§ 7-2. Вобразна-выяўленчыя магчымасці фанетыкі беларускай мовы (гукапіс, асананс, алітарацыя)

Практыкаванне № 75-10

Прачытайце верш М. Багдановіча «Завіруха» няспешна, удумліва, каб адчуць музыку твора, спасцігнуць асаблівасці гукапісу.
Паслухайце гэты і іншыя творы паэта ў выкананні артыстаў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (праект «Чытаем Багдановіча разам» на сайце тэатра: rtbd.by/bahdanovich125).
Як алітарацыя  ўзмацняе гукавую і інтанацыйную выразнасць карціны зімовай непагадзі?
Паўтор якіх гукаў перадае дынамізм, імклівасць, сілу ветру?

Завіруха

У бубны дахаў вецер б’е,
Грыміць па імзвініцьпяе,
І спеў ліецца ўсё мацней, —
Гулянку справіў пан Падвей.
У бубны дахаў вецер б’е,
Грыміць па ім, звініць, пяе.
Ускіпела снежнае віно,
І белай пенай мкне яно.
У бубны дахаў вецер б’е,
Грыміць па ім, звініць, пяе,
Па вулках вее дзікі хмель,
Гудзіць сп’янелая мяцель.
У бубны дахаў вецер б’е,
Грыміць па ім, звініць, пяе.

                                          М. Багдановіч.

Якая роля паўтораў у вершы?

Вызначце фанетыка-арфаэпічныя асаблівасці выдзеленых слоў.
• Выпішыце дзеясловы з верша. Дайце ім трывальна-часавую характарыстыку. Зрабіце марфемны і марфалагічны разбор аднаго з іх. Якая вобразна-выяўленчая нагрузка дзеясловаў у творы?
• Выпішыце з верша просты ўскладнены сказ і зрабіце яго сінтаксічны разбор.