Цётка
* Біяграфія
Цётка вучылася на Вышэйшых курсах Пятра Лесгафта — і стала добрай медсястрой і масажысткай. Масажам у ліку іншага яна зарабляла на заняткі па акцёрскім майстэрстве. Як актрыса Цётка нават выступала ў тэатры Ігната Буйніцкага. |
Цётка (Алаіза Пашкевіч) нарадзілася 15 ліпеня 1876 года ў фальварку Пешчын (цяпер Шчучынскі раён) у шматдзетнай шляхецкай сям’і.
Пэўны час дзяўчынка выхоўвалася ў бабулі ў фальварку Тарэсін, жыла ў маёнтку Стары Двор. У дзяцінстве будучая пісьменніца пазнаёмілася з народнай творчасцю, навучылася чытаць і пісаць па-польску, займалася з хатнімі настаўнікамі, праяўляла цікавасць і здольнасці да навукі. У 1894 годзе Алаіза Пашкевіч паступіла адразу ў чацвёрты клас прыватнай жаночай гімназіі Веры Прозаравай у Вільні.
У 1902 годзе Цётка атрымала пасведчанне на званне хатняй настаўніцы. Аднак вучобе ўжо тады перашкаджала хвароба — сухоты, якія нагадвалі пра сябе ўсё жыццё.
|
Вялікую ўвагу пісьменніца надавала самаўдасканаленню. Яна вучылася на Вышэйшых курсах П. Лесгафта ў Пецярбургу, якія не завяршыла. Наведвала заняткі ў Ягелонскім (Кракаў) і Львоўскім універсітэтах, збірала матэрыялы для даследавання беларускай батлейкі.
Пісьменніца ўдзельнічала ў гуртку студэнтаў «Круг беларускай народнай прасветы» (Пецярбург), была сябрам партыі «Беларуская рэвалюцыйная грамада», прымала ўдзел у жаночым з’ездзе ў Маскве (1905) як дэлегат ад беларускіх жанчын. Алаіза Пашкевіч мела дачыненне да выдання газет «Наша доля» і «Наша ніва», фактычна была рэдактарам часопіса для моладзі «Лучынка».
Творчасць Цёткі прадстаўлена паэзіяй, прозай і публіцыстыкай. Асобныя вершы паэтэсы былі змешчаны ў нелегальных выданнях «Калядная пісанка на 1904 год» (1903) і «Велікодная пісанка» (1904). У 1906 годзе ўбачылі свет паэтычныя зборнікі «Скрыпка беларуская » і «Хрэст на свабоду». Апошні яскрава адлюстроўвае тагачасныя рэвалюцыйныя настроі. Вершы «Мора», «Хрэст на свабоду », «Пад штандарам» і апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі» выдаваліся асобна — як пракламацыі1.
|
Частку жыцця Цётка правяла ў эмігранцкіх вандроўках, якія былі выкліканы яе грамадска-палітычнай дзейнасцю. Падарожжы натхнілі пісьменніцу на напісанне падарожных нататак «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», «З дарогі».
|
Апавяданні Цёткі даволі разнастайныя па настроі: ад апавядання-закліку «Прысяга над крывавымі разорамі» да поўных пранікнёнага лірызму і філасафічнасці твораў «Асеннія лісты», «Зялёнка», «Міхаська». Вобразы яе празаічных тэкстаў не толькі абагульненыя — рэвалюцыйна настроеная грамада, але і індывідуалізваныя — двое старых, што ў задуменнасці сузіраюць наваколле і асэнсоўваюць хуткаплыннасць жыцця; маладая урсістка, якая жыве надзённымі справамі; хлопчык, які сэрцам адгукаецца на чужы боль, нават калі гэта боль падбітай птушкі.
У вядомых публіцыстычных выступленнях Цёткі — «Шануйце роднае слова!», «Да вясковай моладзі беларускай», «Як нам вучыцца » — уздымаюцца актуальныя для яе сучаснікаў пытанні.
Заўважнай з’явай стала выданне кнігі ў дзвюх частках «Першае чытанне для дзетак беларусаў», у якім Цётка змясціла невялікія тэксты для дзіцячага чытання на беларускай мове. Гэта былі аўтарскія вершы, апавяданні, прыпеўкі, загадкі, казкі, прыказкі.
У 1911 годзе Алаіза Пашкевіч выйшла замуж за інжынера, дзеяча літоўскага сацыял-дэмакратычнага руху Сцяпана (Сцяпонаса) Кайрыса. Пасля змены прозвішча яна змагла вярнуцца ў Беларусь.
У 1915 годзе Цётка працавала ў Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны, займалася арганізацыяй беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні, дапамагала ствараць дзіцячыя прытулкі, даглядала хворых як сястра міласэрнасці.
|
У 1916 годзе Алаіза Пашкевіч прыехала на пахаванне бацькі і засталася на некаторы час ратаваць сваіх блізкіх і землякоў ад тыфу. Дапамагаючы іншым, пісьменніца сама заразілася гэтай хваробай і пайшла з жыцця ў Старым Двары, на радзіме.
|
Уклад у развіццё літаратуры 1. Цётка — адна з самых вядомых беларускіх паэтак2 мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў. Яна падтрымала сфармуляваную Францішкам Багушэвічам канцэпцыю нацыянальнага адраджэння (у Яна Чачота або Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча не было такіх актыўных паслядоўнікаў), пашырыла яго эстэтыку і разам з іншымі аўтарамі-сучаснікамі змагалася за беларускую дзяржаўную ідэю. 2. У беларускай літаратуры ХХ стагоддзя Цётка — адна з пачынальніц жанру дарожнага эсэ (падарожныя нататкі). Ва «Успамінах з паездкі ў Фінляндыю » пісьменніца ўзняла актуальную тэму — Беларусь у свеце і свет для Беларусі. 3. Цётка прынесла ў беларускую паэзію моцную стыхію лірызму, пачуццёвасці, якая абапіралася на вобразы і мастацкія прыёмы фальклору. 4. Героі і гераіні Цёткі траплялі ў сітуацыі на мяжы жыцця і смерці і ў такіх абставінах асэнсоўвалі сваё жыццё (апавяданне «Зялёнка»). Праз некалькі дзесяцігоддзяў творы такога тыпу будуць называць экзістэнцыяльнымі. 5. Цётка стварыла ўзоры сацыяльна-бытавога, алегарычнага, псіхалагічнага і сатырычнага апавяданняў, выкарыстоўвала пры гэтым прыёмы сінтэтычнага пісьма: рэальны сюжэт часта меў сімволіка-алегарычны план, містычныя перажыванні ўпляталіся ў рэалістычныя падзеі. 6. Цётка была аўтарам першых беларускіх чытанак, закладвала асновы методыкі выкладання, падрыхтаваўшы «Першае чытанне для дзетак беларусаў». У 1906 годзе выйшаў «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання», дзе Цётка, магчыма, была адным з аўтараў. 7. Цётка ўдзельнічала ў стварэнні непадцэнзурнага, а потым і легальнага беларускага перыядычнага друку.. |
_____________________________
1 Праклама´цыя — агітацыйны лісток палітычнага зместу; пераважна так называюцца лістоўкі дарэвалюцыйнага часу.
2 Імёны жанчын-пісьменніц паступова вяртаюцца ў літаратуру. У ХІХ стагоддзі пісалі Марыя Косіч (1850—1911) і Зоф’я Манькоўская (1847—1911), знойдзены рукапіс таямнічай Адэлі з Устроні.