§ 24. ГЕАГРАФІЯ ХІМІЧНАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ СВЕТУ
![]() Успамінаем. Што з’яўляецца сыравінай для развіцця хімічнай прамысловасці? Якія віды прадукцыі вырабляе хімічная прамысловасць? Чым адрозніваецца спецыялізацыя хімічнай прамысловасці развітых краін і краін свету, якія развіваюцца? |
![]() Для чаго мы гэта вывучаем? Падумайце, ці магчыма ў цяперашні час чалавеку цалкам адмовіцца ад выкарыстання прадукцыі хімічнай прамысловасці. Якую прадукцыю хімічнай вытворчасці ваша сям’я выкарыстоўвае штодня? Як вы лічыце, ці патрэбны сучаснаму грамадству высокакваліфікаваныя спецыялісты ў галіне хімічнай вытворчасці і чаму штогод абнаўляецца пералік спецыяльнасцей па падрыхтоўцы спецыялістаў-хімікаў ва ўстановах адукацыі? |
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 10 клас |
Книга: | § 24. ГЕАГРАФІЯ ХІМІЧНАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ СВЕТУ |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 9 Май 2025, 22:49 |
Оглавление
- Роля ў сусветнай гаспадарцы і структура хімічнай прамысловасці.
- Фактары размяшчэння хімічных вытворчасцей.
- Геаграфія прамысловасці мінеральных угнаенняў.
- Геаграфія вытворчасці сінтэтычных смол і пластмас.
- Геаграфія вытворчасці хімічных валокнаў.
- Геаграфія фармацэўтычнай прамысловасці.
- Найбуйнейшыя ТНК галіны.
- *П1. Рэгіёны хімічнай прамысловасці свету.
- Геаграфія міжнароднага гандлю асноўнай хімічнай прадукцыяй.
- *П2
Роля ў сусветнай гаспадарцы і структура хімічнай прамысловасці. Хімічная прамысловасць з’яўляецца адной з навукаёмістых галін сусветнай гаспадаркі, якая найбольш дынамічна развіваецца. Яе развіццё сведчыць аб узроўні навукова-тэхнічнага прагрэсу ў краіне. Доля галіны ў структуры апрацоўчай прамысловасці свету складае 9 %, у развітых краінах — 8,7 %, у краінах, якія развіваюцца, — 10,3 %.
![]() У свеце ўсё ўзаемазвязана. Роля і значэнне хімічнай галіны ў эканоміцы вызначаюцца ўнікальнасцю выпускаемай прадукцыі, якая валодае асаблівымі ўласцівасцямі, з’яўляецца незаменнай у іншых галінах прамысловасці. Прывядзіце прыклады, якія даказваюць незаменнасць прадукцыі дадзенай галіны. Чаму ўзровень развіцця хімічнай прамысловасці залежыць ад узроўню развіцця эканомікі краіны? |
У структуры хімічнай прамысловасці вылучаюць: 1) неарганічную, або асноўную, хімію, якая ўключае вытворчасць кіслот, шчолачаў, мінеральных угнаенняў; 2) арганічную хімію, ці хімію арганічнага сінтэзу, якая выпускае палімеры, хімічныя валокны, пластмасы; 3) тонкую хімію, якая вырабляе бытавую хімію, лакафарбавыя вырабы, парфумерна-касметычную прадукцыю, фармацэўтыку.
Фактары размяшчэння хімічных вытворчасцей. На размяшчэнне хімічных вытворчасцей аказваюць уплыў многія фактары, што звязана са складанай галіновай структурай і разнастайнасцю вытворчасцей. Да ліку асноўных адносяцца: сыравінны, энергетычны, водны фактары, фактар працоўных рэсурсаў і наяўнасці высокакваліфікаваных кадраў, спажывецкі, транспартны, экалагічны.
У залежнасці ад спалучэння фактараў у сусветнай гаспадарцы сфарміраваліся мадэлі размяшчэння хімічных вытворчасцей — еўрапейская, паўночнаамерыканская і японская (мал. 168).
Хімічная прамысловасць адрозніваецца разнастайнай сыравіннай базай і ўключае здабычу серы, фасфарытаў, калійных солей, кухоннай солі і інш.
Агульны аб’ём здабычы серы, якая далей выкарыстоўваецца для вытворчасці сернай кіслаты, у свеце складае 80,2 млн т. Найбольшымі аб’ёмамі здабычы серы характарызуюцца Кітай (22 %), ЗША (12) і Расія (9 %). Сусветная здабыча фасфарытаў складае 269 млн т. Асноўная геаграфія здабычы прадстаўлена Кітаем (53 %), Марока (11) і ЗША (10 %). Здабыча калійных солей у свеце дасягнула 41,4 млн т, з іх 26 % здабычы засяроджана ў Канадзе, па 16 % — у Расіі і Беларусі. Аб’ём здабычы кухоннай солі ў свеце роўны 288 млн т. Геаграфія вядучых краін па здабычы ўключае Кітай (23 % сусветнай здабычы), ЗША (16) і Індыю (7 %). Як відаць, значная частка сыравіннай базы хімічнай прамысловасці свету сканцэнтравана ў Кітаі.
