Цётка
![]() |
1. Успомніце, што такое публіцыстыка. |
Site: | Профильное обучение |
Course: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Book: | Цётка |
Printed by: | Guest user |
Date: | Sunday, 16 February 2025, 12:26 PM |
* Біяграфія
Цётка вучылася на Вышэйшых курсах Пятра Лесгафта — і стала добрай медсястрой і масажысткай. Масажам у ліку іншага яна зарабляла на заняткі па акцёрскім майстэрстве. Як актрыса Цётка нават выступала ў тэатры Ігната Буйніцкага. |
Цётка (Алаіза Пашкевіч) нарадзілася 15 ліпеня 1876 года ў фальварку Пешчын (цяпер Шчучынскі раён) у шматдзетнай шляхецкай сям’і.
Пэўны час дзяўчынка выхоўвалася ў бабулі ў фальварку Тарэсін, жыла ў маёнтку Стары Двор. У дзяцінстве будучая пісьменніца пазнаёмілася з народнай творчасцю, навучылася чытаць і пісаць па-польску, займалася з хатнімі настаўнікамі, праяўляла цікавасць і здольнасці да навукі. У 1894 годзе Алаіза Пашкевіч паступіла адразу ў чацвёрты клас прыватнай жаночай гімназіі Веры Прозаравай у Вільні.
У 1902 годзе Цётка атрымала пасведчанне на званне хатняй настаўніцы. Аднак вучобе ўжо тады перашкаджала хвароба — сухоты, якія нагадвалі пра сябе ўсё жыццё.
|
Вялікую ўвагу пісьменніца надавала самаўдасканаленню. Яна вучылася на Вышэйшых курсах П. Лесгафта ў Пецярбургу, якія не завяршыла. Наведвала заняткі ў Ягелонскім (Кракаў) і Львоўскім універсітэтах, збірала матэрыялы для даследавання беларускай батлейкі.
Пісьменніца ўдзельнічала ў гуртку студэнтаў «Круг беларускай народнай прасветы» (Пецярбург), была сябрам партыі «Беларуская рэвалюцыйная грамада», прымала ўдзел у жаночым з’ездзе ў Маскве (1905) як дэлегат ад беларускіх жанчын. Алаіза Пашкевіч мела дачыненне да выдання газет «Наша доля» і «Наша ніва», фактычна была рэдактарам часопіса для моладзі «Лучынка».
Творчасць Цёткі прадстаўлена паэзіяй, прозай і публіцыстыкай. Асобныя вершы паэтэсы былі змешчаны ў нелегальных выданнях «Калядная пісанка на 1904 год» (1903) і «Велікодная пісанка» (1904). У 1906 годзе ўбачылі свет паэтычныя зборнікі «Скрыпка беларуская » і «Хрэст на свабоду». Апошні яскрава адлюстроўвае тагачасныя рэвалюцыйныя настроі. Вершы «Мора», «Хрэст на свабоду », «Пад штандарам» і апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі» выдаваліся асобна — як пракламацыі1.
|
Частку жыцця Цётка правяла ў эмігранцкіх вандроўках, якія былі выкліканы яе грамадска-палітычнай дзейнасцю. Падарожжы натхнілі пісьменніцу на напісанне падарожных нататак «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», «З дарогі».
|
Апавяданні Цёткі даволі разнастайныя па настроі: ад апавядання-закліку «Прысяга над крывавымі разорамі» да поўных пранікнёнага лірызму і філасафічнасці твораў «Асеннія лісты», «Зялёнка», «Міхаська». Вобразы яе празаічных тэкстаў не толькі абагульненыя — рэвалюцыйна настроеная грамада, але і індывідуалізваныя — двое старых, што ў задуменнасці сузіраюць наваколле і асэнсоўваюць хуткаплыннасць жыцця; маладая урсістка, якая жыве надзённымі справамі; хлопчык, які сэрцам адгукаецца на чужы боль, нават калі гэта боль падбітай птушкі.
У вядомых публіцыстычных выступленнях Цёткі — «Шануйце роднае слова!», «Да вясковай моладзі беларускай», «Як нам вучыцца » — уздымаюцца актуальныя для яе сучаснікаў пытанні.
Заўважнай з’явай стала выданне кнігі ў дзвюх частках «Першае чытанне для дзетак беларусаў», у якім Цётка змясціла невялікія тэксты для дзіцячага чытання на беларускай мове. Гэта былі аўтарскія вершы, апавяданні, прыпеўкі, загадкі, казкі, прыказкі.
