Печатать книгуПечатать книгу

§ 28. ГЕАГРАФІЯ МІЖНАРОДНАГА ТУРЫЗМУ

Успамінаем. Якімі відамі паслуг вы карыстаецеся часцей за ўсё? Што такое турызм? Ці карыстаецеся вы або вашы знаёмыя турысцкімі паслугамі? У якіх краінах вы пабывалі?

Для чаго мы гэта вывучаем? Чаму з кожным годам расце колькасць турысцкіх прыбыццяў? Ці хацелі б вы працаваць у сферы турызму і чаму? Які від турызму вам падабаецца больш за ўсё і чаму?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 10 клас
Книга: § 28. ГЕАГРАФІЯ МІЖНАРОДНАГА ТУРЫЗМУ
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 3 Май 2024, 05:01

Роля міжнароднага турызму ў сусветнай гаспадарцы. Турызм з’яўляецца адной з галін сферы паслуг, якія найбольш дынамічна развіваюцца і высокапрыбытковыя. Даходы ад турызму ў 2016 г. у свеце склалі 7,6 трлн дол. ЗША, або 10,2 % сусветнага ВУП. Сектар турызму паказвае ўстойлівы рост у сусветнай гаспадарцы. За 2016 г. даходы ў сферы турызму выраслі на 3,3 %.

Мал. 192. Першая масавая турысцкая паездка, арганізаваная Т. Кукам

У свеце цікавага. 5 ліпеня 1841 г. брытанскі прадпрымальнік Томас Кук, у той час актыўны змагар з п’янствам у Англіі, арганізаваў першую ў свеце групавую турысцкую паездку. Па яго патрабаванні чыгуначная кампанія Midland Counties Railway дала спецыяльны цягнік для «безалкагольнай» паездкі 570 рабочым па маляўнічым маршруце паміж гарадамі ў Сярэдняй Англіі. 570 «сяброў цвярозасці» пагрузіліся ў дзевяць адкрытых вагонаў (мал. 192). У далейшым у рэкламных мэтах чыгункі сталі прадастаўляць Т. Куку зніжкі, якія дазвалялі арганізоўваць забаўляльныя паездкі і для людзей з самымі абмежаванымі фінансавымі магчымасцямі. Экскурсіі і вандроўкі грунтаваліся на вельмі дзейсным прынцыпе: «Атрыманне максімальнай выгады для максімальнай колькасці людзей па мінімальнай цане». Так быў пакладзены пачатак сусветнаму групавому турызму.

Турызм з’яўляецца хуткарослай галіной у сусветным экспарце. На яго прыходзіцца 30 % сусветнага экспарту паслуг. Па даных Сусветнай турысцкай арганізацыі (ЮНВТО), у рэйтынгу сусветных экспартных галін турызм займае трэцяе месца пасля паліўнай і хімічнай прамысловасці.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму маштабы развіцця турысцкай галіны пастаянна павялічваюцца? Як звязаны паміж сабой ГІС-тэхналогіі і турызм? Ці можа турызм прывесці да негатыўных наступстваў для краіны?

Развіццё міжнароднага турызму ў структуры сусветнай гаспадаркі набыло глабальны характар. У 2016 г. кожнае дзясятае працоўнае месца было зафіксавана ў сферы туріндустрыі. У ёй занята каля 300 млн чал.

Па прагнозах, да 2027 г. на туріндустрыю будзе прыходзіцца больш за 11 % сусветнага ВУП, а колькасць працуючых у ёй дасягне 380 млн чал. 25 % працоўных месцаў, якія з’явяцца ў бліжэйшыя 10 гадоў на сусветным рынку працы, будуць створаны ў турызме.

Турысцка-рэкрэацыйныя рэсурсы свету і іх выкарыстанне.

Пад турысцка-рэкрэацыйнымі рэсурсамі разумеюць прыродна-кліматычныя, гісторыка-культурныя і сацыяльна-эканамічныя аб’екты і з’явы, якія з’яўляюцца перадумовамі для развіцця розных відаў турызму і адпачынку і здольныя задавальняць патрэбнасці, якія пры гэтым узнікаюць.

