§ 28. ГЕАГРАФІЯ МІЖНАРОДНАГА ТУРЫЗМУ

Мал. 195. Дынаміка міжнародных турысцкіх
прыбыццяў, млн чал.

Геаграфія турысцкіх патокаў свету. Інтэнсіўная дынаміка развіцця турызму ў свеце пацвярджаецца паказчыкам турысцкіх прыбыццяў, які ў 2014 г. перавысіў 1 млрд чал. і ў 2017 г. склаў 1326 млн чал. (мал. 195).

Асноўнай мэтай большасці падарожжаў з’яўляецца адпачынак, яго выбіраюць 50 % турыстаў. Падарожжу з выкарыстаннем паветранага транспарту аддаюць перавагу 54 % турыстаў.

Рэгіёны свету адрозніваюцца па колькасці турысцкіх прыбыццяў у структуры міжнароднага турызму. Калі ў 1970-я гг. Еўропа і Паўночная Амерыка прымалі больш за 90 % турыстаў, то ў 1990-я гг. Паўночная Амерыка саступіла другую пазіцыю Азіяцка-Ціхаакіянскаму рэгіёну (АЦР). У 2016 г. на гэтыя тры рэгіёны прыходзіцца 95 % міжнародных турыстаў. Памяншэнне долі Амерыкі звязана не са стратай прывабнасці рэгіёна, а з больш хуткімі тэмпамі развіцця турызму ў іншых рэгіёнах. Найбольшая колькасць міжрэгіянальных паездак здзяйсняецца з Паўночнай Амерыкі ў Еўропу, з Еўропы — на Блізкі і Сярэдні Усход, АЦР і Афрыку, з АЦР — у Паўночную Амерыку і Еўропу. Развіццё турызму адбываецца рознымі тэмпамі ў рэгіёнах свету. Так, больш актыўна «растуць» Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён і Афрыка. Блізкі Усход стаў «рэкардсменам» па зніжэнні турысцкага патоку, якое адбылося з-за краін, дзе вядуцца ваенныя дзеянні.

Мал. 196. Структура
міжнародных турысцкіх
прыбыццяў па рэгіёнах, 2017 г., %

Па колькасці турысцкіх прыбыццяў лідзіруючае месца ў цяперашні час займае Еўропа (713 млн чал., або 52 %) (мал. 196). 26 % турыстаў аддаюць перавагу наведванню Азіі. На амерыканскі рэгіён прыходзіцца 17 % сусветных турысцкіх прыбыццяў (мал. 196).

У першую тройку краін па аб’ёмах прыбыццяў уваходзяць Францыя (88,9 млн чал.), Іспанія (82,2) і ЗША (72,9 млн чал.). У топ-10 краін увайшлі таксама Кітай, Італія, Мексіка, Вялікабрытанія, Турцыя, Германія і Тайланд.

Найбольшымі даходамі ад турызму ў 2016 г. характарызаваліся ЗША, Іспанія і Тайланд. Пры гэтым самыя вялікія выдаткі на падарожжы характэрныя для падарожнікаў з Кітая, ЗША і Германіі.

Па ўзроўні развіцця турызму, спецыялізацыі, аб’ёмах прыбыццяў і даходаў Сусветная турысцкая арганізацыя (ЮНВТО) вылучае шэсць турысцкіх макрарэгіёнаў: Еўрапейскі, Амерыканскі, Блізкаўсходні, Паўднёва-Азіяцкі, Азіяцка-Ціхаакіянскі, Афрыканскі (гл. мал. 197).

Папрацуем з атласам. Пакажыце на палітычнай карце свеце па дзве краіны з кожнага турысцкага макрарэгіёна свету, дзе ў найбольшай ступені развіты турызм. Якімі рэсурсамі для развіцця турызму яны валодаюць?