ДАДАТАКІ

ДАДАТАК 1.

Складанне дэмаграфічнага профілю краіны

Тыпавы план.

1. Выберыце са статыстычных даных асноўныя паказчыкі для складання дэмаграфічнага профілю краіны (на выбар) і сярэднесусветныя значэнні:
– колькасць насельніцтва, млн;
– агульны каэфіцыент нараджальнасці, ‰;
– агульны каэфіцыент смяротнасці, ‰;
– агульны каэфіцыент натуральнага прыросту/змяншэння, ‰;
– доля насельніцтва ва ўзросце да 15 гадоў, %;
– доля насельніцтва ва ўзросце старэй за 65 гадоў, %;
– каэфіцыент сальда міграцыі, ‰.

Крыніца даных: Афіцыйны сайт Даведачнага бюро па пытаннях народанасельніцтва.

Даныя запішыце ў табліцу ў сшытку.

2. Пабудуйце ў сшытку для практычных і індывідуальных работ макет дэмаграфічнага профілю — справа і злева начарціце восі Y і злучыце іх воссю Х. Для кожнага дэмаграфічнага паказчыка пабудуйце асобную вось Y. Усяго павінна быць сем восей Y.

Злева адлюструйце восі Y для паказчыкаў колькасці насельніцтва і натуральнага руху, справа — для ўзроставай структуры і міграцыі. Вертыкальныя маштабы для кожнага паказчыка выберыце адвольна.

3. Падпішыце адзінкі вымярэння на восях Y.

4. Пабудуйце на атрыманым макеце слупковыя дыяграмы для кожнага паказчыка і падпішыце назву малюнка.

Дэмаграфічны профіль 

 

назва краіны

5. На гэтай жа дыяграме пабудуйце графік сярэднесусветных дэмаграфічных паказчыкаў.

6. Параўнайце асноўныя дэмаграфічныя паказчыкі абранай краіны з сярэднесусветнымі значэннямі і запішыце ў табліцу ў сшытку.