§ 21. ГЕАГРАФІЯ ЭНЕРГЕТЫКІ СВЕТУ

*Роля АПЕК. У цяперашні час на сусветным рынку нафты асноўнай арганізацыяй, якая яго рэгулюе, з’яўляецца АПЕК — Арганізацыя краін — экспарцёраў нафты. Яна была заснавана ў 1960 г. па рашэнні пяці краін, што развіваюцца (Ірак, Іран, Кувейт, Саудаўская Аравія, Венесуэла), якія займаюць галоўныя пазіцыі ў нафтаздабычы (мал. 145-3). Асноўнымі мэтамі арганізацыі з’яўляюцца: каардынацыя і ўніфікацыя нафтавай палітыкі дзяржаў-членаў, забеспячэнне стабільнасці цэн на сусветных рынках нафты, увага да інтарэсаў краін — вытворцаў нафты, забеспячэнне ўстойлівых даходаў краін — вытворцаў нафты, ахова навакольнага асяроддзя ў інтарэсах цяперашніх і будучых пакаленняў, супрацоўніцтва з краінамі — не членамі АПЕК у мэтах рэалізацыі ініцыятыў па стабілізацыі сусветнага рынку нафты.

Мал.
Мал. 145-3. Сцяг АПЕК

Строга рэгулюючы здабычу і экспарт нафты, краіны АПЕК валодаюць магчымасцю дыктаваць сусветныя цэны на нафту з улікам сваіх нацыянальных інтарэсаў. Такая магчымасць з’яўляецца следствам трох асноўных фактараў.

Па-першае, краіны, якія ўваходзяць у АПЕК, валодаюць найбагацейшымі запасамі нафты. На іх долю прыпадае больш за 70 % даказаных сусветных запасаў. Па-другое, на сённяшні дзень доля АПЕК у здабычы складае 42 % сусветнай здабычы нафты. Па-трэцяе, сабекошт здабычы нафты на радовішчах АПЕК істотна ніжэй, чым у іншых рэгіёнах планеты, таму АПЕК можа даволі лёгка змяняць узровень здабычы нафты як у бок змяншэння, так і павелічэння.

У цэлым, роля АПЕК у сусветнай гаспадарцы зводзіцца да падтрымання стабільнасці цэн на нафту, ураўнаважванню попыту і прапановы цераз павелічэнне або памяншэнне здабычы нафты (мал. 145-4).

Мал.
Мал. 145-4. Дынаміка цэн на нафту, дол. за барэль маркі Brent