![]() Паразважаем. Пісьменнік-фантаст і навуковец-біяхімік Айзек Азімаў пісаў у адной са сваіх аповесцей: «Хімія — гэта смерць, спакаваная ў банкі і скрынкі». Сказанае справядліва ў адносінах не толькі да хіміі, але і да электрычнасці, радыёэлектронікі, транспарту. Ці згодныя вы з гэтым сцвярджэннем або прытрымліваецеся іншага пункту гледжання? |
Геаграфія прамысловасці мінеральных угнаенняў. Вытворчасць мінеральных угнаенняў характарызуецца ўстойлівымі станоўчымі тэндэнцыямі развіцця. Гэта абумоўлена растучым попытам на ўгнаенні ў краінах, якія развіваюцца, у сувязі з вырашэннем харчовай праблемы. Калі ў 1960 г. доля трох асноўных відаў угнаенняў была прыкладна роўная, то ў далейшым адбывалася павелічэнне долі азотных угнаенняў. Так, у цяперашні час з 214 млн т усіх угнаенняў, што вырабляюцца, 57 % прыходзіцца на азотныя, 24 — на фосфарныя і 19 % — на калійныя. Мае месца тэндэнцыя ўзрастання ролі дзяржаў, якія развіваюцца, у іх вытворчасці, напрыклад Кітая, Індыі, Інданезіі, Бразіліі і інш.
Аб’ём вытворчасці азотных угнаенняў у свеце складае 119,6 млн т. За апошнія 50 гадоў адбыўся зрух вытворчасці з развітых краін у краіны, якія развіваюцца, а менавіта з краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі ў Азію. Вядучымі вытворцамі азотных угнаенняў у свеце выступаюць Кітай (29 %), Індыя (11) і ЗША (9 %) (мал. 169). Сусветная вытворчасць фосфарных угнаенняў таксама перамясцілася ў Азію і складае 55,7 млн т, з якіх 30 % засяроджана ў Кітаі (мал. 170), 22 — у ЗША і 8 % — у Індыі. Геаграфія вытворчасці калійных угнаенняў прадстаўлена пераважна Паўночнаамерыканскім і Еўрапейскім рэгіёнамі. Пры сусветным аб’ёме вытворчасці 44,5 млн т доля Канады складае 27 %, Расіі — 20, Беларусі — 16 %.
Геаграфія вытворчасці сінтэтычных смол і пластмас.
Геаграфія вытворчасці сінтэтычных смол і пластмас у свеце развіваецца хуткімі тэмпамі. Так, калі ў 1950 г. іх выпуск складаў 1,6 млн т, то ў цяперашні час дасягнуў амаль 300 млн т. У другой палове XX ст. асноўнымі вытворцамі былі Паўночная Амерыка і Еўропа — 43 % і 37 % адпаведна.
У цяперашні час вядучую пазіцыю займае Азія — 46 %. Адпаведна, змяняюцца і краіны, якія лідзіруюць у вытворчасці. З 2005 г. Кітай становіцца вядучым вытворцам пластмас у свеце, на долю якога прыходзіцца 25 %. ЗША і Германія гістарычна нязменна ўваходзяць у вядучую тройку краін, якія выпускаюць дадзеную прадукцыю, займаючы 12 % і 5 % сусветнага рынку адпаведна.

хімічных валокнаў у Індыі
Геаграфія вытворчасці хімічных валокнаў. У цяперашні час на хімічныя валокны прыходзіцца каля 65 % сусветнай вытворчасці ўсіх відаў валокнаў, на баваўняныя валокны — 29, ваўняныя — 1 %.
З 1950 г. сусветная вытворчасць вырасла з 1,7 да 63,2 млн т у 2013 г. Імклівы рост тлумачыцца пашырэннем сфер выкарыстання хімічных валокнаў. Асноўнымі спажыўцамі выступаюць тэкстыльная, шынная і гуматэхнічная прамысловасць, рыбапрамысловая гаспадарка, дарожнае будаўніцтва і шэраг іншых вытворчасцей. Галоўная асаблівасць геаграфіі прамысловасці хімічных валокнаў — зрух іх вытворчасці ў Азію. Да 1980-х гг. лідарамі былі Еўропа і Паўночная Амерыка. У 2016 г. доля Азіяцкага рэгіёна вырасла да 91 %. Зведала змены і геаграфія вядучых вытворцаў. Сёння з развітых краін сярод лідараў засталіся толькі ЗША і Японія. Доля Кітая складае 67 % сусветнай вытворчасці хімічных валокнаў, Індыі — 9 % (мал. 171). Трэцяе месца ў свеце займаюць ЗША (4 %).
