§ 27. ГЕАГРАФІЯ ТРАНСПАРТУ СВЕТУ

Марскі транспарт. Марскі транспарт з’яўляецца вядучым у структуры грузаперавозак. Ён у найбольшай ступені спрыяе інтэрнацыяналізацыі эканамічнай дзейнасці. У структуры грузаў, якія перавозяць, пераважае нафта, далей ідуць кантэйнерныя перавозкі, жалезная руда, вугаль і збожжа. Аб узроўні развіцця марскога транспарту можна меркаваць па колькасці і танажы суднаў і наяўнасці партоў.

З развіццём марскога транспарту звязана такое паняцце, як рэгістрацыя суднаў пад «таннымі», або «зручнымі», сцягамі. Яно заключаецца ў стварэнні рэжыму льготнага падаткаабкладання для суднаўладальнікаў. У 2015 г. краінамі з самым вялікім флотам «танных» сцягоў былі Панама (каля 5,2 тыс. суднаў), Ліберыя (2,6) і Маршалавы астравы (1,5 тыс. суднаў).

Найбольш важныя марскія шляхі перасякаюць Атлантычны, Ціхі і Індыйскі акіяны. У апошні час актыўна развіваюцца трансціхаакеанскія маршруты.

У свеце налічваецца звыш 3 тыс. марскіх партоў. Найбуйнейшымі марскімі партамі па грузаабароце з’яўляюцца Шанхай (645 тыс. т), Сінгапур (538), Цяньцзінь (477 тыс. т). Да найбуйнейшых кантэйнерных партоў свету адносяць Шанхай, Сінгапур, Пусан.

Папрацуем з атласам. З якога аднаго з трох найбуйнейшых марскіх партоў танней за ўсё даставіць грузы ў нашу краіну? Да якога аднаго з вядучых аэрапортаў свету жыхару Беларусі дабрацца хутчэй за ўсё?