Печатать книгуПечатать книгу

§ 29. ГЕАГРАФІЯ ФІНАНСАВЫХ ПАСЛУГ У СВЕЦЕ

Успамінаем. Да якой групы паслуг адносяцца фінансавыя паслугі? Чаму фінансавыя паслугі з’яўляюцца аднымі з найстарэйшых і самых распаўсюджаных у свеце? Чым можна растлумачыць, што сярод найбуйнейшых ТНК свету знаходзяцца найбуйнейшыя банкі?

Для чаго мы гэта вывучаем? Уявіце сітуацыю, калі вашы знаёмыя плануюць здзейсніць вялікую пакупку, але не маюць усёй сумы грошай. Як вы параіце ім паступіць? Уявіце, што вы назапасілі пэўную суму зберажэнняў і звярнуліся ў банк за недастаючай сумай. Як вы выкарыстаеце свае зберажэнні і на што параіце ўсім звярнуць увагу пры здзяйсненні банкаўскіх аперацый?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 10 клас
Книга: § 29. ГЕАГРАФІЯ ФІНАНСАВЫХ ПАСЛУГ У СВЕЦЕ
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 4 Май 2024, 04:40

Агульная характарыстыка фінансавых паслуг. Адной з галін сферы паслуг, якія найбольш дынамічна развіваюцца і прыбытковыя, з’яўляюцца фінансавыя паслугі.

Фарміраванне сусветнага рынку капіталаў, пашырэнне рынкаў золата, крэдытаў, валюты, каштоўных папер прывяло да стварэння ў сусветнай гаспадарцы спецыяльных фінансавых устаноў (мал. 198). Асноўнае месца сярод іх займаюць банкі і біржы.

Мал. 199. Найбуйнейшыя банкі свету, 2017 г.

У ХХI ст. з 20 найбуйнейшых банкаў свету сем з’яўляюцца кітайскімі, тры — банкамі ЗША, па два — японскімі і канадскімі. У першую пяцёрку ўваходзяць два кітайскія і тры банкі ЗША (мал. 199). Сярод бірж вылучаюць фондавыя, якія гандлююць каштоўнымі паперамі, і валютныя, прызначаныя для гандлю замежнай валютай.

У свеце цікавага. Правобразы банкаў існавалі ў старажытным Вавілоне, Егіпце і Грэцыі. Функцыю сховішчаў выконвалі палацы і храмы. Улік дабрабыту вялі жрацы. За дабро людзі не баяліся, таму што лічылася, што грошы ў храме абараняюць багі. З развіццём гандлю з’явіліся першыя мянялы. Яны мянялі чужыя грошы па ўстаноўленым курсе на тыя, якія былі прынятыя ў дадзенай мясцовасці. Мянялы былі і першымі крэдыторамі. З такіх абменных кантор і ўтварыліся першыя банкі. Банкі ў сучасным разуменні ўзніклі ў эпоху позняга Сярэдневякоўя. У гэты час у Еўропе зараджаўся капіталізм і рос лік мануфактур. Цэнтрамі гандлю выступалі Генуя, Фларэнцыя і Венецыя, там і з’явіліся першыя банкі. На гарадскіх плошчах актыўна закупляліся ўсходнія тавары і прадаваліся тавары еўрапейскія. Тут жа стаялі мянялы і ліхвяры. Працавалі яны за ўласнымі сталамі. На італьянскай мове слова «стол» гучыць як «банка», адсюль і назва — «банк».

Найбуйнейшыя фінансавыя цэнтры свету. Па меры ўзбуйнення банкаў і канцэнтрацыі фінансавай дзейнасці сталі ўзнікаць фінансавыя цэнтры. Яны могуць быць нацыянальнымі і міжнароднымі.

Міжнародны фінансавы цэнтр — гэта цэнтр засяроджвання буйных міжнародных капіталаў і маштабнага правядзення разнастайных міжнародных фінансавых аперацый.

