Print bookPrint book

Беларуская літаратура пачатку ХХ стагоддзя

1. Узгадайце найбольш значныя гістарычныя падзеі пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі і свеце.
2. Якія беларускія пісьменнікі працавалі ў гэты час? Якія іх творы вы чыталі?

Site: Профильное обучение
Course: Беларуская літаратура. 10 клас
Book: Беларуская літаратура пачатку ХХ стагоддзя
Printed by: Guest user
Date: Tuesday, 3 December 2024, 1:47 PM

* Уводзіны

Беларуская літаратура пачатку ХХ стагоддзя развівалася на фоне рэвалюцыйных падзей 1905—1907 і 1917 гадоў, Першай сусветнай (1914—1918) і польска-савецкай (1919—1921) войнаў, якія непасрэдна закранулі беларускія землі. У гэты час адбывалася фарміраванне класічных асноў беларускай літаратуры ХХ—ХХІ стагоддзяў. Творчы шлях пачыналі прызнаныя майстры слова — Максім Багдановіч, Алесь Гарун, Максім Гарэцкі, Якуб Колас, Янка Купала, Вацлаў Ластоўскі, Цётка, Ядвігін Ш. і інш.

Навукоўцы гавораць. «У перыяд “нашаніўства” творцы… самарэалізоўваліся не толькі як паэты, празаікі, драматургі, але і як мысляры, філосафы, якія асэнсоўвалі лёс і перспектывы Беларусі» (Пятро Васючэнка).

Аўтары, з аднаго боку, адчувалі непарыўную сувязь з беларускімі творцамі ХІХ стагоддзя. У прадмове да свайго зборніка «Скрыпка беларуская» Цётка (пад псеўданімам Гаўрыла з Полацка) пісала: «Прачытаўшы тую “Дудку”, я сказаў: “Дзякуй табе, Мацей Бурачок! Чэсць і слава тваему слову! А ты, “Дудка”, грай і мне голас дай!”». 

З другога боку, на літаратараў уплывалі руская і польская літаратуры, а таксама ўвесь еўрапейскі літаратурны працэс. Услед за папярэднікамі пісьменнікі працягвалі традыцыі рэалізму і рамантызму, разам з тым звярталіся і да ідэй мадэрнізму.

Вялікае значэнне для беларускай літаратуры мела арганізацыя беларускамоўнага перыядычнага друку, у якім вылучалася газета «Наша ніва». Развівалася таксама выдавецкая дзейнасць (суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» (Пецярбург), «Беларускае выдавецкае таварыства» (Вільня), выдавецтва Антона Грыневіча (Пецярбург), «Наша хата» (Вільня), «Мінчук» (Мінск) і інш.). З’явіліся і выданні, прызначаныя непасрэдна для дзяцей («Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі, «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Якуба Коласа і інш.).

Значэнне перыядычных выданняў пачатку ХХ стагоддзя для развіцця літаратуры

Першая легальная газета на беларускай мове «Наша доля» пачала выходзіць з верасня 1906 года ў Вільні. Прызначалася для сельскага і гарадскога люду. Мела рэвалюцыйна-дэмакратычны напрамак. Выпуск нумароў суправаджаўся судовымі канфліктамі і забаронамі. Усяго чытачам прадставілі 6 нумароў (усе — за 1906 год). У студзені 1907 года работа выдання была спынена. 

«Наша ніва» выдавалася з лістапада 1906 года да жніўня 1915 года ў Вільні. Газета выконвала асветніцкія мэты, знаёміла з падзеямі тагачаснага жыцця і гісторыяй Беларусі, спрыяла нацыянальна-культурнаму адраджэнню, друкавала шматлікія творы беларускіх аўтараў. Перыядычнае выданне стала цэнтрам літаратурнага жыцця, згуртавала вакол сябе творчыя сілы, адкрыла шлях у літаратуру Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу, Максіму Гарэцкаму і інш. Літаратараў, якія супрацоўнічалі з газетай «Наша ніва», часта называюць нашаніўцамі, а адпаведны перыяд існавання літаратуры — нашаніўскім. 

Таксама ў пачатку ХХ стагоддзя выходзілі часопісы «Саха», «Лучынка», альманах «Маладая Беларусь», газеты «Беларус», «Гоман » і інш.

* Паэзія. Проза

Паэзія

У паэтычнай творчасці аўтары звычайна адштурхоўваліся ад набыткаў фальклору, абапіраліся на традыцыйныя прынцыпы і прыёмы вершаскладання. Паэты падымалі пытанні абуджэння нацыянальнай свядомасці, адраджэння культуры, цяжкай долі селяніна
і інш. У творах нярэдка прасочвалася пэўная публіцыстычнасць, прысутнічалі заклікі да змагання за будучыню. У паэзіі ярка праявілі сябе Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Канстанцыя Буйло, Цётка, Алесь Гарун і інш.

