§ 27. ГЕАГРАФІЯ ТРАНСПАРТУ СВЕТУ

Роля транспарту ў сусветнай гаспадарцы. Транспарт уяўляе з сябе вядучую галіну ў сферы паслуг, якая забяспечвае вытворчыя сувязі, перавозку грузаў, пасажыраў, інфармацыі, энергіі ад месца да месца, з аднаго рэгіёна (краіны) у іншы рэгіён (краіну). Узровень развіцця транспарту вызначаецца ўзроўнем сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і залежыць ад памераў тэрыторыі, ступені яе засвоенасці, удзелу краіны ў МГПП.

Транспарт уяўляе з сябе складаную сістэму, якая ўключае наступныя абавязковыя элементы: 1) інфраструктуру (аўтамабільныя дарогі і чыгункі, каналы, трубаправоды); 2) тэрміналы (чыгуначныя і аўтобусныя станцыі, аэрапорты, марскія і рачныя парты); 3) сродкі перамяшчэння; 4) транспартныя кампаніі.

Па перавазе перамяшчальных элементаў транспарт дзеліцца на грузавы і пасажырскі. Па тэхналогіі перамяшчэння адрозніваюць: 1) наземны (чыгуначны, аўтамабільны, трубаправодны, конны); 2) водны (марскі, унутраны водны); 3) паветраны (авіяцыйны) транспарт.

У структуры грузаабароту свету вядучае месца належыць воднаму транспарту, на долю якога прыходзіцца 62 % перавозак. Узрастае доля трубаправоднага транспарту, якая складае 13 %. Доля чыгуначнага транспарту скарацілася да 11 %. Такая ж доля прыходзіцца на аўтамабільны транспарт. Доля паветранага транспарту ў грузаперавозках складае 3 %.

У структуры пасажыраабароту 80 % усіх перавозак ажыццяўляецца аўтамабільным транспартам. Узрастае роля паветранага транспарту, доля якога павялічылася да 10 %, доля чыгуначнага транспарту застаецца ўстойлівай — у межах 10 %.

Мал. 187. Беспілотны транспарт
у г. Доха (Катар)

Найноўшымі тэндэнцыямі ў развіцці транспарту свету з’яўляюцца: 1) узмацненне бяспекі перавозак, надзейнасці дастаўкі грузаў і патрабаванняў па тэрмінах дастаўкі («дакладна ў тэрмін» — just-in-time); 2) рост долі транспарціроўкі гатовых вырабаў і высокатэхналагічных тавараў; 3) фарміраванне кантэйнернай сістэмы; 4) фарміраванне транспартных калідораў; 5) развіццё інтэрмадальных перавозак (выкарыстанне некалькіх відаў транспарту без перагрузкі ў іншую грузавую ёмістасць); 6) стварэнне персанальнага беспілотнага транспарту (мал. 187).

Транспартная сістэма свету ўяўляе з сябе сукупнасць усіх відаў транспарту, звязаных эканамічнымі, тэхналагічнымі, тэхнічнымі і нарматыўна-прававымі адносінамі.