Міжнародныя фінансавыя цэнтры з’яўляюцца сёння ключавымі пляцоўкамі глабальнай фінансавай сістэмы. На іх адбываецца прыцягненне і кіраванне патокамі капіталу з усяго свету. Яны збіраюць і пераразмяркоўваюць па ўсім свеце капіталы і засяроджваюць у сваіх руках найважнейшыя валютныя, крэдытныя, страхавыя і іншыя фінансавыя аперацыі. Агульная колькасць сусветных фінансавых цэнтраў — 96. Такія цэнтры адрозніваюцца па спецыялізацыі прадастаўляемых паслуг, але могуць мець і шырокую структуру.

Мал. 200. Найбуйнейшы банк
Сінгапура HSBC

У сусветнай структуры пераважаюць азіяцкія фінансавыя цэнтры. Найбуйнейшымі сярод іх з’яўляюцца Ганконг, Сінгапур, Токіа, Шанхай і Пекін.

У Еўропе — гэта Лондан, Цюрых і Франкфурт, у Паўночнай Амерыцы — Нью-Ёрк, Таронта, Сан-Францыска. У Афрыцы і на Блізкім Усходзе — Дубай, Абу-Дабі і Касабланка. У Лацінскай Амерыцы — Кайманавы астравы, Бярмуды і Багамы.

Па даных Global Financial Cеnters Index за 2017 г., пяццю найбуйнейшымі фінансавымі цэнтрамі свету з’яўляюцца: Лондан, Нью-Ёрк, Сінгапур (мал. 200), Ганконг і Токіа. У лік новых фінансавых цэнтраў, якія ўключаны ў сусветны рэйтынг, аднесены Астана (Казахстан), Баку (Азербайджан), Нью-Дэлі (Індыя) і Цяньцзінь (Кітай).

Папрацуем з атласам. У якім рэгіёне свету размешчана найбольшая колькасць фінансавых цэнтраў? Растлумачце геаграфію іх з’яўлення.

Свет і Беларусь. Якія банкі ў Рэспубліцы Беларусь вы ведаеце? Чым можна растлумачыць, што ўсе іх галаўныя офісы размешчаны ў сталіцы — г. Мінску? Ці выкарыстоўваюцца ў Беларусі віртуальныя грошы?

Міжнародныя фінансавыя арганізацыі і іх роля ў развіцці сусветнай гаспадаркі. Фарміраванне міжнародных фінансавых рынкаў, іх інтэрнацыяналізацыя, інтэграцыйныя працэсы ў гандлі капіталамі запатрабавалі стварэння міжнародных фінансавых арганізацый.

Міжнародная фінансавая сістэма была сфарміравана адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Менавіта тады былі створаны дзве ключавыя арганізацыі ў галіне міжнародных фінансавых адносін — Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця (МБРР, International Bank for Reconstruction and Development) і Міжнародны валютны фонд (МВФ, International Monetary Found). Іх стварэнне было абумоўлена неабходнасцю аднаўлення эканомік Еўропы пасля Другой сусветнай вайны і пашырэння фінансавага супрацоўніцтва краін з мэтай выпрацоўкі найбольш аптымальнага шляху пераадолення фінансавых праблем.

Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця (мал. 201) пачаў функцыянаваць у 1946 г. Першапачаткова яго мэтай было стымуляванне інвестыцый у краіны Заходняй Еўропы. Да канца 1950-х гг. МБРР стаў ажыццяўляць інвестыцыі ў іншыя рэгіёны — Паўднёва-Усходнюю Азію, Лацінскую Амерыку. Акрамя інвестыцый ён таксама спрыяе развіццю міжнароднага гандлю, публікуе знешнеэканамічную статыстыку. МБРР бачыць сваю мэту ў прыцягненні прыватных інвестыцый у інфраструктуру і галіны прамысловай вытворчасці, у тыя галіны, куды прыватны капітал ідзе звычайна не вельмі актыўна. З 1990-х гг. МБРР займаецца праблемай урэгулявання знешніх даўгоў краін, якія развіваюцца.

