Беларуская літаратура пачатку ХХ стагоддзя
* Уводзіны
Беларуская літаратура пачатку ХХ стагоддзя развівалася на фоне рэвалюцыйных падзей 1905—1907 і 1917 гадоў, Першай сусветнай (1914—1918) і польска-савецкай (1919—1921) войнаў, якія непасрэдна закранулі беларускія землі. У гэты час адбывалася фарміраванне класічных асноў беларускай літаратуры ХХ—ХХІ стагоддзяў. Творчы шлях пачыналі прызнаныя майстры слова — Максім Багдановіч, Алесь Гарун, Максім Гарэцкі, Якуб Колас, Янка Купала, Вацлаў Ластоўскі, Цётка, Ядвігін Ш. і інш.
Навукоўцы гавораць. «У перыяд “нашаніўства” творцы… самарэалізоўваліся не толькі як паэты, празаікі, драматургі, але і як мысляры, філосафы, якія асэнсоўвалі лёс і перспектывы Беларусі» (Пятро Васючэнка). |
Аўтары, з аднаго боку, адчувалі непарыўную сувязь з беларускімі творцамі ХІХ стагоддзя. У прадмове да свайго зборніка «Скрыпка беларуская» Цётка (пад псеўданімам Гаўрыла з Полацка) пісала: «Прачытаўшы тую “Дудку”, я сказаў: “Дзякуй табе, Мацей Бурачок! Чэсць і слава тваему слову! А ты, “Дудка”, грай і мне голас дай!”».
З другога боку, на літаратараў уплывалі руская і польская літаратуры, а таксама ўвесь еўрапейскі літаратурны працэс. Услед за папярэднікамі пісьменнікі працягвалі традыцыі рэалізму і рамантызму, разам з тым звярталіся і да ідэй мадэрнізму.
Вялікае значэнне для беларускай літаратуры мела арганізацыя беларускамоўнага перыядычнага друку, у якім вылучалася газета «Наша ніва». Развівалася таксама выдавецкая дзейнасць (суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» (Пецярбург), «Беларускае выдавецкае таварыства» (Вільня), выдавецтва Антона Грыневіча (Пецярбург), «Наша хата» (Вільня), «Мінчук» (Мінск) і інш.). З’явіліся і выданні, прызначаныя непасрэдна для дзяцей («Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі, «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Якуба Коласа і інш.).