§ 29. ГЕАГРАФІЯ ФІНАНСАВЫХ ПАСЛУГ У СВЕЦЕ

Міжнародныя фінансавыя арганізацыі і іх роля ў развіцці сусветнай гаспадаркі. Фарміраванне міжнародных фінансавых рынкаў, іх інтэрнацыяналізацыя, інтэграцыйныя працэсы ў гандлі капіталамі запатрабавалі стварэння міжнародных фінансавых арганізацый.

Міжнародная фінансавая сістэма была сфарміравана адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Менавіта тады былі створаны дзве ключавыя арганізацыі ў галіне міжнародных фінансавых адносін — Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця (МБРР, International Bank for Reconstruction and Development) і Міжнародны валютны фонд (МВФ, International Monetary Found). Іх стварэнне было абумоўлена неабходнасцю аднаўлення эканомік Еўропы пасля Другой сусветнай вайны і пашырэння фінансавага супрацоўніцтва краін з мэтай выпрацоўкі найбольш аптымальнага шляху пераадолення фінансавых праблем.

Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця (мал. 201) пачаў функцыянаваць у 1946 г. Першапачаткова яго мэтай было стымуляванне інвестыцый у краіны Заходняй Еўропы. Да канца 1950-х гг. МБРР стаў ажыццяўляць інвестыцыі ў іншыя рэгіёны — Паўднёва-Усходнюю Азію, Лацінскую Амерыку. Акрамя інвестыцый ён таксама спрыяе развіццю міжнароднага гандлю, публікуе знешнеэканамічную статыстыку. МБРР бачыць сваю мэту ў прыцягненні прыватных інвестыцый у інфраструктуру і галіны прамысловай вытворчасці, у тыя галіны, куды прыватны капітал ідзе звычайна не вельмі актыўна. З 1990-х гг. МБРР займаецца праблемай урэгулявання знешніх даўгоў краін, якія развіваюцца.

Міжнародны валютны фонд (мал. 202) пачаў сваю дзейнасць у 1947 г. Ён быў створаны для садзейнічання развіццю сусветнага гандлю і валютнага супрацоўніцтва. МВФ дае крэдыты пры дэфіцыце плацежнага балансу дзяржавы шляхам продажу замежнай валюты за нацыянальную валюту асобных дзяржаў, рэгулюе валютныя курсы, ліквідуе валютныя абмежаванні і г. д.

Устаўны капітал МВФ фарміруецца за кошт узносаў дзяржаў-членаў. Самай вялікай колькасцю галасоў у МВФ валодаюць ЗША. У апошні час у МВФ адбываюцца працэсы пераразмеркавання квот на карысць краін, якія развіваюцца, і новых індустрыяльна развітых краін. Зараз МВФ адыгрывае актыўную ролю ва ўрэгуляванні глабальнага фінансавага крызісу 2008–2009 гг., дапамагае краінам, якія сутыкнуліся з фінансавымі катаклізмамі. Можна сказаць, што МВФ з’яўляецца своеасаблівым сусветным міністэрствам фінансаў або цэнтральным банкам.

Нараўне з МВФ і МБРР узнік шэраг рэгіянальных фінансавых арганізацый: найбуйнейшая з іх — Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР). Яго задача — ажыццяўляць фінансавую дапамогу дзяржавам Еўропы і перш за ўсё Усходняй Еўропы.