Міжнародны валютны фонд (мал. 202) пачаў сваю дзейнасць у 1947 г. Ён быў створаны для садзейнічання развіццю сусветнага гандлю і валютнага супрацоўніцтва. МВФ дае крэдыты пры дэфіцыце плацежнага балансу дзяржавы шляхам продажу замежнай валюты за нацыянальную валюту асобных дзяржаў, рэгулюе валютныя курсы, ліквідуе валютныя абмежаванні і г. д.

Устаўны капітал МВФ фарміруецца за кошт узносаў дзяржаў-членаў. Самай вялікай колькасцю галасоў у МВФ валодаюць ЗША. У апошні час у МВФ адбываюцца працэсы пераразмеркавання квот на карысць краін, якія развіваюцца, і новых індустрыяльна развітых краін. Зараз МВФ адыгрывае актыўную ролю ва ўрэгуляванні глабальнага фінансавага крызісу 2008–2009 гг., дапамагае краінам, якія сутыкнуліся з фінансавымі катаклізмамі. Можна сказаць, што МВФ з’яўляецца своеасаблівым сусветным міністэрствам фінансаў або цэнтральным банкам.

Нараўне з МВФ і МБРР узнік шэраг рэгіянальных фінансавых арганізацый: найбуйнейшая з іх — Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР). Яго задача — ажыццяўляць фінансавую дапамогу дзяржавам Еўропы і перш за ўсё Усходняй Еўропы.

Крыптавалюта і яе роля ў сусветнай гаспадарцы. За апошнія некалькі гадоў сусветная гаспадарка на ўсіх яе ўзроўнях (мікра-, меза-, глабальная эканоміка) становіцца ўсё больш тэхналагічнай, лічбавай і нават воблачнай. Лічбавізацыя эканомікі характарызуецца стварэннем на розных узроўнях сусветнай гаспадаркі інфармацыйна-лічбавых платформ і аператараў, якія дазваляюць вырашаць розныя гаспадарчыя задачы: развіццё медыцыны, навукі, адукацыі, транспарту, новай індустрыялізацыі і інш.

Сусветныя фінансавыя паслугі, як і ўся сусветная гаспадарка, становяцца залучанымі ў працэс лічбавізацыі. Са з’яўленнем інтэрнэту сталі папулярнымі плацяжы ў Сетцы. Такім чынам з’явіліся розныя электронныя валюты (напрыклад, Яндэкс. Грошы, WebMoney і інш.). Аднак гэта быў толькі першы крок. За ім пайшло стварэнне інфармацыйнай валюты ў якасці сродку плацяжу і абмену, электронных грошай — крыптавалют.

Крыптавалюта — гэта разнавіднасць лічбавай валюты (электронныя, або віртуальныя, грошы, створаныя па тэхналогіі крыптаграфіі), якая не мае фізічнага выражэння і служыць для правядзення ананімных фінансавых аперацый і плацяжоў з высокім узроўнем абароненасці.

Адзінкай крыптавалюты з’яўляецца «coin», што ў перакладзе з англійскай мовы азначае «манета».

У цяперашні час у свеце існуе звыш 1170 відаў крыптавалют. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца біткоін (Bitcoin) і эфірыум (Etherium). Гэтыя валюты прымаюць усе існуючыя абменныя пункты і біржы.

Біткоін — найбольш папулярная крыптавалюта і своеасаблівы яе родапачынальнік. Сваім з’яўленнем Bitcoin паклаў пачатак развіццю ўсіх астатніх падобных валют. Распрацоўшчыкам з’яўляецца група праграмістаў Сатошы Накамота.

Статус біткоіна ў розных краінах адрозніваецца. Ёсць краіны, дзе крыптавалюты не толькі маюць прававы статус, але і ўкаранёны ў паўсядзённае жыццё. Да іх адносяцца перш за ўсё Японія, ЗША, Канада. Афіцыйны прававы статус біткоін мае таксама ў Аўстраліі, Рэспубліцы Карэя, Швецыі, Фінляндыі.

