§ 24. ГЕАГРАФІЯ ХІМІЧНАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ СВЕТУ

Роля ў сусветнай гаспадарцы і структура хімічнай прамысловасці. Хімічная прамысловасць з’яўляецца адной з навукаёмістых галін сусветнай гаспадаркі, якая найбольш дынамічна развіваецца. Яе развіццё сведчыць аб узроўні навукова-тэхнічнага прагрэсу ў краіне. Доля галіны ў структуры апрацоўчай прамысловасці свету складае 9 %, у развітых краінах — 8,7 %, у краінах, якія развіваюцца, — 10,3 %.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Роля і значэнне хімічнай галіны ў эканоміцы вызначаюцца ўнікальнасцю выпускаемай прадукцыі, якая валодае асаблівымі ўласцівасцямі, з’яўляецца незаменнай у іншых галінах прамысловасці. Прывядзіце прыклады, якія даказваюць незаменнасць прадукцыі дадзенай галіны. Чаму ўзровень развіцця хімічнай прамысловасці залежыць ад узроўню развіцця эканомікі краіны?

У структуры хімічнай прамысловасці вылучаюць: 1) неарганічную, або асноўную, хімію, якая ўключае вытворчасць кіслот, шчолачаў, мінеральных угнаенняў; 2) арганічную хімію, ці хімію арганічнага сінтэзу, якая выпускае палімеры, хімічныя валокны, пластмасы; 3) тонкую хімію, якая вырабляе бытавую хімію, лакафарбавыя вырабы, парфумерна-касметычную прадукцыю, фармацэўтыку.