю. Іх жыццё, то запаволенае, то паскоранае да абсурду, — толькі імітацыя дзейнасці.

Антыўтопія
жанр літаратуры, у якім паказваецца мастацкі свет, дзе запанавалі небяспечныя тэндэнцыі развіцця.

Яркія прыклады сусветна вядомых раманаў-антыўтопій — «1984» Джорджа Оруэла, «Выкрут-22» Джозефа Хелера.

Паводле жанру «Запіскі Самсона Самасуя» — сатырычны раман з элементамі антыўтопіі. Прыметы антыўтопіі прасочваюцца ў апісанні першых прымет сталінізму, класавай барацьбы, у своеасаблівым папярэджанні, прадбачанні будучыні. Падобную праблематыку можна знайсці і ў паэзіі Язэпа Пушчы таго ж перыяду.

Галоўны герой

Актывісты 1930-х гадоў называліся бальшавікамі «выдвиженцы», слова гэта перакладалася на беларускую мову двума спосабамі: афіцыйным — «вылучэнцы» і неафіцыйным, іранічна, — «высуванцы». А сярод вылучэнцаў былі тыя, хто не чакаў, пакуль іх кандыдатуру прапануюць для нейкага прызначэння, а вылучаліся самі, такіх называлі «самавысуванцамі». І калі Мрый узяў для свайго героя прозвішча Самасуй, якое здаўна ў народзе абазначала тых, хто сам сунецца, пнецца, каб далей прасунуцца, то ў сугуччы з «самавысуванцамі» яно займела дадатковыя адценні.

Так з’явіўся галоўны герой рамана Самсон Самасуй, авантурыст і прайдзісвет. У адрозненне ад памяркоўных абыякавых шапялёўцаў, ён надзвычай актыўны. Яму выгадна нагадваць пра сваё вясковае паходжанне, але ён ужо не ўмее рабіць сялянскую працу. Загады Самсон Самасуй выконвае зацята і неабдумана, даводзіць сітуацыю да абсурду, што мае нечаканыя наступствы. Па сутнасці ён тэрарызуе навакольных людзей літаральным разуменнем ідэалогіі, фармальным, а не сутнасным падыходам да палітычнага жыцця. Надзвычайная жывучасць і прыстасавальніцтва дапамагаюць Самасую перажыць неспрыяльныя падзеі. А калі ён на судзе выступае супраць свайго былога сябра філосафа Торбы, то відавочнай становіцца паралель з рэальнымі палітычнымі справамі 1920—1930-х гадоў.

Андрэй Мрый сам стаў ахвярай рэпрэсій: прадэманстраваўшы ў гэтым рамане надзвычайны ўзровень мастацкай тыпізацыі, пісьменнік агаліў сутнасць тагачаснай грамадскай сістэмы. А ў тыя часы нават меншыя правіннасці прыводзілі да трагічнага фіналу. Крытыка абрынулася на Мрыя, папракаючы яго ў тым, што ён стварыў карыкатуру на ўсё савецкае жыццё. Спрабуючы ўратавацца, пісьменнік знішчыў трэцюю, фінальную, частку кнігі, дзе галоўны герой паказаў, што такі амаральны прайдзісвет можа ўзняцца на самы верх сацыяльнай лесвіцы. Ад прозвішча галоўнага героя пайшла назва з’явы — самасуеўшчына. Гэта паспяховае аб’яднанне невуцтва і кар’ерызму, пустой актыўнасці і прыстасавальніцтва.

Даследчыкі параўноўвалі героя то з Барысам Гадуновым у Пушкіна, то з Хлестаковым у Гогаля («Рэвізор»), то шукалі аналогіі з «Запіскамі Піквікскага клуба» Дыкенса або «Прыгодамі ўдалага ваякі Швейка» Гашака, але, верагодна, аднаго з Самасуевых паплечнікаў можна знайсці і ў беларускай класіцы — Мікіта Зносак у п’есе Янкі Купалы «Тутэйшыя». І адзін, і другі чыноўнікі дэманструюць вяршыні прыстасавальніцтва: хіба што Зносак бесхрыбетны і безыніцыятыўны, ён толькі рэагуе на выклікі рэчаіснасці, спрабуючы пад іх падладзіцца, а вось Самасуй, прыстасоўваючыся да сістэмы, сам становіцца яе часткай і пачынае адмоўна ўплываць на жыццё людзей і краіны.

Вобразы шапялёўскай інтэлігенцыі

Філосаф Торба ці не адзіны ў творы размаўляў жывой мовай, але хоць выслоўі суддзі часам двухсэнсоўныя і небяспечныя, ён прыстасаванец і канфарміст, упісаны ў шапялёўскую наменклатуру.

