§ 28. ГЕАГРАФІЯ МІЖНАРОДНАГА ТУРЫЗМУ

Віды міжнароднага турызму. У залежнасці ад ступені выкарыстання турысцка-рэкрэацыйных рэсурсаў і галоўнай мэты падарожжа вылучаюць некалькі відаў турызму (мал. 194). Пры гэтым нараўне з традыцыйнымі ў сучасным свеце з’яўляюцца новыя віды турызму. Напрыклад, экзатычны турызм прадугледжвае наведванне маладаступных геаграфічных аб’ектаў, знаёмства з нацыянальнымі звычаямі і кліматам, кухняй і інш.

У свеце цікавага. Цікавымі формамі развіцця міжнароднага турызму, якія актыўна развіваюцца ў свеце, з’яўляюцца парадорэс і таймшэр. Парадорэс уяўляе з сябе выкарыстанне старадаўніх замкаў і палацаў пад турысцкія гасцініцы і для экскурсійных мэт, каб захаваць нацыянальную архітэктурную спадчыну краіны. Таймшэр — гэта сумеснае валоданне нерухомасцю ў турысцкім бізнесе з магчымасцю карыстацца ёю на працягу пэўнага часу прапарцыйна грашоваму ўнёску. Час карыстання вымяраецца ў тыднях, якія згрупаваны ў тры колеры (красны — самы дарагі, белы і блакітны) і адлюстроўваюць дынаміку попыту па сезонах.

Пашыраюцца формы прыгодніцкага турызму. Да яго адносяць падарожжа на паветраным шары, скалалажанне, спуск па бурных рэках (рафтынг), віндсёрфінг, падводнае плаванне, катанне на снегаходах, водных матацыклах і інш. Інсентыў-турызм уяўляе з сябе паездкі, якімі фірма ўзнагароджвае сваіх супрацоўнікаў за высокія паказчыкі ў працы. Актыўна развіваюцца таксама круізны турызм, падводнае паляванне, спартыўнае рыбалоўства і інш.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Круізны турызм развіваецца найбольш хуткімі тэмпамі. Сярэднегадавы рост колькасці адпачнуўшых у круізах складае кшталту 20–25 %. Для задавальнення попыту на марскія вандроўкі, які пастаянна падвышаецца, у розных краінах будуецца каля 50 гіганцкіх васьміпалубных караблёў, кожны з якіх можа змясціць больш за 6 тыс. пасажыраў. Аднак у сувязі з адноснай дарагоўляй круізны турызм пакуль застаецца ўдзелам галоўным чынам жыхароў багатых краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі.