§ 28. ГЕАГРАФІЯ МІЖНАРОДНАГА ТУРЫЗМУ

Роля міжнароднага турызму ў сусветнай гаспадарцы. Турызм з’яўляецца адной з галін сферы паслуг, якія найбольш дынамічна развіваюцца і высокапрыбытковыя. Даходы ад турызму ў 2016 г. у свеце склалі 7,6 трлн дол. ЗША, або 10,2 % сусветнага ВУП. Сектар турызму паказвае ўстойлівы рост у сусветнай гаспадарцы. За 2016 г. даходы ў сферы турызму выраслі на 3,3 %.

Мал. 192. Першая масавая турысцкая паездка, арганізаваная Т. Кукам

У свеце цікавага. 5 ліпеня 1841 г. брытанскі прадпрымальнік Томас Кук, у той час актыўны змагар з п’янствам у Англіі, арганізаваў першую ў свеце групавую турысцкую паездку. Па яго патрабаванні чыгуначная кампанія Midland Counties Railway дала спецыяльны цягнік для «безалкагольнай» паездкі 570 рабочым па маляўнічым маршруце паміж гарадамі ў Сярэдняй Англіі. 570 «сяброў цвярозасці» пагрузіліся ў дзевяць адкрытых вагонаў (мал. 192). У далейшым у рэкламных мэтах чыгункі сталі прадастаўляць Т. Куку зніжкі, якія дазвалялі арганізоўваць забаўляльныя паездкі і для людзей з самымі абмежаванымі фінансавымі магчымасцямі. Экскурсіі і вандроўкі грунтаваліся на вельмі дзейсным прынцыпе: «Атрыманне максімальнай выгады для максімальнай колькасці людзей па мінімальнай цане». Так быў пакладзены пачатак сусветнаму групавому турызму.

Турызм з’яўляецца хуткарослай галіной у сусветным экспарце. На яго прыходзіцца 30 % сусветнага экспарту паслуг. Па даных Сусветнай турысцкай арганізацыі (ЮНВТО), у рэйтынгу сусветных экспартных галін турызм займае трэцяе месца пасля паліўнай і хімічнай прамысловасці.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму маштабы развіцця турысцкай галіны пастаянна павялічваюцца? Як звязаны паміж сабой ГІС-тэхналогіі і турызм? Ці можа турызм прывесці да негатыўных наступстваў для краіны?

Развіццё міжнароднага турызму ў структуры сусветнай гаспадаркі набыло глабальны характар. У 2016 г. кожнае дзясятае працоўнае месца было зафіксавана ў сферы туріндустрыі. У ёй занята каля 300 млн чал.

Па прагнозах, да 2027 г. на туріндустрыю будзе прыходзіцца больш за 11 % сусветнага ВУП, а колькасць працуючых у ёй дасягне 380 млн чал. 25 % працоўных месцаў, якія з’явяцца ў бліжэйшыя 10 гадоў на сусветным рынку працы, будуць створаны ў турызме.