Таварыш Сом — увасабленне сацыяльнай абыякавасці і інертнасці: сялянская рахманасць змешваецца з гарадскім бюракратызмам, а гэта вельмі кантрастуе з няўрымслівай актыўнасцю Самасуя.

Па знешнасці Ліна можна было меркаваць, што ён «мае значныя дасягненні ў галіне сістэматычнага палявання за ідэйна трухлявымі, але чароўнымі мяшчаначкамі».

Настаўнік Мамон падтрымліваў і натхняў усе абсурдныя праекты Самасуя.

Паэт Гарачы, магчыма, намёк на паэтаў-маладнякоўцаў, не столькі творца, колькі кан’юнктуршчык.

Шырока прадстаўлены і жаночыя вобразы: ад інтрыганкі і спакусніцы Крэйны Шуфер да мужчынападобнай загадчыцы жанаддзела Домны Лузбан.

Андрэй Мрый спалучаў два моўныя стылі: гутарковы і афіцыйна-дзелавы, які прадстаўлены найперш палітычнымі лозунгамі, газетнымі штампамі, мовай бюракратычных дакументаў, багата перасыпанай канцылярызмамі. Кантраст гэтых стыляў стварае камічны эфект, што асабліва заўважна пры выкарыстанні ка́лькі з рускай мовы, бо выразна адчуваюцца межы беларускага тэксту і штампаваныя рускамоўныя ўстаўкі з нарматыўных дакументаў, мітынгавых прамоў і інш. Самсон Самасуй адначасова і аб’ект, і суб’ект сатыры, бо ён і дзейная асоба, і каментатар усіх падзей, што адбываюцца з ім і іншымі шапялёўцамі.

Літаратурныя сувязі. Андрэй Мрый з братам Васілём Шашалевічам уваходзіў у склад літаратурнага аб’яднання «Узвышша» разам з Язэпам Пушчам, Кузьмой Чорным, Кандратам Крапівой, Адамам Бабарэкам, Лукашом Калюгам і іншымі.

Пытанні

1. Якімі гістарычнымі прычынамі была абумоўлена папулярнасць сатырычнай літаратуры? 
2. У чым розніца паміж сатырай Кандрата Крапівы і сатырай Андрэя Мрыя?
Гэтыя віды сатыры ўзаемавыключаюць або ўзаемадапаўняюць адзін аднаго?
3. Якую ролю ў жыцці Андрэя Мрыя адыграў яго раман «Запіскі Самсона Самасуя»?
4. Параўнайце камедыю Кандрата Крапівы «Хто смяецца апошнім» і раман Андрэя Мрыя.
Ці выдзяляе Мрый групу станоўчых персанажаў?
5. Якія непрымальныя з’явы галоўны герой Самсон Самасуй выдае за норму?
6. Якія элементы антыўтопіі можна вылучыць у сатырычным раманe «Запіскі Самсона Самасуя»?
Наколькі прымальны жанр антыўтопіі для напрамку сацыялістычнага рэалізму, у якім тады развівалася літаратура?
7. Як апісваюцца персанажы пры першым упамінанні ў тэксце?
На чым аўтар робіць акцэнт?
8. Знайдзіце ў інтэрнэце азначэнне паняцця «канцылярыт».
Ці можна назваць стыль Самсона Самасуя гэтым тэрмінам?
Дзе вы сустракаліся з праявамі канцылярыту?
9. Запішыце на дыктафон у парах выразнае чытанне дыялогу на выбар, захоўваючы асаблівасці голасу і інтанацыі персанажаў, але не называючы іх імёнаў.
Прапануйце сябрам адгадаць літаратурных герояў.
10. Перакладзіце ўрывак з рамана на рускую мову.
«Даю фактычную даведку. Дзьве каровы, конь, жаробка, свіння, здаецца, 4 ці 7 прадстаўніц курынага роду, хата з трыма вакешкамі, ды яшчэ рознае не стандартызаванае хаўбосце. Такім чынам, па эканамічнай адзнацы майго бацьку ніяк нельга залічыць да ганебнага стану кулакоў. А з пункту гледжання ідэялёгіі, дык ня ведаю, як зарэгістраваць яго. Хто можа аб гэтым упэўнена сказаць, калі, як кажа мой прыяцель, філёзаф Торба, заблытана чалавечае жыццё, і няма ў ім строга акрэсленай намэнклятуры».
Ці захоўваюцца ў перакладзе каларыт мовы твора, яго стыль?
Як вы думаеце, чаму?
11. Прааналізуйце раман Андрэя Мрыя згодна з алгарытмам аналізу празаічнага твора.