§ 27. ГЕАГРАФІЯ ТРАНСПАРТУ СВЕТУ
Кантэйнерызацыя. Сучаснай тэндэнцыяй развіцця транспартнай сістэмы з’яўляецца кантэйнерызацыя. Яна ўяўляе з сябе выкарыстанне вялікіх прамавугольных кантэйнераў стандартнага памеру для перавозкі тавараў і дазваляе ўніфікаваць транспартны працэс, скараціць час дастаўкі. Кантэйнеры перавозяцца марскімі суднамі-кантэйнеравозамі, у чыгуначных саставах, на грузавых аўтамабілях, рачнымі суднамі, на самалётах. Першы кантэйнер быў вынайдзены ў ЗША ў 1930 г., а першы стандартны кантэйнер (20-футавы) Twenty-foot Equivalent Unit (TEU) створаны ў 1956 г.
Шырокае прымяненне кантэйнераў у 1950-60-х гг. выклікала тэхналагічную рэвалюцыю на транспарце. Яе назвалі лагістычнай рэвалюцыяй, якая значна спрасціла перавозку большасці грузаў.
Паразважаем. Што галоўнае ў сутнасці лагістыкі? Дадатковыя веды якіх галін спатрэбяцца сучаснаму спецыялісту па лагістыцы? |
У 2006 г. у свеце перавезена 452 млн стандартных кантэйнераў TEU; у 2011 г. — 632 млн TEU (25 % з іх прыпадае на Кітай). 40 % сусветнага кантэйнераабороту прыпадае на 10 найбуйнейшых кампаній, якія базіруюцца ў партах Еўропы, Сінгапура, Кітая (мал. 191), Японіі, Рэспублікі Карэя, Чылі.
Падвядзём вынікі. Транспарт забяспечвае вытворчыя сувязі. Ён уяўляе з сябе сістэму, у якую ўваходзяць ..., ..., ... і ... . У структуры грузаабароту свету вядучае месца належыць ... транспарту, у структуры пасажыраабароту — ... . Найноўшай тэндэнцыяй развіцця авіяцыйнага транспарту з’яўляецца стварэнне нізкабюджэтных авіякампаній — ... . Сучаснай тэндэнцыяй развіцця транспартнай сістэмы ў цэлым з’яўляецца ... . |
Праверым свае веды. 1. Назавіце асноўныя складаючыя элементы транспартнай сістэмы. 2. Якія віды транспарту лідзіруюць па грузаабароце, якія — па пасажыраабароце? 3. Назавіце тры найбуйнейшыя марскія парты па грузаабароце. 4. Якія аэрапорты лічацца самымі буйнымі па пасажыраабароце ў свеце? Што ўяўляе з сябе кантэйнерызацыя? |
Ад простага да складанага. Існуе прамая ўзаемасувязь паміж узроўнем развіцця транспарту і ўзроўнем сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Падрыхтуйце міні-паведамленні, якія пацвярджаюць або аспрэчваюць дадзенае сцвярджэнне. |
Ад тэорыі да практыкі. Распрацуйце праект змены транспартнай сістэмы Рэспублікі Беларусь праз выкарыстанне новых відаў транспарту. |