![]() Свет і Беларусь. Якія віды ўгнаенняў вырабляюць у Беларусі? Прывядзіце прыклады прадпрыемстваў, якія вырабляюць у Беларусі прадукцыю хіміі арганічнага сінтэзу. |
Геаграфія фармацэўтычнай прамысловасці. Падгаліна з’яўляецца самай навукаёмістай у сусветнай гаспадарцы. На яе долю прыходзіцца каля 18 % кошту прадукцыі. Тэмпы росту з’яўляюцца аднымі з самых высокіх у хімічнай індустрыі. Гэта абумоўлена дэмаграфічным старэннем чалавецтва, укараненнем новых прэпаратаў у лячэбную практыку, стварэннем новых пакаленняў лекаў і інш.
Геаграфія фармацэўтыкі адрозніваецца высокай тэрытарыяльнай канцэнтрацыяй — 75 % медыкаментаў вырабляецца ў развітых краінах. Вылучаюць чатыры асноўныя цэнтры сусветнай фармацэўтыкі. ЗША вырабляюць да 30 % медыкаментаў у свеце, але з-за вялікага ўнутранага рынку спажывання экспарт складае 30–35 % вырабленай прадукцыі. Доля Еўропы складае 25–33 % сусветнай вытворчасці. Вядучымі вытворцамі лекавых прэпаратаў выступаюць ФРГ, Швейцарыя і Бельгія. Азіяцкі цэнтр фармацэўтыкі прадстаўлены Японіяй, якая характарызуецца самым вялікім душавым спажываннем медыкаментаў у свеце, і Кітаем, дзе ў апошнія гады ўзрастаюць тэмпы росту фармацэўтыкі. Усходнееўрапейскі цэнтр фармацэўтыкі свету прадстаўлены Венгрыяй, Польшчай, Сербіяй і Славакіяй.
![]() Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Асноўнымі вытворцамі хімічнай прадукцыі з’яўляюцца краіны, якія развіваюцца. Пры гэтым гандаль прадукцыяй галіны ў большай ступені ідзе паміж развітымі краінамі. 10 з 20 найбуйнейшых ТНК у галіне хіміі размешчаны ў Еўропе. Растлумачце дадзеныя тэндэнцыі. |
![]() Папрацуем з атласам. Чаму вытворчасць мінеральных угнаенняў з’яўляецца адной з найбольш маштабных у складзе хімічнай прамысловасці і мае шырокую геаграфію? |
Найбуйнейшыя ТНК галіны. Хімічная прамысловасць свету характарызуецца высокай ступенню транснацыяналізацыі.
![]() У свеце ТНК. Найбуйнейшымі ТНК з’яўляюцца BASF (Германія), якая спецыялізуецца на шырокім спектры хімікатаў (хімікаты для захаванасці прадуктаў, азотная кіслата і метанол, лакі, фарбы, касметыка, мыйныя сродкі, вітаміны); Bayer (Германія) (мал. 172), якая выпускае фармацэўтычныя прэпараты, высокатэхналагічныя хімічныя матэрыялы для аховы ўраджаю, і Saudi Basic Industries (Саудаўская Аравія), якая вырабляе ўгнаенні, інавацыйныя пластмасы, палімеры і інш. |
*Рэгіёны хімічнай прамысловасці свету. Хімічная прамысловасць свету з’яўляецца ўсёабдымнай па геаграфічным і галіновым ахопе. У свеце практычна не засталося краін, якія не былі б уцягнутыя ў МГПП у хімічных вытворчасцях. Разам з гэтым у структуры сусветнай гаспадаркі не засталося галін, якія б выкарыстоўвалі прадукцыю хімічнай прамысловасці для сваіх патрэб. Міжнародная спецыялізацыя абумовіла вылучэнне трох рэгіёнаў хімічнай прамысловасці: еўрапейскага, паўночнаамерыканскага і азіяцкага.
