§ 28. ГЕАГРАФІЯ МІЖНАРОДНАГА ТУРЫЗМУ

Турысцка-рэкрэацыйныя рэсурсы свету і іх выкарыстанне.

Пад турысцка-рэкрэацыйнымі рэсурсамі разумеюць прыродна-кліматычныя, гісторыка-культурныя і сацыяльна-эканамічныя аб’екты і з’явы, якія з’яўляюцца перадумовамі для развіцця розных відаў турызму і адпачынку і здольныя задавальняць патрэбнасці, якія пры гэтым узнікаюць.

Да прыродна-кліматычнай групы адносяць кампаненты прыроднага асяроддзя, або прыродныя рэсурсы: кліматычныя, водныя, лясныя, горныя. У залежнасці ад выконваемых функцый яны могуць быць аздараўленчымі, пазнавальнымі, спартыўнымі.

Да гісторыка-культурнай і сацыяльна-эканамічнай групы адносяць гістарычныя помнікі і памятныя мясціны, архітэктурныя ансамблі, музеі, а таксама этнаграфічныя, палітычныя, вытворчыя аб’екты. Акрамя гэтага, для развіцця турызму патрэбны фінансавыя, матэрыяльныя і працоўныя рэсурсы.

Больш за ўсё асвоены для турыстычных патрэб турысцка-рэкрэацыйныя рэсурсы Еўропы. Да краін з разнастайнымі рэсурсамі для развіцця турызму і адпачынку ў Еўропе адносяцца перш за ўсё Грэцыя, Італія, Францыя, Вялікабрытанія, Аўстрыя, Іспанія і інш. У іншых рэгіёнах — ЗША, Японія, Мексіка, Аўстралія, Егіпет і інш. Некаторыя краіны са старажытнай гісторыяй і культурай таксама маюць шмат цікавых помнікаў і аб’ектаў турызму. Да такіх краін адносяцца, напрыклад, Перу, Кітай, Індыя, Турцыя, Украіна і шмат інш.

Самымі папулярнымі месцамі адпачынку ў свеце з’яўляюцца Блакітны бераг Францыі, Сонечны бераг Балгарыі, Балеарскія астравы Іспаніі (мал. 193), Лігурыйскае ўзбярэжжа Італіі, Адрыятычнае ўзбярэжжа Харватыі, Французскія, Швейцарскія, Італьянскія і Аўстрыйскія Альпы.

Свет і Беларусь. Якія рэсурсы для развіцця турызму маюцца ў Рэспубліцы Беларусь? Якія змены адбыліся ў развіцці турызму ў Беларусі за апошнія пяць гадоў? Якія аб’екты на тэрыторыі Беларусі найбольш цікавыя для замежных грамадзян? Прывядзіце прыклады падзейнага турызму ў нашай краіне.

Асноўнымі прыбярэжнымі раёнамі, якія выкарыстоўваюцца ў мэтах рэкрэацыі і турызму, з’яўляюцца: у Атлантычным акіяне — міжземнаморскае ўзбярэжжа Паўднёвай Еўропы і Паўночнай Афрыкі, узбярэжжа Балтыйскага і Чорнага мораў, паўвостраў Фларыда, астравы Куба, Багамы; у Ціхім акіяне — Гавайскія астравы, астравы Палінезіі і Мікранезіі, усходняе ўзбярэжжа Аўстраліі, в. Хайнань (Кітай), узбярэжжа Японскага мора; у Індыйскім акіяне — в. Шры-Ланка, усходняе ўзбярэжжа в. Мадагаскар, Сейшэльскія і Мальдыўскія астравы.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. У апошнія дзесяцігоддзі адбыліся змены матывацыі насельніцтва да турызму: ад «трох S» — мора — сонца — пясок (SSS — Sea — Sun — Sand) да «трох L» — нацыянальныя традыцыі — пейзаж — вольны час (LLL — Lore — Landscape — Leisure ). Гэта спрыяе значнаму павелічэнню колькасці турыстаў і даходаў, якія паступаюць ад развіцця турысцкай галіны.