Print this chapterPrint this chapter

Цётка

* Біяграфія

Цётка вучылася на Вышэйшых курсах Пятра Лесгафта — і стала добрай медсястрой і масажысткай. Масажам у ліку іншага яна зарабляла на заняткі па акцёрскім майстэрстве. Як актрыса Цётка нават выступала ў тэатры Ігната Буйніцкага.

Цётка (Алаіза Пашкевіч) нарадзілася 15 ліпеня 1876 года ў фальварку Пешчын (цяпер Шчучынскі раён) у шматдзетнай шляхецкай сям’і. 

Пэўны час дзяўчынка выхоўвалася ў бабулі ў фальварку Тарэсін, жыла ў маёнтку Стары Двор. У дзяцінстве будучая пісьменніца пазнаёмілася з народнай творчасцю, навучылася чытаць і пісаць па-польску, займалася з хатнімі настаўнікамі, праяўляла цікавасць і здольнасці да навукі. У 1894 годзе Алаіза Пашкевіч паступіла адразу ў чацвёрты клас прыватнай жаночай гімназіі Веры Прозаравай у Вільні.

У 1902 годзе Цётка атрымала пасведчанне на званне хатняй настаўніцы. Аднак вучобе ўжо тады перашкаджала хвароба — сухоты, якія нагадвалі пра сябе ўсё жыццё.

З успамінаў. «Алёйза Пашкевічанка, вучаніца тады ўжо 7 кляса, абамлела ў часе лекцыі, і школьная лекарка прызнала, што гэта ад недаядання яна гэтак аслабела. <...> Наогул гэты выпадак узварушыў не толькі нас, вучаніц, але і наша начальства. Наша Вера Міхайлаўна мела добрае сэрца і на радзе бацькоў парупілася, каб Алёйзе Пашкевічанцы прызналі стыпендыю, бо яна была вельмі старанная і добра вучылася (плата за навуку была вельмі высокая: 100 рублёў на год, якраз удвая, як у казённай гімназіі — 50 рублёў)» (Юліяна Вітан-Дубейкаўская).

Вялікую ўвагу пісьменніца надавала самаўдасканаленню. Яна вучылася на Вышэйшых курсах П. Лесгафта ў Пецярбургу, якія не завяршыла. Наведвала заняткі ў Ягелонскім (Кракаў) і Львоўскім універсітэтах, збірала матэрыялы для даследавання беларускай батлейкі.

Пісьменніца ўдзельнічала ў гуртку студэнтаў «Круг беларускай народнай прасветы» (Пецярбург), была сябрам партыі «Беларуская рэвалюцыйная грамада», прымала ўдзел у жаночым з’ездзе ў Маскве (1905) як дэлегат ад беларускіх жанчын. Алаіза Пашкевіч мела дачыненне да выдання газет «Наша доля» і «Наша ніва», фактычна была рэдактарам часопіса для моладзі «Лучынка».

Творчасць Цёткі прадстаўлена паэзіяй, прозай і публіцыстыкай. Асобныя вершы паэтэсы былі змешчаны ў нелегальных выданнях «Калядная пісанка на 1904 год» (1903) і «Велікодная пісанка» (1904). У 1906 годзе ўбачылі свет паэтычныя зборнікі «Скрыпка беларуская » і «Хрэст на свабоду». Апошні яскрава адлюстроўвае тагачасныя рэвалюцыйныя настроі. Вершы «Мора», «Хрэст на свабоду », «Пад штандарам» і апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі» выдаваліся асобна — як пракламацыі1.

На словы верша Цёткі «Лета» са зборніка «Скрыпка беларуская» напісана вядомая лірычная песня «Кася» (кампазітар Ігар Лучанок).


Частку жыцця Цётка правяла ў эмігранцкіх вандроўках, якія былі выкліканы яе грамадска-палітычнай дзейнасцю. Падарожжы натхнілі пісьменніцу на напісанне падарожных нататак «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», «З дарогі».

З успамінаў. «Як усе натуры, каторыя працуюць парывамі — выбухова, Цётка пачынала пісаць многа, але даводзіла да канца толькі нязначную частку распачатых прац», — узгадваў арганізатар першых беларускіх газет, беларускі дзеяч Антон Луцкевіч.


Апавяданні Цёткі даволі разнастайныя па настроі: ад апавядання-
закліку «Прысяга над крывавымі разорамі» да поўных пранікнёнага лірызму і філасафічнасці твораў «Асеннія лісты», «Зялёнка», «Міхаська». Вобразы яе празаічных тэкстаў не толькі абагульненыя — рэвалюцыйна настроеная грамада, але і індывідуалізваныя — двое старых, што ў задуменнасці сузіраюць наваколле і асэнсоўваюць хуткаплыннасць жыцця; маладая урсістка, якая жыве надзённымі справамі; хлопчык, які сэрцам адгукаецца на чужы боль, нават калі гэта боль падбітай птушкі.

У вядомых публіцыстычных выступленнях Цёткі — «Шануйце роднае слова!», «Да вясковай моладзі беларускай», «Як нам вучыцца » — уздымаюцца актуальныя для яе сучаснікаў пытанні.

Заўважнай з’явай стала выданне кнігі ў дзвюх частках «Першае чытанне для дзетак беларусаў», у якім Цётка змясціла невялікія тэксты для дзіцячага чытання на беларускай мове. Гэта былі аўтарскія вершы, апавяданні, прыпеўкі, загадкі, казкі, прыказкі.

У 1911 годзе Алаіза Пашкевіч выйшла замуж за інжынера, дзеяча літоўскага сацыял-дэмакратычнага руху Сцяпана (Сцяпонаса) Кайрыса. Пасля змены прозвішча яна змагла вярнуцца ў Беларусь.

У 1915 годзе Цётка працавала ў Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны, займалася арганізацыяй беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні, дапамагала ствараць дзіцячыя прытулкі, даглядала хворых як сястра міласэрнасці.

З успамінаў. Шмат звестак пра знаёмствы Цёткі з беларускімі пісьменнікамі пакінула ва «Успамінах пра Цётку» жонка Янкі Купалы Уладзіслава Луцэвіч: «Аб Цётцы ў Вільні памяталі і часта гаварылі, яе імя стала яшчэ больш папулярным, яе гарачыя вершы пераходзілі з вуснаў у вусны. <...> Элаіза Ажэшка, даведаўшыся, што я звязана з беларускім рухам, вельмі цёпла гаварыла аб Цётцы і аб Янку Купале». З гэтай думкай не пагаджаўся муж Цёткі: «Не заўсёды было ёй лёгка выказаць словамі перажыванні, пачуцці і думкі. Чарнавікі ейных друкаваных твораў паказваюць, што часта патрэбная была марудная праца, пакуль выражаныя думкі знаходзілі сабе адпаведную форму на паперы. Можа, дзеля гэтага Цётка не паспела стварыць гэтулькі, колькі абяцаў ейны, перажываннямі наздзіў багаты, нутраны свет».


У 1916 годзе Алаіза Пашкевіч прыехала на пахаванне бацькі і засталася на некаторы час ратаваць сваіх блізкіх і землякоў ад тыфу. Дапамагаючы іншым, пісьменніца сама заразілася гэтай хваробай і пайшла з жыцця ў Старым Двары, на радзіме.

Напісаны Антонам Луцкевічам некралог, прысвечаны памяці Цёткі, пачынаецца наступнымі словамі: «Яе жыццё — то была безупынная праца для свайго народа. Праца, каторая ёй не магла даць ніякой карысці, апрача пачуцця споўненай павіннасці…».

Уклад у развіццё літаратуры

1. Цётка — адна з самых вядомых беларускіх паэтак2 мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў. Яна падтрымала сфармуляваную Францішкам Багушэвічам канцэпцыю нацыянальнага адраджэння (у Яна Чачота або Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча не было такіх актыўных паслядоўнікаў), пашырыла яго эстэтыку і разам з іншымі аўтарамі-сучаснікамі змагалася за беларускую дзяржаўную ідэю.

2. У беларускай літаратуры ХХ стагоддзя Цётка — адна з пачынальніц жанру дарожнага эсэ (падарожныя нататкі). Ва «Успамінах з паездкі ў Фінляндыю » пісьменніца ўзняла актуальную тэму — Беларусь у свеце і свет для Беларусі.

3. Цётка прынесла ў беларускую паэзію моцную стыхію лірызму, пачуццёвасці, якая абапіралася на вобразы і мастацкія прыёмы фальклору.

4. Героі і гераіні Цёткі траплялі ў сітуацыі на мяжы жыцця і смерці і ў такіх абставінах асэнсоўвалі сваё жыццё (апавяданне «Зялёнка»). Праз некалькі дзесяцігоддзяў творы такога тыпу будуць называць экзістэнцыяльнымі.

5. Цётка стварыла ўзоры сацыяльна-бытавога, алегарычнага, псіхалагічнага і сатырычнага апавяданняў, выкарыстоўвала пры гэтым прыёмы сінтэтычнага пісьма: рэальны сюжэт часта меў сімволіка-алегарычны план, містычныя перажыванні ўпляталіся ў рэалістычныя падзеі.

6. Цётка была аўтарам першых беларускіх чытанак, закладвала асновы методыкі выкладання, падрыхтаваўшы «Першае чытанне для дзетак беларусаў». У 1906 годзе выйшаў «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання», дзе Цётка, магчыма, была адным з аўтараў.

7. Цётка ўдзельнічала ў стварэнні непадцэнзурнага, а потым і легальнага беларускага перыядычнага друку..

_____________________________

1 Праклама´цыя — агітацыйны лісток палітычнага зместу; пераважна так называюцца лістоўкі дарэвалюцыйнага часу.

2 Імёны жанчын-пісьменніц паступова вяртаюцца ў літаратуру. У ХІХ стагоддзі пісалі Марыя Косіч (1850—1911) і Зоф’я Манькоўская (1847—1911), знойдзены рукапіс таямнічай Адэлі з Устроні.