У 1911 годзе Алаіза Пашкевіч выйшла замуж за інжынера, дзеяча літоўскага сацыял-дэмакратычнага руху Сцяпана (Сцяпонаса) Кайрыса. Пасля змены прозвішча яна змагла вярнуцца ў Беларусь.
У 1915 годзе Цётка працавала ў Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны, займалася арганізацыяй беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні, дапамагала ствараць дзіцячыя прытулкі, даглядала хворых як сястра міласэрнасці.
|
У 1916 годзе Алаіза Пашкевіч прыехала на пахаванне бацькі і засталася на некаторы час ратаваць сваіх блізкіх і землякоў ад тыфу. Дапамагаючы іншым, пісьменніца сама заразілася гэтай хваробай і пайшла з жыцця ў Старым Двары, на радзіме.
|
Уклад у развіццё літаратуры 1. Цётка — адна з самых вядомых беларускіх паэтак2 мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў. Яна падтрымала сфармуляваную Францішкам Багушэвічам канцэпцыю нацыянальнага адраджэння (у Яна Чачота або Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча не было такіх актыўных паслядоўнікаў), пашырыла яго эстэтыку і разам з іншымі аўтарамі-сучаснікамі змагалася за беларускую дзяржаўную ідэю. 2. У беларускай літаратуры ХХ стагоддзя Цётка — адна з пачынальніц жанру дарожнага эсэ (падарожныя нататкі). Ва «Успамінах з паездкі ў Фінляндыю » пісьменніца ўзняла актуальную тэму — Беларусь у свеце і свет для Беларусі. 3. Цётка прынесла ў беларускую паэзію моцную стыхію лірызму, пачуццёвасці, якая абапіралася на вобразы і мастацкія прыёмы фальклору. 4. Героі і гераіні Цёткі траплялі ў сітуацыі на мяжы жыцця і смерці і ў такіх абставінах асэнсоўвалі сваё жыццё (апавяданне «Зялёнка»). Праз некалькі дзесяцігоддзяў творы такога тыпу будуць называць экзістэнцыяльнымі. 5. Цётка стварыла ўзоры сацыяльна-бытавога, алегарычнага, псіхалагічнага і сатырычнага апавяданняў, выкарыстоўвала пры гэтым прыёмы сінтэтычнага пісьма: рэальны сюжэт часта меў сімволіка-алегарычны план, містычныя перажыванні ўпляталіся ў рэалістычныя падзеі. 6. Цётка была аўтарам першых беларускіх чытанак, закладвала асновы методыкі выкладання, падрыхтаваўшы «Першае чытанне для дзетак беларусаў». У 1906 годзе выйшаў «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання», дзе Цётка, магчыма, была адным з аўтараў. 7. Цётка ўдзельнічала ў стварэнні непадцэнзурнага, а потым і легальнага беларускага перыядычнага друку.. |
_____________________________
1 Праклама´цыя — агітацыйны лісток палітычнага зместу; пераважна так называюцца лістоўкі дарэвалюцыйнага часу.
2 Імёны жанчын-пісьменніц паступова вяртаюцца ў літаратуру. У ХІХ стагоддзі пісалі Марыя Косіч (1850—1911) і Зоф’я Манькоўская (1847—1911), знойдзены рукапіс таямнічай Адэлі з Устроні.
* Пытанні
1. Параўнайце звесткі пра Цётку з дакументальнага фільма «Алаіза Пашкевіч (Цётка): урокі жыцця першай беларускай настаўніцы» (2019, рэжысёр Алена Лявай, тэлеканал «Беларусь-3») і з іншых відэа, якія зможаце знайсці. Якую інфармацыю вы лічыце больш верагоднай, праверанай? Якой асобай вам уяўляецца дзяячка беларускага адраджэння? |
|
![]() |
2. У чым заключаецца ўклад Цёткі ў гісторыю беларускай літаратуры? |
* 2–1. У рамане «Віленскія камунары» Максім Гарэцкі напісаў: «Цётка стварала літаратурную беларускую мову і часта запісвала ў свой блакноцік цікавыя беларускія словы ад рабочых». Як гэты факт характарызуе пісьменніцу? Падрыхтуйце да Дня роднай мовы невялікі слоўнік дыялектызмаў вашага рэгіёна, прэзентуйце яго на Тыдні роднай мовы або іншым мерапрыемстве. |
|
3. Разгледзьце вокладку «Першага чытання для дзетак беларусаў». Якую інфармацыю можна з яе атрымаць? |
|
* 4. Чаму, на вашу думку, у пачатку ХХ стагоддзя з’явілася вострая неабходнасць у чытанках на роднай мове і пісьменнікі адгукнуліся на гэту патрэбу? |