§ 27. ГЕАГРАФІЯ ТРАНСПАРТУ СВЕТУ

Мал. 188. Маглеў у Германіі

Чыгуначны транспарт. Чыгуначны транспарт, сусветная сетка якога склалася на пачатку ХХ ст., развіваецца ў цяперашні час за кошт павелічэння інтэнсіўнасці руху, паляпшэння рухомага складу, стварэння высакаскорасных ліній. Найбольшай працягласцю чыгуначных шляхоў характарызуюцца краіны з вялікімі тэрыторыямі — Расія, ЗША, Кітай, Індыя, Канада. Найбольшая гушчыня дарог характэрна для краін Еўропы (Бельгія, Германія, Швейцарыя). Самым дынамічным рэгіёнам па развіцці чыгуначнага транспарту як паводле росту грузаабароту, так і пасажыраабароту з’яўляецца Азія.

Адной з асноўных тэндэнцый развіцця чыгуначнага транспарту з’яўляецца стварэнне звышскорасных цягнікоў на магнітным падвешванні (адштурхванні). Такі від транспарту быў названы левіціруючым, а цягнікі атрымалі назву маглеў (мал. 188).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Першыя эксперыментальныя лініі былі запушчаны ў Германіі ў 1970-я гг. (максімальная скорасць цягнікоў 400 км/г). Пазней была адкрыта першая камерцыйная высакаскорасная лінія ў Шанхаі (скорасць да 450 км/г). Плануецца збудаванне першай міжгародняй лініі ў Японіі.

Паразважаем. Агульная працягласць чыгунак перавышае 1 млн км. У цяперашні час яна не павялічваецца, а ў многіх развітых краінах нават скарачаецца. Як вы лічыце, чаму такое адбываецца ў перыяд хуткага развіцця прамысловай вытворчасці і індустрыялізацыі ў цэлым?