Да прыродна-кліматычнай групы адносяць кампаненты прыроднага асяроддзя, або прыродныя рэсурсы: кліматычныя, водныя, лясныя, горныя. У залежнасці ад выконваемых функцый яны могуць быць аздараўленчымі, пазнавальнымі, спартыўнымі.

Да гісторыка-культурнай і сацыяльна-эканамічнай групы адносяць гістарычныя помнікі і памятныя мясціны, архітэктурныя ансамблі, музеі, а таксама этнаграфічныя, палітычныя, вытворчыя аб’екты. Акрамя гэтага, для развіцця турызму патрэбны фінансавыя, матэрыяльныя і працоўныя рэсурсы.

Больш за ўсё асвоены для турыстычных патрэб турысцка-рэкрэацыйныя рэсурсы Еўропы. Да краін з разнастайнымі рэсурсамі для развіцця турызму і адпачынку ў Еўропе адносяцца перш за ўсё Грэцыя, Італія, Францыя, Вялікабрытанія, Аўстрыя, Іспанія і інш. У іншых рэгіёнах — ЗША, Японія, Мексіка, Аўстралія, Егіпет і інш. Некаторыя краіны са старажытнай гісторыяй і культурай таксама маюць шмат цікавых помнікаў і аб’ектаў турызму. Да такіх краін адносяцца, напрыклад, Перу, Кітай, Індыя, Турцыя, Украіна і шмат інш.

Самымі папулярнымі месцамі адпачынку ў свеце з’яўляюцца Блакітны бераг Францыі, Сонечны бераг Балгарыі, Балеарскія астравы Іспаніі (мал. 193), Лігурыйскае ўзбярэжжа Італіі, Адрыятычнае ўзбярэжжа Харватыі, Французскія, Швейцарскія, Італьянскія і Аўстрыйскія Альпы.

Свет і Беларусь. Якія рэсурсы для развіцця турызму маюцца ў Рэспубліцы Беларусь? Якія змены адбыліся ў развіцці турызму ў Беларусі за апошнія пяць гадоў? Якія аб’екты на тэрыторыі Беларусі найбольш цікавыя для замежных грамадзян? Прывядзіце прыклады падзейнага турызму ў нашай краіне.

Асноўнымі прыбярэжнымі раёнамі, якія выкарыстоўваюцца ў мэтах рэкрэацыі і турызму, з’яўляюцца: у Атлантычным акіяне — міжземнаморскае ўзбярэжжа Паўднёвай Еўропы і Паўночнай Афрыкі, узбярэжжа Балтыйскага і Чорнага мораў, паўвостраў Фларыда, астравы Куба, Багамы; у Ціхім акіяне — Гавайскія астравы, астравы Палінезіі і Мікранезіі, усходняе ўзбярэжжа Аўстраліі, в. Хайнань (Кітай), узбярэжжа Японскага мора; у Індыйскім акіяне — в. Шры-Ланка, усходняе ўзбярэжжа в. Мадагаскар, Сейшэльскія і Мальдыўскія астравы.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. У апошнія дзесяцігоддзі адбыліся змены матывацыі насельніцтва да турызму: ад «трох S» — мора — сонца — пясок (SSS — Sea — Sun — Sand) да «трох L» — нацыянальныя традыцыі — пейзаж — вольны час (LLL — Lore — Landscape — Leisure ). Гэта спрыяе значнаму павелічэнню колькасці турыстаў і даходаў, якія паступаюць ад развіцця турысцкай галіны.

Віды міжнароднага турызму. У залежнасці ад ступені выкарыстання турысцка-рэкрэацыйных рэсурсаў і галоўнай мэты падарожжа вылучаюць некалькі відаў турызму (мал. 194). Пры гэтым нараўне з традыцыйнымі ў сучасным свеце з’яўляюцца новыя віды турызму. Напрыклад, экзатычны турызм прадугледжвае наведванне маладаступных геаграфічных аб’ектаў, знаёмства з нацыянальнымі звычаямі і кліматам, кухняй і інш.

