§ 24. ГЕАГРАФІЯ ХІМІЧНАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ СВЕТУ

Геаграфія фармацэўтычнай прамысловасці. Падгаліна з’яўляецца самай навукаёмістай у сусветнай гаспадарцы. На яе долю прыходзіцца каля 18 % кошту прадукцыі. Тэмпы росту з’яўляюцца аднымі з самых высокіх у хімічнай індустрыі. Гэта абумоўлена дэмаграфічным старэннем чалавецтва, укараненнем новых прэпаратаў у лячэбную практыку, стварэннем новых пакаленняў лекаў і інш.

Геаграфія фармацэўтыкі адрозніваецца высокай тэрытарыяльнай канцэнтрацыяй — 75 % медыкаментаў вырабляецца ў развітых краінах. Вылучаюць чатыры асноўныя цэнтры сусветнай фармацэўтыкі. ЗША вырабляюць да 30 % медыкаментаў у свеце, але з-за вялікага ўнутранага рынку спажывання экспарт складае 30–35 % вырабленай прадукцыі. Доля Еўропы складае 25–33 % сусветнай вытворчасці. Вядучымі вытворцамі лекавых прэпаратаў выступаюць ФРГ, Швейцарыя і Бельгія. Азіяцкі цэнтр фармацэўтыкі прадстаўлены Японіяй, якая характарызуецца самым вялікім душавым спажываннем медыкаментаў у свеце, і Кітаем, дзе ў апошнія гады ўзрастаюць тэмпы росту фармацэўтыкі. Усходнееўрапейскі цэнтр фармацэўтыкі свету прадстаўлены Венгрыяй, Польшчай, Сербіяй і Славакіяй.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Асноўнымі вытворцамі хімічнай прадукцыі з’яўляюцца краіны, якія развіваюцца. Пры гэтым гандаль прадукцыяй галіны ў большай ступені ідзе паміж развітымі краінамі. 10 з 20 найбуйнейшых ТНК у галіне хіміі размешчаны ў Еўропе. Растлумачце дадзеныя тэндэнцыі.

Папрацуем з атласам. Чаму вытворчасць мінеральных угнаенняў з’яўляецца адной з найбольш маштабных у складзе хімічнай прамысловасці і мае шырокую геаграфію?