Трылогія «На ростанях»

Аповесць «У палескай глушы»

Прататып
асоба, якая рэальна існавала і паслужыла аўтару правобразам (мадэллю) для стварэння літаратурнага персанажа.

Многія героі гэтага твора, як і Андрэй Лабановіч, маюць сваіх прататыпаў, што зноў жа падкрэслівае рэальную аснову тэксту. Напрыклад, прататып Андрэя Лабановіча — сам Якуб Колас, прататып Ядвісі — Ядвіга Баранцэвіч (у шлюбе Бахенская), Саханюка — Уладзімір Дылеўскі, Турсевіча — Аляксандр Фурсевіч і г. д. Пры гэтым імёны і прозвішчы некаторых персанажаў зменены, а некаторых — не (напрыклад, бабка Мар’я). Узгадваюцца ў творы таксама рэальныя тапонімы і мікратапонімы1 Сяльцо, Целяшоў дуб, Завітанкі, Ганцавічы і інш.

Назва вёскі Цельшына перагукваецца з Люсіна, дзе настаўнічаў Якуб Колас. Некаторыя прозвішчы, дадзеныя персанажам, таксама характэрныя для адпаведных палескіх мясцін (Круглы, Нырка і інш.).

Пісьменнік стварыў вобраз Андрэя Лабановіча — беларускага інтэлігента, шукальніка ісціны і сэнсу жыцця. Малады настаўнік паходзіў з сялян і ў той жа час па сваім сацыяльным статусе належаў да інтэлігенцыі. Лабановіч, які імкнуўся вывучаць жыццё палешукоў, — асоба неабыякавая. Невыпадкова галоўнага героя хвалюе, для чаго чалавек жыве на Зямлі. З гэтым пытаннем настаўнік звяртаецца да розных персанажаў і збірае іх адказы. Бабка Мар’я выказваецца так: «Не, панічок, не ведаю! Каб вы запыталіся ў дрэва, чаму яно расце, дык хіба ж бы яно вам адказала?  Так і я не магу адказаць вам. Жывем, покі жывецца, бо жывы ў зямлю не палезеш, а прыйдзе смерць, тады пахаваюць». Гэтыя словы паказваюць пазіцыю чалавека, цесна звязанага з прыродай. Іншы падыход прапаноўвае Турсевіч, таксама педагог: «Чалавек жыве дзеля дабра, для служэння праўдзе, каб ствараць нейкія вартасці жыцця і каб быць карысным для іншых». Андрэй Лабановіч мае і сваё меркаванне на гэты конт.

Згаданы герой працуе сумленна, старанна, імкнецца па-сапраўднаму адукаваць давераных яму вучняў. Гэта відаць і падчас іспытаў. Аўтарам паказана, як па-рознаму вучні падрыхтаваны да экзамену. Найперш на свае веды і ўменні абапіраюцца прадстаўнікі Лабановічавай школы, але побач з імі знаходзяцца і іншыя, некаторыя з якіх чакаюць падказкі ад сваіх настаўнікаў, што нават выліваецца ў махлярства.

Апісанні, а таксама дыялогі і паводзіны галоўнага героя дапамагаюць убачыць яго вобраз цэласна. Андрэй Лабановіч паглыблены ў сябе, змагаецца з сумненнямі. Якуб Колас неаднаразова засяроджвае ўвагу чытача на думках настаўніка: «Перад ім (Лабановічам. — Аўт.) устаў вобраз панны Ядвісі. “Не, брат: не ведаеш ты, чым мне мілая гэтая глуш, ды я табе пра гэта не скажу”, — думаў Лабановіч». Гэта дазваляе аўтару выявіць тую напружаную барацьбу, якая ішла ў сэрцы галоўнага героя. Мы не можам назваць цельшынскага настаўніка і выключна ўзорным, бо ён не змог абмінуць некаторых спакус жыцця. 

