§ 29. ГЕАГРАФІЯ ФІНАНСАВЫХ ПАСЛУГ У СВЕЦЕ

Агульная характарыстыка фінансавых паслуг. Адной з галін сферы паслуг, якія найбольш дынамічна развіваюцца і прыбытковыя, з’яўляюцца фінансавыя паслугі.

Фарміраванне сусветнага рынку капіталаў, пашырэнне рынкаў золата, крэдытаў, валюты, каштоўных папер прывяло да стварэння ў сусветнай гаспадарцы спецыяльных фінансавых устаноў (мал. 198). Асноўнае месца сярод іх займаюць банкі і біржы.

Мал. 199. Найбуйнейшыя банкі свету, 2017 г.

У ХХI ст. з 20 найбуйнейшых банкаў свету сем з’яўляюцца кітайскімі, тры — банкамі ЗША, па два — японскімі і канадскімі. У першую пяцёрку ўваходзяць два кітайскія і тры банкі ЗША (мал. 199). Сярод бірж вылучаюць фондавыя, якія гандлююць каштоўнымі паперамі, і валютныя, прызначаныя для гандлю замежнай валютай.

У свеце цікавага. Правобразы банкаў існавалі ў старажытным Вавілоне, Егіпце і Грэцыі. Функцыю сховішчаў выконвалі палацы і храмы. Улік дабрабыту вялі жрацы. За дабро людзі не баяліся, таму што лічылася, што грошы ў храме абараняюць багі. З развіццём гандлю з’явіліся першыя мянялы. Яны мянялі чужыя грошы па ўстаноўленым курсе на тыя, якія былі прынятыя ў дадзенай мясцовасці. Мянялы былі і першымі крэдыторамі. З такіх абменных кантор і ўтварыліся першыя банкі. Банкі ў сучасным разуменні ўзніклі ў эпоху позняга Сярэдневякоўя. У гэты час у Еўропе зараджаўся капіталізм і рос лік мануфактур. Цэнтрамі гандлю выступалі Генуя, Фларэнцыя і Венецыя, там і з’явіліся першыя банкі. На гарадскіх плошчах актыўна закупляліся ўсходнія тавары і прадаваліся тавары еўрапейскія. Тут жа стаялі мянялы і ліхвяры. Працавалі яны за ўласнымі сталамі. На італьянскай мове слова «стол» гучыць як «банка», адсюль і назва — «банк».