Беларуская літаратура 1920—1930-х гадоў

Паэзія 1920-х гадоў

Паэзія развівалася ў дзвюх ідэйна-мастацкіх плынях:

  1. традыцыйная (Уладзімір Жылка, Тодар Кляшторны, Наталля Вішнеўская, Яўгенія Пфляўмбаум, Зінаіда Бандарына).
    Узорам была творчасць нашаніўцаў (Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі і Максіма Багдановіча);
  2. пралетарска-рэвалюцыйная (Міхась Чарот, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч і інш.).
    Літаратура адпавядала афіцыйнай ідэалогіі Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, у ёй выяўляліся культ рэвалюцыі, жыццесцвярджальны пафас, гарадская тэма, ігнараванне лірычных пачуццяў, антырэлігійнасць.

Эстэтычна пралетарска-рэвалюцыйныя вершы мелі адзнакі авангардызму:

  1. антытрадыцыяналізм («маладнякізм» супрацьпастаўляўся «адраджанізму» нашаніўцаў);
  2. антыэстэтызм (натуралістычныя вобразы ў творах Змітрака Бядулі, ранняга Аркадзя Куляшова);
  3. складанасць і цьмянасць вобразаў і тропаў (у творчасці Язэпа Пушчы, Змітрака Бядулі, Уладзіміра Дубоўкі);
  4. эвалюцыя паэта-прарока ў паэта-суразмоўца (Уладзімір Дубоўка, Андрэй Александровіч, Язэп Пушча).

Навукоўцы гавораць. «...Паэтычная сістэма, створаная беларускімі аўтарамі 20-х — пачатку 30-х гг. XX ст., істотна адрозніваецца ад папярэдняй, “нашаніўскай”, паэтычнай сістэмы ў фармальна-стылістычных адносінах.

У аснове новай сістэмы была павышана ўвага да формы літаратурнага твора. Беларускія паэты пачалі надаваць большае значэнне рыфмоўцы, рытміцы, сінтаксісу, лексіцы, вобразнасці, графічнай форме твораў, а таксама выкарыстанню аўтарскіх неалагізмаў» (Віктар Жыбуль).

 Навукоўцы гавораць. Таленавіты крытык 1920-х гадоў, сябар аб’яднання «Узвышша» Адам Бабарэка вельмі слушна разважаў пра сваіх сучаснікаў і папярэднікаў у паэзіі, выяўляў самае адметнае ў іх творчасці. Паводле яго, паэт — гэта…

«Па Дуніну-Марцінкевічу — гэта дудар, г. зн. выканаўца “песень”, ужо створаных іншымі. Паэт толькі выконвае і ў гэтым выконванні можа выяўляць свае мастацтва. Выконвае як бы на інструманце, выбраным ім. Паэзія для яго — інструмант, на якім ён іграе — выконвае песні духу яго асяродзішча, песні ідэй, якімі жыве яго грамада. 

Па Багушэвічу — творца інструманту, на якім можна выконваць “песні” “ідэй”. Ён робіць “дудку”, на якой граць можа ўжо другі. Паэзія для яго — гэта тварэнне формы для выражэння перажывання, свайго ўнутранога жыцця, жыцця ідэі сваістасці сябе.

Па Няслухоўскім (Янку Лучыну. — Аўт.) — голас народу, сродак народу выказвання сябе. Паэзія для яго — гэта вернае перадаванне народнага духу, яго выражэнне.

Па Купалу — фарматар народнага самаўсведамлення, гэта тварэц песні, уладар яе. Паэзія для яго — гэта жыццё народнага духу.

Па Коласу — вадзыўца, адзначацель праяваў жыцця народнага духу. Ён адгукаецца і адзначае. Паэзія для яго — гэта непасрэдныя вадзыкі (водгукі. – Аўт.) яго душы, гэта рэагаванне душы на праявы народнага жыцця, гэта рэакцыя душы на яго.

Па Гаруну — выразіцель свайго ўнутранога жыцця. Паэзія — гэта выражэнне дум аб праўдзе тэй, што на зямлі.

Па Багдановічу — творца паэтычных каштоўнасцей. Паэзія — гэта галіна выяўлення творчых здольнасцей высякаць “іскры з каменняў людскога сэрца” сілаю паэтычнага слова.

Па Дубоўку — мэліяратар душ, ювелір слова, даўца жыцця. Паэзія для яго — гэта зброя.

Па Пушчу — жывапісец з’яў жыцця, змагар за песню народную, складальнік песень. Паэзія — сродак, або што для жывапісца фарбы, для кампазітара — гукі.

Па Чароту — будзіцель балота, выканаўца, музы́ка. Творчасць — ігра. Паэзія — вяселле (знадворнае, паказное)».