§ 27. ГЕАГРАФІЯ ТРАНСПАРТУ СВЕТУ

Авіяцыйны транспарт. Авіяцыйны транспарт з'яўляецца галоўным правадніком глабалізацыі. Ён забяспечвае хуткія і надзейныя транспартныя зносіны паміж найбуйнейшымі сацыяльна-эканамічнымі цэнтрамі свету і перыферыйнымі тэрыторыямі.

Да ліку найбуйнейшых паветраных партоў свету адносяць Атланту (95 млн чал.) (мал. 190), Пекін (82) і Лондан (70 млн чал.). 65 % самалётнага парку свету выраблена на заводах транснацыянальных карпарацый Боінг (ЗША) і Эйрбас (Францыя), 16 % — Бамбардзье (Канада) і Эмбраер (Бразілія).

Сусветным лідарам па аб’ёмах перавозак пасажыраў з’яўляецца амерыканская кампанія Delta Air Lines (161,4 млн чал.).

Паразважаем. У апошні час у развіцці паветранага транспарту актыўна развіваюцца грузавыя авіяперавозкі. Падумайце, якія грузы пачалі перавозіць авіятранспартам. Назавіце станоўчыя і адмоўныя бакі дадзенай тэндэнцыі.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Адной з найноўшых тэндэнцый развіцця авіяцыйнага транспарту з’яўляецца стварэнне нізкабюджэтных авіякампаній, якія ажыццяўляюць перавозку пасажыраў за невысокую плату — лаўкостараў. Вядучай лаўкост-кампаніяй свету з’яўляецца ірландская Ryanair (Ірландыя). Разам з гэтым у сусветнай авіяцыі адбываецца фарміраванне авіяцыйных вузлоў, якія прадстаўляюць сукупнасць некалькіх аэрапортаў паблізу аднаго буйнога горада. Кожны аэрапорт авіяцыйнага вузла спецыялізуецца на абслугоўванні пэўных тыпаў палётаў. Найбуйнейшымі сусветнымі авіяцыйнымі вузламі з’яўляюцца Лонданскі (140,0 млн чал., які ўключае аэрапорты Хітроў, Гэтвік, Станстэд, Лутон, Сіці); Нью-Ёркскі (109,1; аэрапорты Дж. Кенэдзі, Ньюарк, Ла-Гардыя) і Такійскі (102,3 млн чал.; аэрапорты Ханеда, Нарыта).