У свеце цікавага. Цікавымі формамі развіцця міжнароднага турызму, якія актыўна развіваюцца ў свеце, з’яўляюцца парадорэс і таймшэр. Парадорэс уяўляе з сябе выкарыстанне старадаўніх замкаў і палацаў пад турысцкія гасцініцы і для экскурсійных мэт, каб захаваць нацыянальную архітэктурную спадчыну краіны. Таймшэр — гэта сумеснае валоданне нерухомасцю ў турысцкім бізнесе з магчымасцю карыстацца ёю на працягу пэўнага часу прапарцыйна грашоваму ўнёску. Час карыстання вымяраецца ў тыднях, якія згрупаваны ў тры колеры (красны — самы дарагі, белы і блакітны) і адлюстроўваюць дынаміку попыту па сезонах.

Пашыраюцца формы прыгодніцкага турызму. Да яго адносяць падарожжа на паветраным шары, скалалажанне, спуск па бурных рэках (рафтынг), віндсёрфінг, падводнае плаванне, катанне на снегаходах, водных матацыклах і інш. Інсентыў-турызм уяўляе з сябе паездкі, якімі фірма ўзнагароджвае сваіх супрацоўнікаў за высокія паказчыкі ў працы. Актыўна развіваюцца таксама круізны турызм, падводнае паляванне, спартыўнае рыбалоўства і інш.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Круізны турызм развіваецца найбольш хуткімі тэмпамі. Сярэднегадавы рост колькасці адпачнуўшых у круізах складае кшталту 20–25 %. Для задавальнення попыту на марскія вандроўкі, які пастаянна падвышаецца, у розных краінах будуецца каля 50 гіганцкіх васьміпалубных караблёў, кожны з якіх можа змясціць больш за 6 тыс. пасажыраў. Аднак у сувязі з адноснай дарагоўляй круізны турызм пакуль застаецца ўдзелам галоўным чынам жыхароў багатых краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

Мал. 195. Дынаміка міжнародных турысцкіх
прыбыццяў, млн чал.

Геаграфія турысцкіх патокаў свету. Інтэнсіўная дынаміка развіцця турызму ў свеце пацвярджаецца паказчыкам турысцкіх прыбыццяў, які ў 2014 г. перавысіў 1 млрд чал. і ў 2017 г. склаў 1326 млн чал. (мал. 195).

Асноўнай мэтай большасці падарожжаў з’яўляецца адпачынак, яго выбіраюць 50 % турыстаў. Падарожжу з выкарыстаннем паветранага транспарту аддаюць перавагу 54 % турыстаў.

Рэгіёны свету адрозніваюцца па колькасці турысцкіх прыбыццяў у структуры міжнароднага турызму. Калі ў 1970-я гг. Еўропа і Паўночная Амерыка прымалі больш за 90 % турыстаў, то ў 1990-я гг. Паўночная Амерыка саступіла другую пазіцыю Азіяцка-Ціхаакіянскаму рэгіёну (АЦР). У 2016 г. на гэтыя тры рэгіёны прыходзіцца 95 % міжнародных турыстаў. Памяншэнне долі Амерыкі звязана не са стратай прывабнасці рэгіёна, а з больш хуткімі тэмпамі развіцця турызму ў іншых рэгіёнах. Найбольшая колькасць міжрэгіянальных паездак здзяйсняецца з Паўночнай Амерыкі ў Еўропу, з Еўропы — на Блізкі і Сярэдні Усход, АЦР і Афрыку, з АЦР — у Паўночную Амерыку і Еўропу. Развіццё турызму адбываецца рознымі тэмпамі ў рэгіёнах свету. Так, больш актыўна «растуць» Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён і Афрыка. Блізкі Усход стаў «рэкардсменам» па зніжэнні турысцкага патоку, якое адбылося з-за краін, дзе вядуцца ваенныя дзеянні.

