Беларуская літаратура пачатку ХХ стагоддзя

* Паэзія. Проза

Паэзія

У паэтычнай творчасці аўтары звычайна адштурхоўваліся ад набыткаў фальклору, абапіраліся на традыцыйныя прынцыпы і прыёмы вершаскладання. Паэты падымалі пытанні абуджэння нацыянальнай свядомасці, адраджэння культуры, цяжкай долі селяніна
і інш. У творах нярэдка прасочвалася пэўная публіцыстычнасць, прысутнічалі заклікі да змагання за будучыню. У паэзіі ярка праявілі сябе Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Канстанцыя Буйло, Цётка, Алесь Гарун і інш.

Асаблівае месца ў літаратурным працэсе пачатку ХХ стагоддзя займаюць творы Янкі Купалы і Якуба Коласа. У іх ёсць і гераічны аповед пра лёс беларусаў, і энцыклапедыя народнага жыцця, і пошук беларусамі страчанай Бацькаўшчыны, і трагічны разлад паміж народам і яго элітай, і асэнсаванне нацыянальнага мастацтва. За некалькі гадоў яны стварылі той народны эпас, які ў іншых народаў пісаўся стагоддзямі, і сталі класікамі беларускай літаратуры. 

У кожнай нацыі эпасы як нацыяўтваральныя тэксты і акумулятары калектыўнага вопыту ўзнікалі адпаведна часу фарміравання народа. У французаў гэта «Песня пра Раланда», у немцаў — «Песня пра Нібелунгаў», у шатландцаў — «Песні Асіяна» (тэкст быў насамрэч фальсіфікацыяй, зробленай Джэймсам Макферсанам). Аўтара папулярнага ў ХІХ стагоддзі «Слова пра паход Ігараў» таксама падазравалі ў падробцы. «Песнямі Асіяна» і «Словам пра паход Ігараў» натхніліся чэхі, і некалькі аўтараў таемна напісалі нібыта старажытныя чэшскія эпасы «Краледворскі рукапіс» і «Зеленагорскі рукапіс». Мэта гэтай фальсіфікацыі — зрабіць больш старажытнай чэшскую гісторыю. І хоць падман быў раскрыты, тэксты сталі для маладой чэшскай інтэлігенцыі адным з нацыянальных фундаментаў. У беларускай культуры такую аб’яднаўчую функцыю эпасу выканалі паэмы Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Беларускія аўтары пачатку ХХ стагоддзя актыўна карысталіся псеўданімамі. У аднаго пісьменніка іх колькасць магла налічваць дзясяткі (напрыклад, у Якуба Коласа).

Многія псеўданімы былі падкрэслена народнымі: Алаіза Пашкевіч — Цётка, Людвіка Сівіцкая — Зоська Верас. Жанчыны часам хаваліся пад мужчынскімі псеўданімамі: Канстанцыя Буйло — Эдвард Буйло (падпісвалася імем брата), Алаіза Пашкевіч — Мацей Крапіўка, Банадысь Асака, Гаўрыла з Полацка і інш.

Проза

Празаікі пачатку ХХ стагоддзя працавалі, як правіла, у малых жанрах. Сваімі тэкстамі творцы пашыралі палітру беларускага апавядання, казкі, навелы (Ядвігін Ш., Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Цішка Гартны і інш.). Пісьменнікі сярод іншага ўздымалі праблемы
нацыянальна-культурнага адраджэння, Першай сусветнай вайны, жыцця вёскі (Максім Гарэцкі, Вацлаў Ластоўскі і інш.). 

Паступова пашырылася колькасць жанравых форм беларускага апавядання: з’явіліся сацыяльна-бытавыя, гумарыстычныя і псіхалагічныя навелы, навелы-прытчы, алегорыі, імпрэсіі, абразкі.