Асаблівае месца ў літаратурным працэсе пачатку ХХ стагоддзя займаюць творы Янкі Купалы і Якуба Коласа. У іх ёсць і гераічны аповед пра лёс беларусаў, і энцыклапедыя народнага жыцця, і пошук беларусамі страчанай Бацькаўшчыны, і трагічны разлад паміж народам і яго элітай, і асэнсаванне нацыянальнага мастацтва. За некалькі гадоў яны стварылі той народны эпас, які ў іншых народаў пісаўся стагоддзямі, і сталі класікамі беларускай літаратуры. 

У кожнай нацыі эпасы як нацыяўтваральныя тэксты і акумулятары калектыўнага вопыту ўзнікалі адпаведна часу фарміравання народа. У французаў гэта «Песня пра Раланда», у немцаў — «Песня пра Нібелунгаў», у шатландцаў — «Песні Асіяна» (тэкст быў насамрэч фальсіфікацыяй, зробленай Джэймсам Макферсанам). Аўтара папулярнага ў ХІХ стагоддзі «Слова пра паход Ігараў» таксама падазравалі ў падробцы. «Песнямі Асіяна» і «Словам пра паход Ігараў» натхніліся чэхі, і некалькі аўтараў таемна напісалі нібыта старажытныя чэшскія эпасы «Краледворскі рукапіс» і «Зеленагорскі рукапіс». Мэта гэтай фальсіфікацыі — зрабіць больш старажытнай чэшскую гісторыю. І хоць падман быў раскрыты, тэксты сталі для маладой чэшскай інтэлігенцыі адным з нацыянальных фундаментаў. У беларускай культуры такую аб’яднаўчую функцыю эпасу выканалі паэмы Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Беларускія аўтары пачатку ХХ стагоддзя актыўна карысталіся псеўданімамі. У аднаго пісьменніка іх колькасць магла налічваць дзясяткі (напрыклад, у Якуба Коласа).

Многія псеўданімы былі падкрэслена народнымі: Алаіза Пашкевіч — Цётка, Людвіка Сівіцкая — Зоська Верас. Жанчыны часам хаваліся пад мужчынскімі псеўданімамі: Канстанцыя Буйло — Эдвард Буйло (падпісвалася імем брата), Алаіза Пашкевіч — Мацей Крапіўка, Банадысь Асака, Гаўрыла з Полацка і інш.

Проза

Празаікі пачатку ХХ стагоддзя працавалі, як правіла, у малых жанрах. Сваімі тэкстамі творцы пашыралі палітру беларускага апавядання, казкі, навелы (Ядвігін Ш., Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Цішка Гартны і інш.). Пісьменнікі сярод іншага ўздымалі праблемы
нацыянальна-культурнага адраджэння, Першай сусветнай вайны, жыцця вёскі (Максім Гарэцкі, Вацлаў Ластоўскі і інш.). 

Паступова пашырылася колькасць жанравых форм беларускага апавядання: з’явіліся сацыяльна-бытавыя, гумарыстычныя і псіхалагічныя навелы, навелы-прытчы, алегорыі, імпрэсіі, абразкі.

* Драматургія. Крытыка

Драматургія.

Адбывалася станаўленне беларускага прафесійнага тэатра, якое звычайна звязваецца з імёнамі Францішка Аляхновіча, Ігната Буйніцкага і Уладзіслава Галубка. У 1917 годзе арганізацыйна аформілася Першае беларускае таварыства драмы і камедыі.

Драматургічныя творы пісалі Францішак Аляхновіч («На Антокалі»), Уладзіслаў Галубок («Пісаравы імяніны »), Максім Гарэцкі («Антон»), Карусь Каганец («Модны шляхцюк»), Янка Купала («Паўлінка», «Раскіданае гняздо») і інш.

12 лютага 1910 года ў Вільні адбылася так званая Першая беларуская вечарына, якую даследчыкі часта называюць пунктам адліку дзейнасці прафесійнага нацыянальнага тэатра.

Крытыка.

Набірала сілу і літаратурная крытыка, чаму садзейнічала з’яўленне легальных перыядычных выданняў на беларускай мове. Публікаваліся рэцэнзіі, агляды, палемічныя артыкулы
і інш. У крытыцы праявілі сябе Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Сяргей Палуян.

