Печатать книгуПечатать книгу

§ 27. ГЕАГРАФІЯ ТРАНСПАРТУ СВЕТУ

Успамінаем. Якія віды транспарту вы ведаеце? Якія адметныя рысы паветранага транспарту? Чым адрозніваецца аўтамабільны транспарт ад іншых яго відаў? Якія праблемы выклікае развіццё чыгуначнага транспарту? Якія грузы перавозяць трубаправодным транспартам?

Для чаго мы гэта вывучаем? Якія геаграфічныя веды патрэбныя, каб спраектаваць і пабудаваць чыгунку? Калі вам прыйдзецца планаваць падарожжа, як вам дапамогуць веды геаграфіі транспарту? Уявіце сябе дырэктарам металургічнага камбіната, які будуецца. Як правільна выбраць пастаўшчыка жалезнай руды, калі камбінат размешчаны ў раёне, дзе яна адсутнічае, але ёсць іншыя фактары размяшчэння?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 10 клас
Книга: § 27. ГЕАГРАФІЯ ТРАНСПАРТУ СВЕТУ
Напечатано:: Гость
Дата: Среда, 1 Май 2024, 07:01

Роля транспарту ў сусветнай гаспадарцы. Транспарт уяўляе з сябе вядучую галіну ў сферы паслуг, якая забяспечвае вытворчыя сувязі, перавозку грузаў, пасажыраў, інфармацыі, энергіі ад месца да месца, з аднаго рэгіёна (краіны) у іншы рэгіён (краіну). Узровень развіцця транспарту вызначаецца ўзроўнем сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і залежыць ад памераў тэрыторыі, ступені яе засвоенасці, удзелу краіны ў МГПП.

Транспарт уяўляе з сябе складаную сістэму, якая ўключае наступныя абавязковыя элементы: 1) інфраструктуру (аўтамабільныя дарогі і чыгункі, каналы, трубаправоды); 2) тэрміналы (чыгуначныя і аўтобусныя станцыі, аэрапорты, марскія і рачныя парты); 3) сродкі перамяшчэння; 4) транспартныя кампаніі.

Па перавазе перамяшчальных элементаў транспарт дзеліцца на грузавы і пасажырскі. Па тэхналогіі перамяшчэння адрозніваюць: 1) наземны (чыгуначны, аўтамабільны, трубаправодны, конны); 2) водны (марскі, унутраны водны); 3) паветраны (авіяцыйны) транспарт.

У структуры грузаабароту свету вядучае месца належыць воднаму транспарту, на долю якога прыходзіцца 62 % перавозак. Узрастае доля трубаправоднага транспарту, якая складае 13 %. Доля чыгуначнага транспарту скарацілася да 11 %. Такая ж доля прыходзіцца на аўтамабільны транспарт. Доля паветранага транспарту ў грузаперавозках складае 3 %.

У структуры пасажыраабароту 80 % усіх перавозак ажыццяўляецца аўтамабільным транспартам. Узрастае роля паветранага транспарту, доля якога павялічылася да 10 %, доля чыгуначнага транспарту застаецца ўстойлівай — у межах 10 %.

Мал. 187. Беспілотны транспарт
у г. Доха (Катар)

Найноўшымі тэндэнцыямі ў развіцці транспарту свету з’яўляюцца: 1) узмацненне бяспекі перавозак, надзейнасці дастаўкі грузаў і патрабаванняў па тэрмінах дастаўкі («дакладна ў тэрмін» — just-in-time); 2) рост долі транспарціроўкі гатовых вырабаў і высокатэхналагічных тавараў; 3) фарміраванне кантэйнернай сістэмы; 4) фарміраванне транспартных калідораў; 5) развіццё інтэрмадальных перавозак (выкарыстанне некалькіх відаў транспарту без перагрузкі ў іншую грузавую ёмістасць); 6) стварэнне персанальнага беспілотнага транспарту (мал. 187).