Еўрапейскі рэгіён вырабляе 32 % хімічнай прадукцыі ў свеце, і для яго характэрна самая вялікая ў свеце доля занятых у галіне. У рэгіёне ёсць уласная сыравінная база для развіцця хімічных вытворчасцей (кухонная соль, каменная соль, фасфарыты, самародная сера, пірыты, вапнякі і інш.). Асаблівасцю спецыялізацыі з’яўляецца высокая доля прадукцыі высокага кошту і вялікага экспартнага значэння (касметычныя і парфумерныя тавары, фармацэўтыка). Тут размешчаны штаб-кватэры вядучых хімічных ТНК свету. Еўропа адыгрывае важную ролю ў знешнім гандлі свету хімічнымі таварамі, забяспечваючы 2/3 сусветнага абароту.
Доля Паўночнаамерыканскага рэгіёна складае каля 30 %. У ім засяроджаны ўнікальныя запасы горнахімічнай і вуглевадароднай сыравіны, водных рэсурсаў для стварэння вадаёмістых і энергаёмістых хімічных вытворчасцей. Адметнымі асаблівасцямі рэгіёна з’яўляюцца вялікі ўнутраны рынак спажыўцоў разнастайнай хімічнай прадукцыі і магутны навукова-тэхнічны патэнцыял, які забяспечвае стварэнне інавацыйных тэхналогій і абсталявання. Асноўнымі галінамі спецыялізацыі выступаюць вытворчасць мінеральных угнаенняў, палімерных матэрыялаў, гуматэхнічная прамысловасць, фармацэўтычная і парфумерна-касметычная. У знешнім гандлі доля рэгіёна невялікая ў параўнанні з Еўропай.
Азіяцкі рэгіён вырабляе каля 29–30 % сусветнага аб’ёму хімічнай прадукцыі і адрозніваецца больш высокімі тэмпамі попыту на яе. Рэгіён мае неабмежаваныя рэсурсы таннай працоўнай сілы для працаёмкіх вытворчасцей галіны, і ў многіх краінах адсутнічаюць экалагічныя абмежаванні. У структуры ёсць усе вытворчасці сучаснай структуры галіны. У рэгіёне прадстаўлены гістарычны лідар хімічнай прамысловасці свету — Японія, на долю якой прыходзіцца 18 % прадукцыі галіны ў свеце і 62 % прадукцыі ў Азіі, і новыя лідары — Кітай, краіны Персідскага заліва і НІК (новыя індустрыяльныя краіны). У экспарце пераважае высокатэхналагічная прадукцыя, у імпарце — масавыя танныя хімікаты (мінеральныя ўгнаенні, неарганічныя кіслоты, шчолачы і інш.).
Геаграфія міжнароднага гандлю асноўнай хімічнай прадукцыяй. Гандаль мінеральнымі ўгнаеннямі паказвае значны рост. Найбуйнейшымі экспарцёрамі азотных угнаенняў выступаюць Расія (9,1 млн т), Кітай (7,2) і Нідэрланды (2,6 млн т). Галоўным экспарцёрам калійных угнаенняў традыцыйна выступае Канада (9,6 млн т), другое і трэцяе месцы займаюць Расія (6,9) і Беларусь (4,2 млн т). Лідарам экспарту фосфарных угнаенняў з’яўляецца Марока (5,1 млн т), другую пазіцыю займае Кітай (5,0), трэцюю — Расія (3,4 млн т).
![]() Падвядзём вынікі. Хімічная прамысловасць — галіна апрацоўчай прамысловасці, якая дынамічна развіваецца. У структуры хімічнай прамысловасці свету вылучаюць ..., ... і ... . Міжнародная спецыялізацыя абумовіла вылучэнне ..., ... і ... рэгіёнаў хімічнай прамысловасці. Хімічная прамысловасць характарызуецца высокай ступенню ўцягнутасці ў міжнародны геаграфічны падзел працы і транснацыяналізацыі. |
![]() Праверым свае веды. 1. У чым адрозненне асноўных мадэлей размяшчэння хімічнай прамысловасці? 2. Чаму адбыліся змены ў структуры вытворчасці мінеральных угнаенняў? 3. Чаму Кітай заняў лідзіруючыя пазіцыі ў вытворчасці хімічнай прадукцыі? 4. Як змянілася структура хімічнай прамысловасці пад уплывам НТР? |
![]() Ад простага да складанага. Складзіце ментальную карту «Хімія ў жыцці чалавека». |
![]() Ад тэорыі да практыкі. Выкарыстоўваючы картаграфічны матэрыял, матэрыял вучэбнага дапаможніка і дадатковую літаратуру, запоўніце табліцу ў сшытку. |
![]() |
Падарожжа па Глабальнай сетцы. Сайт часопіса «Хімія і жыццё». |
![]() |
Сайт Міжнароднай асацыяцыі вытворцаў угнаенняў. | ![]() |
|
Сайт ТНК BASF. | ![]() |
|
Сайт ТНК Bayer. | ![]() |
|
Сайт ТНК Saudi Basic Industries. | ![]() |