У 1913 годзе на старонках газеты «Наша ніва» разгарнулася дыскусія, прысвечаная абмеркаванню шляхоў развіцця беларускай літаратуры. Кола пытанняў было сфармулявана Вацлавам Ластоўскім, які пад псеўданімам Юрка Верашчака апублікаваў артыкул «Сплачвайце доўг».

Аўтар дакараў пісьменнікаў за тое, што іх творы прасякнуты матывамі тугі, смутку, жалю, расчаравання, нараканнямі на цяжкі лёс, падкрэсліваў, што сучасныя яму творцы не бачаць прыгажосці роднага краю, пазітыўных момантаў жыцця селяніна, не дапамагаюць яму шукаць шляхі да светлай будучыні. У адказ Юрку Верашчаку з’явіўся артыкул, падпісаны псеўданімам Адзін з «парнаснікаў». Мяркуецца, што за ім хаваўся Янка Купала, але існуюць і іншыя версіі (гэты тэкст, напрыклад, мог напісаць і сам Вацлаў Ластоўскі). Аўтар адказу тлумачыў сумную танальнасць беларускай песні гістарычнымі і грамадска-палітычнымі абставінамі, але выказваў упэўненасць, што беларускі народ памкнецца да новага жыцця і будзе апяваць багацце і красу сваёй Бацькаўшчыны.

Фактычна ўсе, хто ўдзельнічаў у дыскусіі, абмяркоўвалі філасофскую канцэпцыю мастацтва, яго прызначэнне, далейшае развіццё нацыянальна-самабытнай літаратуры. Яны задаваліся пытаннем: мастацтва павінна выяўляць найперш негатыўныя з’явы рэчаіснасці або паказваць увесь спектр жыцця, у тым ліку ідэальныя і духоўныя яго аспекты?

У гэты час даволі імкліва пачала ўзбагачацца скарбонка беларускамоўных тэкстаў. Пісьменнікі адлюстроўвалі ў сваёй творчасці Тэатральная трупа Ігната Буйніцкага пасля выступлення (1912) нацыянальнае і агульначалавечае, гістарычнае і пазачасавае, звярталіся да розных жанраў і стыляў, увасаблялі вобразы і матывы роднай зямлі, шляху, адраджэння, самаахвярнасці і г. д.

 Дыскусія на старонках газеты «Наша ніва» ў 1913 годзе пра шляхі развіцця беларускай літаратуры (урыўкі з артыкулаў)

«Маё штодзённае жыццё шэрае і цяжкае, і я хачу з вашых твораў навучыцца бачыць каля сябе красу, каторую я чую, што яна ёсць, але мая душа не так чутка, каб улавіць яе.

Я прывык глядзець на паэта, як на памазанніка Божага, як на прарока, і дзеля гэтага рука мая ніколі не памкнулася ўзяцца за пяро, каб накідаць вершы, бо я ў душы сваёй чуюся нягодным гэтага высокага імені. Але вы, каторыя пачуваецеся на сілах даць красу, даць мысль, паднімаць і вясці душы, чаму не выпаўняеце свайго пасланніцтва, чаму маўчыце, калі забіваюць у душах — незапісаных картах красу, чаму не вучыце нас любіць і разумець гоман бору, плеск вады ў сонцы, задуму змеркаў, яснату ўсходаў, — чаму не распаляеце душ нашых пажарам любові, не сыпіце чырвонцаў у жар гэты?

Плакаць і сыпаць словамі сцёртымі, як дробная медзяная манета, як бачыце, і я ўмею, і гэтага з мяне годзе, але за вамі, калі вы не апраўдаеце паложаных на вас надзей, народ будзе лічыць доўг, і доўг гэты будзе чысліцца за вамі давеку» (Юрка Верашчака. «Сплачвайце доўг» («Наша ніва», 1913, № 26—27)).

«Невясёлая цяпершчына не магла настроіць у вясёлы тон думку паэты. Душа яго лунала над бацькаўшчынай, як над безгранічным абшарам, дзе пошасць і пажары аставілі на зямлі груды непахаваных касцей, а неба — пачарнеўшае ад дыму. Мінуўшчыну ўспамінаць — гэта ўспамінаць паншчыну, бо нашае свабоднае жыццё, калі гудзелі вечавыя званы, прыдавіла чуць не паўтузіна (шэсць. — Аўт.) сталеццяў. Углыбіцца ў народныя песні? Праўда, у іх ёсць хараство яшчэ некратанае, але так жа сумна-плачлівае, як доля беларуса, як шум пушчы ўвосень, і калі прабіваецца вясёлая нотка, то толькі ў песнях карчомных, бяседных. Скажаце: сягаць у будучыню. Але народ, каторы не знайшоў яшчэ веры ў сябе, ці ж захоча паверыць у казкі аб будучыні? І паэта воляй-няволяй не можа абмінаць і замоўчваць цяперашняга жыцця. Не да пацераў, калі хата гарыць.

