§ 24. ГЕАГРАФІЯ ХІМІЧНАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ СВЕТУ

Мал. 171. Завод па вытворчасці
хімічных валокнаў у Індыі

Геаграфія вытворчасці хімічных валокнаў. У цяперашні час на хімічныя валокны прыходзіцца каля 65 % сусветнай вытворчасці ўсіх відаў валокнаў, на баваўняныя валокны — 29, ваўняныя — 1 %.

З 1950 г. сусветная вытворчасць вырасла з 1,7 да 63,2 млн т у 2013 г. Імклівы рост тлумачыцца пашырэннем сфер выкарыстання хімічных валокнаў. Асноўнымі спажыўцамі выступаюць тэкстыльная, шынная і гуматэхнічная прамысловасць, рыбапрамысловая гаспадарка, дарожнае будаўніцтва і шэраг іншых вытворчасцей. Галоўная асаблівасць геаграфіі прамысловасці хімічных валокнаў — зрух іх вытворчасці ў Азію. Да 1980-х гг. лідарамі былі Еўропа і Паўночная Амерыка. У 2016 г. доля Азіяцкага рэгіёна вырасла да 91 %. Зведала змены і геаграфія вядучых вытворцаў. Сёння з развітых краін сярод лідараў засталіся толькі ЗША і Японія. Доля Кітая складае 67 % сусветнай вытворчасці хімічных валокнаў, Індыі — 9 % (мал. 171). Трэцяе месца ў свеце займаюць ЗША (4 %).

Свет і Беларусь. Якія віды ўгнаенняў вырабляюць у Беларусі? Прывядзіце прыклады прадпрыемстваў, якія вырабляюць у Беларусі прадукцыю хіміі арганічнага сінтэзу.