* Раман «Запіскі Самсона Самасуя»

Галоўны герой

Актывісты 1930-х гадоў называліся бальшавікамі «выдвиженцы», слова гэта перакладалася на беларускую мову двума спосабамі: афіцыйным — «вылучэнцы» і неафіцыйным, іранічна, — «высуванцы». А сярод вылучэнцаў былі тыя, хто не чакаў, пакуль іх кандыдатуру прапануюць для нейкага прызначэння, а вылучаліся самі, такіх называлі «самавысуванцамі». І калі Мрый узяў для свайго героя прозвішча Самасуй, якое здаўна ў народзе абазначала тых, хто сам сунецца, пнецца, каб далей прасунуцца, то ў сугуччы з «самавысуванцамі» яно займела дадатковыя адценні.

Так з’явіўся галоўны герой рамана Самсон Самасуй, авантурыст і прайдзісвет. У адрозненне ад памяркоўных абыякавых шапялёўцаў, ён надзвычай актыўны. Яму выгадна нагадваць пра сваё вясковае паходжанне, але ён ужо не ўмее рабіць сялянскую працу. Загады Самсон Самасуй выконвае зацята і неабдумана, даводзіць сітуацыю да абсурду, што мае нечаканыя наступствы. Па сутнасці ён тэрарызуе навакольных людзей літаральным разуменнем ідэалогіі, фармальным, а не сутнасным падыходам да палітычнага жыцця. Надзвычайная жывучасць і прыстасавальніцтва дапамагаюць Самасую перажыць неспрыяльныя падзеі. А калі ён на судзе выступае супраць свайго былога сябра філосафа Торбы, то відавочнай становіцца паралель з рэальнымі палітычнымі справамі 1920—1930-х гадоў.

Андрэй Мрый сам стаў ахвярай рэпрэсій: прадэманстраваўшы ў гэтым рамане надзвычайны ўзровень мастацкай тыпізацыі, пісьменнік агаліў сутнасць тагачаснай грамадскай сістэмы. А ў тыя часы нават меншыя правіннасці прыводзілі да трагічнага фіналу. Крытыка абрынулася на Мрыя, папракаючы яго ў тым, што ён стварыў карыкатуру на ўсё савецкае жыццё. Спрабуючы ўратавацца, пісьменнік знішчыў трэцюю, фінальную, частку кнігі, дзе галоўны герой паказаў, што такі амаральны прайдзісвет можа ўзняцца на самы верх сацыяльнай лесвіцы. Ад прозвішча галоўнага героя пайшла назва з’явы — самасуеўшчына. Гэта паспяховае аб’яднанне невуцтва і кар’ерызму, пустой актыўнасці і прыстасавальніцтва.

Даследчыкі параўноўвалі героя то з Барысам Гадуновым у Пушкіна, то з Хлестаковым у Гогаля («Рэвізор»), то шукалі аналогіі з «Запіскамі Піквікскага клуба» Дыкенса або «Прыгодамі ўдалага ваякі Швейка» Гашака, але, верагодна, аднаго з Самасуевых паплечнікаў можна знайсці і ў беларускай класіцы — Мікіта Зносак у п’есе Янкі Купалы «Тутэйшыя». І адзін, і другі чыноўнікі дэманструюць вяршыні прыстасавальніцтва: хіба што Зносак бесхрыбетны і безыніцыятыўны, ён толькі рэагуе на выклікі рэчаіснасці, спрабуючы пад іх падладзіцца, а вось Самасуй, прыстасоўваючыся да сістэмы, сам становіцца яе часткай і пачынае адмоўна ўплываць на жыццё людзей і краіны.