§ 27. ГЕАГРАФІЯ ТРАНСПАРТУ СВЕТУ

Аўтамабільны транспарт. Адным з відаў транспарту, які найбольш дынамічна развіваецца, з’яўляецца аўтамабільны. Галоўныя тэндэнцыі яго развіцця — павелічэнне колькасці дарог з цвёрдым пакрыццём, пашырэнне сеткі аўтамагістралей, рост значэння транскантынентальных магістралей. Найбольшай працягласцю аўтадарог характарызуюцца краіны Паўночнай Амерыкі і Заходняй Еўропы. Аўтамагістраль (аўтастрада) уяўляе з сябе шматпалосную скорасную аўтадарогу з удасканаленым пакрыццём, якая не перасякаецца на адным узроўні з іншымі аўтадарогамі. Працягласць усіх аўтамагістралей у свеце складае 326 тыс. км. Найбольш працяглымі сістэмамі аўтастрад валодаюць Кітай (96 тыс. км), ЗША (76) і Заходняя Еўропа (66 тыс. км).

Мал. 189. Чыгуначныя платформы
для перавозкі аўтамабіляў у тунэлі Сімплтан

У свеце цікавага. Швейцарыя выгадна выкарыстоўвае сваё геаграфічнае становішча, а менавіта цэнтральнасць і транзітнасць у Еўрапейскім саюзе. Урад краіны задумаўся над змяншэннем адмоўнага ўздзеяння аўтамабільнага транспарту на навакольнае асяроддзе. На праведзеным у 1994 г. рэферэндуме насельніцтва краіны прагаласавала за тое, каб замежныя грузы перавозіліся праз тэрыторыю Швейцарыі толькі па чыгунцы. Тунэль Сімплтан, які злучае Швейцарыю і Італію, пабудаваны ў 1905 г., — адзін з самых доўгіх у свеце (19,5 км). У ім, як і ў іншых тунэлях, нават аўтамабілі перамяшчаюцца на спецыяльных чыгуначных платформах (так званыя аўтамабільныя паромы) (мал. 189), што памяншае выкіды выхлапных газаў.