§ 24. ГЕАГРАФІЯ ХІМІЧНАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ СВЕТУ

Геаграфія прамысловасці мінеральных угнаенняў. Вытворчасць мінеральных угнаенняў характарызуецца ўстойлівымі станоўчымі тэндэнцыямі развіцця. Гэта абумоўлена растучым попытам на ўгнаенні ў краінах, якія развіваюцца, у сувязі з вырашэннем харчовай праблемы. Калі ў 1960 г. доля трох асноўных відаў угнаенняў была прыкладна роўная, то ў далейшым адбывалася павелічэнне долі азотных угнаенняў. Так, у цяперашні час з 214 млн т усіх угнаенняў, што вырабляюцца, 57 % прыходзіцца на азотныя, 24 — на фосфарныя і 19 % — на калійныя. Мае месца тэндэнцыя ўзрастання ролі дзяржаў, якія развіваюцца, у іх вытворчасці, напрыклад Кітая, Індыі, Інданезіі, Бразіліі і інш.

Аб’ём вытворчасці азотных угнаенняў у свеце складае 119,6 млн т. За апошнія 50 гадоў адбыўся зрух вытворчасці з развітых краін у краіны, якія развіваюцца, а менавіта з краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі ў Азію. Вядучымі вытворцамі азотных угнаенняў у свеце выступаюць Кітай (29 %), Індыя (11) і ЗША (9 %) (мал. 169). Сусветная вытворчасць фосфарных угнаенняў таксама перамясцілася ў Азію і складае 55,7 млн т, з якіх 30 % засяроджана ў Кітаі (мал. 170), 22 — у ЗША і 8 % — у Індыі. Геаграфія вытворчасці калійных угнаенняў прадстаўлена пераважна Паўночнаамерыканскім і Еўрапейскім рэгіёнамі. Пры сусветным аб’ёме вытворчасці 44,5 млн т доля Канады складае 27 %, Расіі — 20, Беларусі — 16 %.