Такая акалічнасць, з аднаго боку, выяўляе Андрэя Лабановіча жывым, а з другога — гаворыць пра складанасці, якія выпадаюць на долю маладога чалавека і якія не заўсёды лёгка бывае пераадолець.

Востра стаіць у творы пытанне ўзаемаадносін народа і інтэлігенцыі. Сяляне прытрымліваюцца старых звычаяў і забабонаў, пры гэтым выяўляецца іх мудрасць, маральнасць. Інтэлігенцыя ж, якая, здавалася, павінна фарміраваць пэўныя ідэалы, паказвае сябе не заўсёды з лепшага боку. Напрыклад, Саханюк хоча забраць ссыпку2, якая, паводле дакументаў, належыць яму, але фактычна і згодна з логікай прызначана Лабановічу.

Таксама нельга сказаць, што мясцовае кіраўніцтва добра ставіцца да сялянства. У гэтай сітуацыі неадназначнай выглядае пазіцыя айца Кірыла, які негатыўна выказваецца пра сялян і ў той жа час стараецца ім дапамагаць, шкадуе іх. Аднак памкненні маладога настаўніка палепшыць становішча палешукоў у апаведнасці са сваімі ўяўленнямі пра дабро і зло не заўсёды даюць запланаваны вынік. Калі Лабановіч спрабуе спыніць бойку двух мужыкоў і разабрацца з іх сваркай «цывілізавана», усё завяршаецца паражэннем. Канфлікт не толькі не ліквідуецца, але зноў выбухае з яшчэ большай сілай і мае горшыя, чым звычайна, наступствы.

У творы неаднаразова гучыць слова «глуш», якое адлюстравана нават у назве аповесці. Пры гэтым размова ідзе не толькі пра глуш знешнюю (правінцыяльны край), але і пра глуш у пераносным значэнні (духоўную).

Якуб Колас стварыў у аповесці і цікавыя жаночыя вобразы. Сялянскую мудрасць, падмацаваную цяжкім жыццёвым вопытам, увасабляе бабка Мар’я. Яна стараецца дапамагчы настаўніку, падказаць
яму лепшы спосаб выхаду з сітуацыі. Бабка Мар’я мае і пэўны аўтарытэт у вяскоўцаў: яна ўмее шаптаць. 

Не пакідае абыякавым Андрэя Лабановіча старэйшая дачка пана падлоўчага Ядвіся, якую аўтар апісвае наступным чынам: «Габрыня  зараз жа выйшла і хутка вярнулася з сястрой, стройнаю чарняваю дзяўчынаю, гадоў шаснаццаці, з тонкімі, прыгожа абрысаванымі брывамі. Выраз яе цёмных акруглых вачэй часта змяняўся: то ў іх іскрыўся вясёлы смех і нахіл да жартлівасці, то адбівалася нейкае засмучэнне і тая сталасць, што рабіла ўражанне, быццам дзяўчына многа перадумала і перажыла».

Сапраўды, лёс Ядвісі быў не самы просты. Яе бацька быў жорсткім чалавекам, яна страціла маці. Узаемаадносіны Ядвісі і Лабановіча выглядаюць даволі рамантычна, але ў выніку маладыя людзі не звязваюць свае лёсы.

Таксама выклікалі цікавасць у маладога настаўніка завітанкаўская прыгажуня панна Людміла і спакойная сталая панна Марына. Але для героя Ядвіся застаецца «найпрыгажэйшай кветкай Палесся». Пачуцці да яе — адна з прычын, што падштурхоўваюць Андрэя Лабановіча з’ехаць з Цельшына.

________________________
1 Тапо´нім — назва пэўнага геаграфічнага аб’екта (вёскі, горада, ракі, гары); 
мікратапо´нім — від тапоніма, які называе мясцовы аб’ект унутры тапоніма (балота, луг, возера, ставок, паша).

2 Ссы´пка — тут: сродкі, сабраныя цельшынцамі на ўтрыманне настаўніка.