Мал. 196. Структура
міжнародных турысцкіх
прыбыццяў па рэгіёнах, 2017 г., %

Па колькасці турысцкіх прыбыццяў лідзіруючае месца ў цяперашні час займае Еўропа (713 млн чал., або 52 %) (мал. 196). 26 % турыстаў аддаюць перавагу наведванню Азіі. На амерыканскі рэгіён прыходзіцца 17 % сусветных турысцкіх прыбыццяў (мал. 196).

У першую тройку краін па аб’ёмах прыбыццяў уваходзяць Францыя (88,9 млн чал.), Іспанія (82,2) і ЗША (72,9 млн чал.). У топ-10 краін увайшлі таксама Кітай, Італія, Мексіка, Вялікабрытанія, Турцыя, Германія і Тайланд.

Найбольшымі даходамі ад турызму ў 2016 г. характарызаваліся ЗША, Іспанія і Тайланд. Пры гэтым самыя вялікія выдаткі на падарожжы характэрныя для падарожнікаў з Кітая, ЗША і Германіі.

Па ўзроўні развіцця турызму, спецыялізацыі, аб’ёмах прыбыццяў і даходаў Сусветная турысцкая арганізацыя (ЮНВТО) вылучае шэсць турысцкіх макрарэгіёнаў: Еўрапейскі, Амерыканскі, Блізкаўсходні, Паўднёва-Азіяцкі, Азіяцка-Ціхаакіянскі, Афрыканскі (гл. мал. 197).

Папрацуем з атласам. Пакажыце на палітычнай карце свеце па дзве краіны з кожнага турысцкага макрарэгіёна свету, дзе ў найбольшай ступені развіты турызм. Якімі рэсурсамі для развіцця турызму яны валодаюць?

Асваенне новых тэрыторый свету для развіцця турызму на постындустрыяльнай стадыі. Ва ўмовах постындустрыяльнай стадыі развіцця змяняецца геаграфічная карціна традыцыйных краін і тэрыторый міжнародных турысцкіх наведванняў. Павышэнне цікавасці ў турыстаў да аддаленых, слабаасвоеных тэрыторый, у тым ліку з экстрэмальнымі кліматычнымі ўмовамі, нараўне з магчымасцю краіны атрымаць дадатковыя даходы ад турызму прывялі да засваення перыферыйных рэгіёнаў. Да такіх рэгіёнаў і краін адносяцца Ісландыя, Нарвегія, Шатландыя, в. Хакайда, Непал і інш.

Падвядзём вынікі. Турызм з’яўляецца адной з самых высокадаходных галін сферы паслуг. Турысцкая дзейнасць набыла ... характар. Для міжнароднага турызму характэрная ... . Па колькасці турысцкіх прыбыццяў лідзіруе ... . Па ўзроўні развіцця турызму, спецыялізацыі, аб’ёмах прыбыццяў вылучаюць ... турысцкіх макрарэгіёнаў: ..., ..., ..., ..., ..., ... .

Праверым свае веды. 1. Якое месца турызму ў сферы паслуг? 2. У чым выяўляецца тэрытарыяльная нераўнамернасць у развіцці сучаснага турызму? 3. Якія фактары ўплываюць на развіццё турызму?

Ад простага да складанага. 1. Падрыхтуйце прэзентацыю пра найбольш наведвальныя куткі планеты. 2. Складзіце вусны часопіс на тэму «Краіны з рызыкамі для турыстаў».

Ад тэорыі да практыкі. Уявіце, што перад вамі стаіць задача навучыць вашых аднакласнікаў, як арганізаваць падарожжа з дапамогай інтэрнэту. Падрыхтуйце і правядзіце майстар-клас па гэтым пытанні.

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Сусветнай турысцкай арганізацыі (ЮНВТО).

Ад тэорыі да практыкі. Выканайце практычную работу 31 «Параўнальная характарыстыка геаграфіі турызму ў рэгіёнах свету» (на прыкладзе Еўропы і Азіі).