ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Мастацкія тропы

*Мастацкія тропы

Мастацкія тропы

Найбольшая колькасць мастацкіх тропаў сустракаецца ў паэзіі. Яны ўзбагачаюць мову твора, дазваляюць найбольш удала раскрыць вобраз, перажыванне праз тонкія адценні пераносных значэнняў.

Мастацкі троп — слова або выраз, ужытыя ў пераносным значэнні, калі адна з’ява характарызуецца праз рысы, якасці, уласцівасці іншай з’явы.

Тропы падзяляюцца на простыя (параўнанне, эпітэт) і складаныя (метафара, метанімія, сінекдаха, увасабленне, аксюмаран, гіпербала, літота, іронія, алегорыя, гратэск, эўфемізм і інш.).

Метанімія — від тропа, у якім назва адной з’явы (прадмета) замяняецца на другую паводле іх унутранай або знешняй сувязі і незалежна ад іх падабенства.

Метанімія сустракаецца ў мове, калі назва мясцовасці, памяшкання ці ёмістасці замяняе назву таго, што ўнутры іх; назва месца замяняе назву гістарычнай падзеі; назвай матэрыялу, расліны, рэчыва замяняюцца вырабы з іх.

Дарога яднае людзей,          
      хоць, праўда, на тэрмін кароткі.
                             Уладзімір Дубоўка.
«Штурмуйце будучыні аванпосты!».

Пад «дарогай» маюцца на ўвазе разам перажытыя падзеі, нястачы ці прыгоды ў дарозе.

            Суседзяць пад дахам адным
               сярмяга, жакетка і футра.
                             Уладзімір Дубоўка.
«Штурмуйце будучыні аванпосты!».

Назва адзення абазначае чалавека, і таму маецца на ўвазе чалавек у сярмязе (бедны), чалавек у жакетцы (заможны) і чалавек у футры (багаты).

Сінекдаха — разнавіднасць метаніміі, у якой назвы паняццяў, з’яў, прадметаў замяняюцца іншымі на падставе іх колькасных суадносін (напрыклад, частка ў значэнні цэлага і наадварот, адзіночны лік у значэнні множнага і наадварот).

Таксама сінекдахай могуць лічыцца выпадкі, калі слова, якое абазначае родавае паняцце, замяняе відавое і наадварот.

У наступнай цытаце слова ў адзіночным ліку «чалавек» выступае ў якасці слова ў множным ліку «людзі»:

Чаму у песнях вашых нестае                  
адной маленькай справы — чалавека?
Хіба пачуцці ўсе яго, мае                        
не закранаюць вашыя павекі?               
                   Уладзімір Дубоўка. «Кругі»

Увасабленне, або персаніфікацыя, — разнавіднасць метафары, у якой рэчам, прадметам і з’явам прыроды надаюцца чалавечыя ўласцівасці.


Аўтар персаніфікуе час, і яго рух бачыцца апавядальніку такім павольным, нібыта ў сне. 

        Тут адбываліся бойкі не раз,                 
тут задрамаў, затрымаўшыся, час.
           Уладзімір Дубоўка. «Кругі».

Гіпербала — троп, якім абазначаецца рэзкае перабольшанне якіх-небудзь уласцівасцей чалавека, прадмета або з’явы з мэтай звярнуць увагу на гэтыя ўласцівасці і выявіць стаўленне пісьменніка да іх.


Гіпербалізацыя адбываецца звычайна ў кантэксце, таму часта спалучаецца з іншымі тропамі:

Ні на пяску, ні на каменні              
ушчэнт не выпетрае зерне:          
узыдзе, ўсходы будуць з плёнам ,
з адзінак вырастуць мільёны...     
                      Уладзімір Дубоўка«Ніколі праўда не ўмірае». 

Тут метафара «вырастуць мільёны» (пра зерне, што не загіне «на пяску» і «на каменні») уключае гіпербалу, выражаную колькасным лічэбнікам. Перабольшанне заключаецца ў тым, што «з адзінак», некалькіх зярнят, з’явяцца мільёны ўсходаў. З дапамогай гіпербалізацыі паэт сцвярджае надзею на справядлівасць, лепшую будучыню.

Эўфемізм — троп, што замяняе іншым словам, спалучэннем такое выслоўе, якое выглядае няёмка, груба альбо непрыстойна. 

Часам эўфемізмы не згладжваюць знявагу ці крытыку, а іранічна падкрэсліваюць негатыў. Тут апанент названы благім чалавекам:

Ты спечаны з дрэннага цеста,                                             
што дыхае злосцю прамова.                                              
Уладзімір Дубоўка. «Штурмуйце будучыні аванпосты!»

Эўфемізмы бываюць моўныя (устойлівыя) і літаратурныя (аўтарскія).

У мове непажаданыя словы або словазлучэнні замяняюцца нейтральнымі лексічнымі адзінкамі, устойлівымі спалучэннямі. Ужыванне моўных эўфемізмаў адлюстроўвае змены ў грамадскай свядомасці ў дачыненні да пэўнай з’явы. Напрыклад, слова «арыстакрат» можа замяняцца канструкцыяй «нарадзіўся з сярэбранай лыжкай у роце», прычым для часоў пралетарскай рэвалюцыі гэта азначала «прадстаўнік чужароднага класа», а сёння азначае «прадстаўнік заможнай сям’і». Ідзе і адваротны працэс — частае ўжыванне ўстойлівых эўфемізмаў змяняе адценне значэнняў галоўнага, замененага слова.

Літаратурныя (аўтарскія) эўфемізмы ў мастацкім тэксце могуць быць толькі аднаразовымі, створанымі для канкрэтнага кантэксту, твора:

Не крытыка, а нейкі самавар:        
усё залежыць ад старонняй ласкі.
            Уладзімір Дубоўка. «Кругі»

У прыведзенай цытаце герой далікатна ўказвае на неаб’ектыўных літаратурных крытыкаў.

Эўфемізмы могуць выкарыстоўвацца і ў дзіцячай літаратуры, а часам могуць нават быць важным элементам сюжэта. Так, у серыі кніг Д. Роўлінг для называння лорда Валдэморта выкарыстоўваюць эўфемістычныя найменні «Самі-Ведаеце-Хто», «Той, чыё імя нельга называць». І толькі Гары Потэр, які адзіны зможа яго адужаць, не баяўся называць цёмнага лорда сапраўдным імем. На беларускую мову кнігу пра Гары Потэра пераклала Алена Пятровіч.