Забароненыя біткоіны або ўведзены абмежаванні на іх выкарыстанне ў такіх краінах, як, напрыклад, Кітай, Бангладэш, Ісландыя, Ліван і інш.

Эфірыум быў прапанаваны В. Буцерыным у канцы 2013 г., сетка была запушчана ў 2015 г.

У адрозненне ад іншых крыптавалют, аўтары не абмяжоўваюць ролю эфірыума плацяжамі, а прапануюць яго, напрыклад, у якасці сродку для абмену рэсурсамі.

Нягледзячы на ўсе свае рэвалюцыйныя ўласцівасці, крыптавалютная індустрыя сутыкаецца з шэрагам праблем. Адной з асноўных з’яўляецца бяспека плацежных аперацый.

Паразважаем. З якімі яшчэ праблемамі можа быць звязана выкарыстанне крыптавалюты? Якімі прычынамі можна растлумачыць, чаму ў шэрагу краін яна забаронена?

Геаграфія экспарту і імпарту фінансавых паслуг. Экспарт фінансавых паслуг у свеце складае 420 млрд дол. У сусветнай структуры вядучае месца належыць краінам Еўропы, на якія прыходзіцца 56 % сусветнага экспарту. На краіны Паўночнай Амерыкі прыходзіцца чацвёртая частка экспарту фінансавых паслуг свету. Доля краін Азіі складае 16 %.

Еўрапейскі саюз як вядучы фінансавы цэнтр свету з’яўляецца таксама і вядучым экспарцёрам фінансавых паслуг у свеце (мал. 203). На яго прыходзіцца 56 % сусветнага экспарту. Другое месца займаюць ЗША, доля якіх у экспарце фінансавых паслуг складае 25 %. Сінгапур і Швейцарыя займаюць разам трэцяе месца, іх доля ў сусветнай структуры складае 5 %. Вядучымі імпарцёрамі фінансавых паслуг выступаюць Еўрапейскі саюз, ЗША і Канада.

Падвядзём вынікі. Фінансавыя паслугі — адна з галін сферы паслуг, якія найбольш дынамічна развіваюцца і з’яўляюцца прыбытковымі. Асноўнымі фінансавымі ўстановамі з’яўляюцца ... і ... . Сярод найбуйнейшых банкаў свету пераважаюць ... . Міжнародныя фінансавыя цэнтры з’яўляюцца ключавымі пляцоўкамі глабальнай фінансавай сістэмы. Міжнародныя фінансавыя арганізацыі ўтварыліся ў выніку фарміравання міжнародных фінансавых рынкаў, інтэграцыйных працэсаў у гандлі капіталамі. Лічбавізацыя сусветнай гаспадаркі прывяла да фарміравання ... .

Праверым свае веды. 1. Якія існуюць асноўныя фінансавыя ўстановы? 2. Калі з’явіліся першыя банкі? 3. Назавіце найбуйнейшыя банкі і фінансавыя цэнтры свету. 4. Чым можна растлумачыць перавагу сярод іх Азіяцкага рэгіёна?

Ад простага да складанага. Курс крыптавалюты можа змяняцца некалькі разоў на дзень. Якія фактары ўплываюць на такія частыя ваганні курсу?

Ад тэорыі да практыкі. 1. Выкарыстоўваючы афіцыйныя сайты, падрыхтуйце кароткае паведамленне аб Міжнародным банку рэканструкцыі і развіцця і Міжнародным валютным фондзе. 2. Для чаго выкарыстоўваюцца электронныя грошы: Яндэкс.Грошы, WebMoney? Якія паслугі ў інтэрнэце імі можна аплачваць? Якія перавагі і недахопы вы бачыце пры іх выкарыстанні?

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця.
Сайт Міжнароднага валютнага фонду.