Такім вось парадкам не магла не злажыцца, трохі, можа, і залішне наракаючая на цяжкую людскую долю, наша сучасная песня; але яна вечна такой не будзе, як і народ жывы вечна не будзе спаць мёртвым сном.
<…>

Астаецца нам толькі адна вера ў тое, што не за гарамі ўжо той час, калі ўзбудзіцца наш беларускі народ, як адзін, к новаму, светламу жыццю, а яго паэты-прарокі настрояць струны сваіх думак на іншы лад: будуць пяяць аб вялікім багацці і красе сваёй бацькаўшчыны і аб вялікіх радасцях яе верных сыноў.

Думка паэты вольная, як вецер, і безгранічная, як даль гэта ўсясветная, сэрца яго напоўнена вечным мілаваннем к бліжняму, як сонца вечным цяплом і святлом, а душа яго глыбокая, як гэта мора-акіян, у глыбінах каторага крыюцца багатыя, недасціглыя чалавечаму воку скарбы. З гэтага святла і агню, што палае ў сэрцы, і з гэтых скарбаў, што крыюцца ў глыбіні душы яго, патрапіць паэта свабоднай думкай дабыць усе хараствы свету і ўсе асалоды жыцця людскога на гэтым свеце і перадаць усё гэта ў бяссмертнай песні свайму народу. Толькі вы, празаікі, устрайвайце хутчэй матэрыяльны быт гэтага народа паводле Божых і чалавечых праўд і законаў» (Адзін з «парнаснікаў». «Чаму плача песня наша? (Адказ Юрцы Верашчаку)» («Наша ніва», 1913, № 30)).

* Пытанні

1. Што паўплывала на развіццё беларускай літаратуры ў пачатку ХХ стагоддзя?
2. Якую ролю ў развіцці тагачаснай беларускай літаратуры адыграў перыядычны друк?
3. Хто са славутых беларускіх аўтараў пачаў творчы шлях у нашаніўскі перыяд?
4. Акрэсліце тэндэнцыі ў развіцці паэзіі, прозы і драматургіі пачатку ХХ стагоддзя.
5. Назавіце вядучыя тэмы ў паэзіі Якуба Коласа і Янкі Купалы пачатку ХХ стагоддзя.
Якія з іх застаюцца актуальнымі ў наш час?
6. Чаму для беларускай прозы вывучанага перыяду характэрны ў асноўным малыя жанры?
Як іх развіццё ўплывае на ўзнікненне буйных форм (аповесці, рамана)?
7. Чаму ў пачатку мінулага стагоддзя пісьменнікі часта карысталіся псеўданімамі?
*7–1. Раскрыйце сутнасць дыскусіі пра шляхі развіцця беларускай літаратуры, што разгарнулася на старонках газеты «Наша ніва» ў 1913 годзе.
Якія супрацьлеглыя пазіцыі вы можаце вылучыць?
8. Разгледзьце фотаздымак беларускай тэатральнай трупы, зроблены ў 1912 годзе.
Карыстаючыся даведачнымі крыніцамі, устанавіце, ці можна назваць яго «Пасля выступлення Першага беларускага таварыства драмы і камедыі».
9. У пачатку ХХ стагоддзя беларуская літаратура развівалася паскорана, засвойваючы за лічаныя гады тое, на што ў іншых былі дзесяцігоддзі.
Чаму, на вашу думку, наша літаратура развівалася паскорана ў параўнанні з іншымі?
Якія падзеі запавольвалі яе станаўленне ў ХІХ стагоддзі?
10. Пазнаёмцеся са свежым нумарам сучаснага беларускага перыядычнага выдання, прысвечанага мастацкай літаратуры (ЛіМ, «Маладосць», «Полымя»).
Зрабіце яго вусны агляд.
Параўнайце тэматыку разгледжанага вамі нумара з тэматыкай газеты «Наша ніва» ў 1906—1915 гадах.
11. Абапіраючыся на набытыя веды, стварыце самастойны электронны макет першай паласы газеты, прысвечанай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя.
Прадумайце, якімі будуць назва і дэвіз выдання, хто стане яго мэтавай аўдыторыяй, якія знакавыя творы і крытычныя артыкулы варта размясціць, якія выявы лепш выкарыстаць.
У асобную калонку прапануйце літаратурную творчасць сваіх аднакласнікаў.