§ 24. ГЕАГРАФІЯ ХІМІЧНАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ СВЕТУ

Фактары размяшчэння хімічных вытворчасцей. На размяшчэнне хімічных вытворчасцей аказваюць уплыў многія фактары, што звязана са складанай галіновай структурай і разнастайнасцю вытворчасцей. Да ліку асноўных адносяцца: сыравінны, энергетычны, водны фактары, фактар працоўных рэсурсаў і наяўнасці высокакваліфікаваных кадраў, спажывецкі, транспартны, экалагічны.

У залежнасці ад спалучэння фактараў у сусветнай гаспадарцы сфарміраваліся мадэлі размяшчэння хімічных вытворчасцей — еўрапейская, паўночнаамерыканская і японская (мал. 168).

Хімічная прамысловасць адрозніваецца разнастайнай сыравіннай базай і ўключае здабычу серы, фасфарытаў, калійных солей, кухоннай солі і інш.

Агульны аб’ём здабычы серы, якая далей выкарыстоўваецца для вытворчасці сернай кіслаты, у свеце складае 80,2 млн т. Найбольшымі аб’ёмамі здабычы серы характарызуюцца Кітай (22 %), ЗША (12) і Расія (9 %). Сусветная здабыча фасфарытаў складае 269 млн т. Асноўная геаграфія здабычы прадстаўлена Кітаем (53 %), Марока (11) і ЗША (10 %). Здабыча калійных солей у свеце дасягнула 41,4 млн т, з іх 26 % здабычы засяроджана ў Канадзе, па 16 % — у Расіі і Беларусі. Аб’ём здабычы кухоннай солі ў свеце роўны 288 млн т. Геаграфія вядучых краін па здабычы ўключае Кітай (23 % сусветнай здабычы), ЗША (16) і Індыю (7 %). Як відаць, значная частка сыравіннай базы хімічнай прамысловасці свету сканцэнтравана ў Кітаі.

Паразважаем. Пісьменнік-фантаст і навуковец-біяхімік Айзек Азімаў пісаў у адной са сваіх аповесцей: «Хімія — гэта смерць, спакаваная ў банкі і скрынкі». Сказанае справядліва ў адносінах не толькі да хіміі, але і да электрычнасці, радыёэлектронікі, транспарту. Ці згодныя вы з гэтым сцвярджэннем або прытрымліваецеся іншага пункту гледжання?