Транспартная сістэма свету ўяўляе з сябе сукупнасць усіх відаў транспарту, звязаных эканамічнымі, тэхналагічнымі, тэхнічнымі і нарматыўна-прававымі адносінамі.

Геаграфія асноўных відаў транспарту ў свеце.

Свет і Беларусь. Якія віды транспарту атрымалі развіццё ў Рэспубліцы Беларусь? Якія змены ў развіцці транспартнай сістэмы Беларусі могуць адбыцца ў бліжэйшы час? Чаму з кожным годам у Беларусі павялічваецца колькасць пасажыраў, якія аддаюць перавагу авіятранспарту?

Марскі транспарт. Марскі транспарт з’яўляецца вядучым у структуры грузаперавозак. Ён у найбольшай ступені спрыяе інтэрнацыяналізацыі эканамічнай дзейнасці. У структуры грузаў, якія перавозяць, пераважае нафта, далей ідуць кантэйнерныя перавозкі, жалезная руда, вугаль і збожжа. Аб узроўні развіцця марскога транспарту можна меркаваць па колькасці і танажы суднаў і наяўнасці партоў.

З развіццём марскога транспарту звязана такое паняцце, як рэгістрацыя суднаў пад «таннымі», або «зручнымі», сцягамі. Яно заключаецца ў стварэнні рэжыму льготнага падаткаабкладання для суднаўладальнікаў. У 2015 г. краінамі з самым вялікім флотам «танных» сцягоў былі Панама (каля 5,2 тыс. суднаў), Ліберыя (2,6) і Маршалавы астравы (1,5 тыс. суднаў).

Найбольш важныя марскія шляхі перасякаюць Атлантычны, Ціхі і Індыйскі акіяны. У апошні час актыўна развіваюцца трансціхаакеанскія маршруты.

У свеце налічваецца звыш 3 тыс. марскіх партоў. Найбуйнейшымі марскімі партамі па грузаабароце з’яўляюцца Шанхай (645 тыс. т), Сінгапур (538), Цяньцзінь (477 тыс. т). Да найбуйнейшых кантэйнерных партоў свету адносяць Шанхай, Сінгапур, Пусан.

Папрацуем з атласам. З якога аднаго з трох найбуйнейшых марскіх партоў танней за ўсё даставіць грузы ў нашу краіну? Да якога аднаго з вядучых аэрапортаў свету жыхару Беларусі дабрацца хутчэй за ўсё?

Мал. 188. Маглеў у Германіі

Чыгуначны транспарт. Чыгуначны транспарт, сусветная сетка якога склалася на пачатку ХХ ст., развіваецца ў цяперашні час за кошт павелічэння інтэнсіўнасці руху, паляпшэння рухомага складу, стварэння высакаскорасных ліній. Найбольшай працягласцю чыгуначных шляхоў характарызуюцца краіны з вялікімі тэрыторыямі — Расія, ЗША, Кітай, Індыя, Канада. Найбольшая гушчыня дарог характэрна для краін Еўропы (Бельгія, Германія, Швейцарыя). Самым дынамічным рэгіёнам па развіцці чыгуначнага транспарту як паводле росту грузаабароту, так і пасажыраабароту з’яўляецца Азія.

Адной з асноўных тэндэнцый развіцця чыгуначнага транспарту з’яўляецца стварэнне звышскорасных цягнікоў на магнітным падвешванні (адштурхванні). Такі від транспарту быў названы левіціруючым, а цягнікі атрымалі назву маглеў (мал. 188).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Першыя эксперыментальныя лініі былі запушчаны ў Германіі ў 1970-я гг. (максімальная скорасць цягнікоў 400 км/г). Пазней была адкрыта першая камерцыйная высакаскорасная лінія ў Шанхаі (скорасць да 450 км/г). Плануецца збудаванне першай міжгародняй лініі ў Японіі.

Паразважаем. Агульная працягласць чыгунак перавышае 1 млн км. У цяперашні час яна не павялічваецца, а ў многіх развітых краінах нават скарачаецца. Як вы лічыце, чаму такое адбываецца ў перыяд хуткага развіцця прамысловай вытворчасці і індустрыялізацыі ў цэлым?

