Беларуская літаратура 1920—1930-х гадоў

*Літаратурныя аб’яднанні

Заканчэнне Першай сусветнай вайны завяршыла нашаніўскі перыяд у беларускай літаратуры: у наступны — міжваенны — перыяд (1920—1930-я гады) беларусы ўвайшлі з вялікімі чалавечымі стратамі, але сцвердзіўшы сябе як нацыю, чыё існаванне ўжо немагчыма было ігнараваць.

Беларуская літаратура 1920—1930-х гадоў існавала ў складаных грамадска-палітычных абставінах. Напачатку яе плённаму развіццю спрыяла абвешчаная ў краіне палітыка беларусізацыі, што вы´клікала з’яўленне пісьменніцкіх арганізацый, фарміраванне новых ідэйна-эстэтычных прынцыпаў, абнаўленне літаратурных традыцый. Затым гэты рух быў запаволены сумнавядомымі падзеямі 1930-х гадоў, калі пісьменніцкая і выдавецкая дзейнасць ускладнілася пад уздзеяннем знешніх абставін. Разгледзім падзеі гэтага этапу больш падрабязна.

Літаратурныя аб’яднанні. Літаратура ў 1920-я гады была неверагодна папулярнай сферай дзейнасці: маладых аўтараў ведалі ў твар, іх фотаздымкі змяшчалі на вокладках кніг. Адзін з першых творчых саюзаў, якія ўтварыліся на пачатку 1920-х гадоў, — Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк» (1923—1928). Сябрамі «Маладняка» сталі каля 500 чалавек з розных гарадоў Беларусі і замежжа. Заснавальнікі арганізацыі: Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч, Адам Бабарэка, Язэп Пушча.

Прынцыпы адлюстравання рэчаіснасці, па якіх лёгка пазнаць удзельнікаў «Маладняка», можна звесці да наступных:
   1) адмаўленне ад былой культурнай спадчыны;
   2) вера ў камуністычны лад і служэнне дзяржаве;
   3) апяванне энергіі моладзі і светлай будучыні.

У «Маладняку» крытычна ставіліся да традыцыі і выступалі супраць творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Даведаўшыся пра гэта, Янка Купала паставіўся да пазіцыі маладнякоўцаў паблажліва, а Якуб Колас пакрыўдзіўся і напісаў апавяданне «Трыумф» з падзагалоўкам «Прыяцельскі шарж».

Многія з пісьменнікаў-пачаткоўцаў не разбіраліся ў літаратуры, і аб’яднанне вымушана было выдаваць не толькі мастацкія кнігі, але і даведнікі з тлумачэннямі і прыкладамі паэтычных жанраў, вершаваных памераў. Але многія таленавітыя аўтары адчувалі, што яны эстэтычна і светапоглядна перараслі «Маладняк». Да таго ж не ўсе прызнавалі новую інтэрнацыянальную ідэю класавай салідарнасці працоўных важнейшай за традыцыйную рамантычную ідэю нацыянальнага адраджэння. Усё гэта выклікала раскол у «Маладняку».

У 1928 годзе аб’яднанне «Маладняк» было рэарганізавана ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП). Сябрамі асацыяцыі сталі Пятрусь Броўка, Платон Галавач, Аркадзь Куляшоў, Паўлюк Трус, Валянцін Таўлай і інш. Праіснавала асацыяцыя да 1932 года.

Беларускае літаратурна-мастацкае згуртаванне «Узвышша» (1926—1931). Былыя маладнякоўцы Язэп Пушча, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Адам Бабарэка і Уладзімір Дубоўка ўтварылі новае аб’яднанне. Да іх далучыліся браты Андрэй Мрый (Шашалевіч) і Васіль Шашалевіч, а таксама Лукаш Калюга. Упершыню ў беларускай літаратуры аб’яднанне адбылося па эстэтычных прычынах. Адна з яго мэт — стварэнне арыгінальнай беларускай літаратурнай школы праз высокую культуру мовы і арганічнае спалучэнне традыцый з наватарствам.

Навукоўцы гавораць. «Маладнякоўцы ўдзячна карысталіся купалаўскай тропікай, лічачы самым важным у яго творчасці рэвалюцыйныя матывы, і не надавалі ніякага значэння больш канцэптуальным момантам, у той час як у творах узвышаўцаў няма выразнага пераймання на ўзроўні вобразна-метафарычных і метрычных сродкаў, затое знайшло сваё месца ўвасабленне ідэі нацыянальнай самабытнасці» (Жанна Капуста).


Літаратурнае аб’яднанне «Полымя» (1927—1932) згуртавала вакол сябе і класікаў — Янку Купалу, Якуба Коласа, Уладзіслава Галубка, Цішку Гартнага, і маладзейшых аўтараў, былых маладнякоўцаў — Міхася Чарота, Міхася Зарэцкага, Анатоля Вольнага, Алеся Дудара. Яны падтрымлівалі дзяржаўную пралетарскую ідэалогію, выступалі за развіццё літаратурнай крытыкі і за шанаванне культурнай спадчыны.

У 1932 годзе пастановай урадавага органа Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» была спынена дзейнасць усіх літаратурных аб’яднанняў і ўтворана адзіная арганізацыя — Саюз пісьменнікаў БССР. З гэтага моманту і да канца 1980-х гадоў літаратурны працэс у Беларусі быў цэнтралізаваны.