§ 29. ГЕАГРАФІЯ ФІНАНСАВЫХ ПАСЛУГ У СВЕЦЕ

Найбуйнейшыя фінансавыя цэнтры свету. Па меры ўзбуйнення банкаў і канцэнтрацыі фінансавай дзейнасці сталі ўзнікаць фінансавыя цэнтры. Яны могуць быць нацыянальнымі і міжнароднымі.

Міжнародны фінансавы цэнтр — гэта цэнтр засяроджвання буйных міжнародных капіталаў і маштабнага правядзення разнастайных міжнародных фінансавых аперацый.

Міжнародныя фінансавыя цэнтры з’яўляюцца сёння ключавымі пляцоўкамі глабальнай фінансавай сістэмы. На іх адбываецца прыцягненне і кіраванне патокамі капіталу з усяго свету. Яны збіраюць і пераразмяркоўваюць па ўсім свеце капіталы і засяроджваюць у сваіх руках найважнейшыя валютныя, крэдытныя, страхавыя і іншыя фінансавыя аперацыі. Агульная колькасць сусветных фінансавых цэнтраў — 96. Такія цэнтры адрозніваюцца па спецыялізацыі прадастаўляемых паслуг, але могуць мець і шырокую структуру.

Мал. 200. Найбуйнейшы банк
Сінгапура HSBC

У сусветнай структуры пераважаюць азіяцкія фінансавыя цэнтры. Найбуйнейшымі сярод іх з’яўляюцца Ганконг, Сінгапур, Токіа, Шанхай і Пекін.

У Еўропе — гэта Лондан, Цюрых і Франкфурт, у Паўночнай Амерыцы — Нью-Ёрк, Таронта, Сан-Францыска. У Афрыцы і на Блізкім Усходзе — Дубай, Абу-Дабі і Касабланка. У Лацінскай Амерыцы — Кайманавы астравы, Бярмуды і Багамы.

Па даных Global Financial Cеnters Index за 2017 г., пяццю найбуйнейшымі фінансавымі цэнтрамі свету з’яўляюцца: Лондан, Нью-Ёрк, Сінгапур (мал. 200), Ганконг і Токіа. У лік новых фінансавых цэнтраў, якія ўключаны ў сусветны рэйтынг, аднесены Астана (Казахстан), Баку (Азербайджан), Нью-Дэлі (Індыя) і Цяньцзінь (Кітай).

Папрацуем з атласам. У якім рэгіёне свету размешчана найбольшая колькасць фінансавых цэнтраў? Растлумачце геаграфію іх з’яўлення.

Свет і Беларусь. Якія банкі ў Рэспубліцы Беларусь вы ведаеце? Чым можна растлумачыць, што ўсе іх галаўныя офісы размешчаны ў сталіцы — г. Мінску? Ці выкарыстоўваюцца ў Беларусі віртуальныя грошы?