Аўтамабільны транспарт. Адным з відаў транспарту, які найбольш дынамічна развіваецца, з’яўляецца аўтамабільны. Галоўныя тэндэнцыі яго развіцця — павелічэнне колькасці дарог з цвёрдым пакрыццём, пашырэнне сеткі аўтамагістралей, рост значэння транскантынентальных магістралей. Найбольшай працягласцю аўтадарог характарызуюцца краіны Паўночнай Амерыкі і Заходняй Еўропы. Аўтамагістраль (аўтастрада) уяўляе з сябе шматпалосную скорасную аўтадарогу з удасканаленым пакрыццём, якая не перасякаецца на адным узроўні з іншымі аўтадарогамі. Працягласць усіх аўтамагістралей у свеце складае 326 тыс. км. Найбольш працяглымі сістэмамі аўтастрад валодаюць Кітай (96 тыс. км), ЗША (76) і Заходняя Еўропа (66 тыс. км).

Мал. 189. Чыгуначныя платформы
для перавозкі аўтамабіляў у тунэлі Сімплтан

У свеце цікавага. Швейцарыя выгадна выкарыстоўвае сваё геаграфічнае становішча, а менавіта цэнтральнасць і транзітнасць у Еўрапейскім саюзе. Урад краіны задумаўся над змяншэннем адмоўнага ўздзеяння аўтамабільнага транспарту на навакольнае асяроддзе. На праведзеным у 1994 г. рэферэндуме насельніцтва краіны прагаласавала за тое, каб замежныя грузы перавозіліся праз тэрыторыю Швейцарыі толькі па чыгунцы. Тунэль Сімплтан, які злучае Швейцарыю і Італію, пабудаваны ў 1905 г., — адзін з самых доўгіх у свеце (19,5 км). У ім, як і ў іншых тунэлях, нават аўтамабілі перамяшчаюцца на спецыяльных чыгуначных платформах (так званыя аўтамабільныя паромы) (мал. 189), што памяншае выкіды выхлапных газаў.

Авіяцыйны транспарт. Авіяцыйны транспарт з'яўляецца галоўным правадніком глабалізацыі. Ён забяспечвае хуткія і надзейныя транспартныя зносіны паміж найбуйнейшымі сацыяльна-эканамічнымі цэнтрамі свету і перыферыйнымі тэрыторыямі.

Да ліку найбуйнейшых паветраных партоў свету адносяць Атланту (95 млн чал.) (мал. 190), Пекін (82) і Лондан (70 млн чал.). 65 % самалётнага парку свету выраблена на заводах транснацыянальных карпарацый Боінг (ЗША) і Эйрбас (Францыя), 16 % — Бамбардзье (Канада) і Эмбраер (Бразілія).

Сусветным лідарам па аб’ёмах перавозак пасажыраў з’яўляецца амерыканская кампанія Delta Air Lines (161,4 млн чал.).

Паразважаем. У апошні час у развіцці паветранага транспарту актыўна развіваюцца грузавыя авіяперавозкі. Падумайце, якія грузы пачалі перавозіць авіятранспартам. Назавіце станоўчыя і адмоўныя бакі дадзенай тэндэнцыі.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Адной з найноўшых тэндэнцый развіцця авіяцыйнага транспарту з’яўляецца стварэнне нізкабюджэтных авіякампаній, якія ажыццяўляюць перавозку пасажыраў за невысокую плату — лаўкостараў. Вядучай лаўкост-кампаніяй свету з’яўляецца ірландская Ryanair (Ірландыя). Разам з гэтым у сусветнай авіяцыі адбываецца фарміраванне авіяцыйных вузлоў, якія прадстаўляюць сукупнасць некалькіх аэрапортаў паблізу аднаго буйнога горада. Кожны аэрапорт авіяцыйнага вузла спецыялізуецца на абслугоўванні пэўных тыпаў палётаў. Найбуйнейшымі сусветнымі авіяцыйнымі вузламі з’яўляюцца Лонданскі (140,0 млн чал., які ўключае аэрапорты Хітроў, Гэтвік, Станстэд, Лутон, Сіці); Нью-Ёркскі (109,1; аэрапорты Дж. Кенэдзі, Ньюарк, Ла-Гардыя) і Такійскі (102,3 млн чал.; аэрапорты Ханеда, Нарыта).

Кантэйнерызацыя. Сучаснай тэндэнцыяй развіцця транспартнай сістэмы з’яўляецца кантэйнерызацыя. Яна ўяўляе з сябе выкарыстанне вялікіх прамавугольных кантэйнераў стандартнага памеру для перавозкі тавараў і дазваляе ўніфікаваць транспартны працэс, скараціць час дастаўкі. Кантэйнеры перавозяцца марскімі суднамі-кантэйнеравозамі, у чыгуначных саставах, на грузавых аўтамабілях, рачнымі суднамі, на самалётах. Першы кантэйнер быў вынайдзены ў ЗША ў 1930 г., а першы стандартны кантэйнер (20-футавы) Twenty-foot Equivalent Unit (TEU) створаны ў 1956 г.

Мал. 191. Кантэйнерны порт Шэньчжэнь (Кітай)

Шырокае прымяненне кантэйнераў у 1950-60-х гг. выклікала тэхналагічную рэвалюцыю на транспарце. Яе назвалі лагістычнай рэвалюцыяй, якая значна спрасціла перавозку большасці грузаў.

Паразважаем. Што галоўнае ў сутнасці лагістыкі? Дадатковыя веды якіх галін спатрэбяцца сучаснаму спецыялісту па лагістыцы?

У 2006 г. у свеце перавезена 452 млн стандартных кантэйнераў TEU; у 2011 г. — 632 млн TEU (25 % з іх прыпадае на Кітай). 40 % сусветнага кантэйнераабороту прыпадае на 10 найбуйнейшых кампаній, якія базіруюцца ў партах Еўропы, Сінгапура, Кітая (мал. 191), Японіі, Рэспублікі Карэя, Чылі.

Падвядзём вынікі. Транспарт забяспечвае вытворчыя сувязі. Ён уяўляе з сябе сістэму, у якую ўваходзяць ..., ..., ... і ... . У структуры грузаабароту свету вядучае месца належыць ... транспарту, у структуры пасажыраабароту — ... . Найноўшай тэндэнцыяй развіцця авіяцыйнага транспарту з’яўляецца стварэнне нізкабюджэтных авіякампаній — ... . Сучаснай тэндэнцыяй развіцця транспартнай сістэмы ў цэлым з’яўляецца ... .

Праверым свае веды. 1. Назавіце асноўныя складаючыя элементы транспартнай сістэмы. 2. Якія віды транспарту лідзіруюць па грузаабароце, якія — па пасажыраабароце? 3. Назавіце тры найбуйнейшыя марскія парты па грузаабароце. 4. Якія аэрапорты лічацца самымі буйнымі па пасажыраабароце ў свеце? Што ўяўляе з сябе кантэйнерызацыя?

Ад простага да складанага. Існуе прамая ўзаемасувязь паміж узроўнем развіцця транспарту і ўзроўнем сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Падрыхтуйце міні-паведамленні, якія пацвярджаюць або аспрэчваюць дадзенае сцвярджэнне.

Ад тэорыі да практыкі. Распрацуйце праект змены транспартнай сістэмы Рэспублікі Беларусь праз выкарыстанне новых відаў транспарту.

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Сусветнай арганізацыі аўтамабільнага транспарту.
Сайт Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту.
Сайт Міжнароднага саюза чыгунак.
Сайт Міжнароднай федэрацыі суднаходства.

Ад тэорыі да практыкі. Выканайце практычную работу 30 «Геаграфічная характарыстыка сусветнага марскога транспарту свету» (праца з контурнай картай).