§ 21. ГЕАГРАФІЯ ЭНЕРГЕТЫКІ СВЕТУ
Успамінаем. Якія рэсурсы свету адносяцца да энергетычных? Якія краіны свету маюць буйныя запасы нафты і прыроднага газу? Якія краіны валодаюць буйнымі запасамі каменнага вугалю? Якія віды электрастанцый існуюць? |
Для чаго мы гэта вывучаем? Ці магчыма сёння ўявіць жыццё без электрычнай энергіі? Чаму развіццё энергетыкі аказвае вызначальны ўплыў на развіццё ўсіх астатніх відаў гаспадарчай дзейнасці людзей? Ці існуюць праблемы ў грамадстве, звязаныя з развіццём энергетычнага комплексу? |
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 10 клас |
Книга: | § 21. ГЕАГРАФІЯ ЭНЕРГЕТЫКІ СВЕТУ |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Среда, 15 Январь 2025, 20:37 |
Агульная характарыстыка энергетыкі. Энергетыка з’яўляецца базавай галіной прамысловасці. Яе развіццё выступае неад’емнай умовай функцыянавання ўсіх іншых галін індустрыяльнага сектара.
У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як па аб’ёмах спажывання электрычнай энергіі можна вызначыць узровень сацыяльна-эканамічнага развіцця краін? Якія экалагічныя праблемы ўзнікаюць у сувязі з развіццём энергетыкі? |
У склад галіны ўваходзіць паліўна-энергетычная прамысловасць (нафтавая, газавая, вугальная) і электраэнергетыка. Асноўнымі энерганосьбітамі выступаюць нафта, прыродны газ, вугаль, гідра- і атамная энергія. На працягу гісторыі сусветнай гаспадаркі адбываецца няўхільны рост вытворчасці і спажывання энергіі. Аднак пад уплывам НТР змяняецца іх структура. У другой палове ХХ ст. вядучая роля ў структуры спажывання належала вугалю, другім па значнасці энергарэсурсам была нафта. У цяперашні час у выніку змены ў спажыванні, вычарпання энергетычных рэсурсаў, абвастрэння экалагічнага становішча і пераходу да энергазберагальных тэхналогій вядучае месца ў балансе перайшло да нафты (33 %). Далей ідуць вугаль (28) і прыродны газ (24 %). Доля гідраэнергіі складае 7 %, атамнай — 5 %. На аднаўляльныя энергетычныя крыніцы прыходзіцца 3 %.
Паразважаем. 1. Авалоданне крыніцамі энергіі заўсёды было спосабам выжывання чалавецтва. І сёння яе спажыванне застаецца адным з найважнейшых не толькі эканамічных, але і сацыяльных паказчыкаў, якія шмат у чым прадвызначаюць узровень жыцця людзей. Вось чаму часам кажуць, што энергетыка кіруе светам. Ці згодныя вы з дадзеным сцвярджэннем? 2. Энергетыка — рухавік тэхнічнага працэсу. Ці так гэта? |
Геаграфія нафтавай прамысловасці. Нафтавая прамысловасць выступае найважнейшай галіной у структуры энергетыкі свету. Значная частка здабываемай нафты выкарыстоўваецца як паліва. Аднак у апошні час вялікая яе частка прымяняецца ў нафтахімічнай і хімічнай прамысловасці.
Нафтавая прамысловасць з’яўляецца галіной, якая дынамічна развіваецца, што звязана з яе высокай прыбытковасцю. Гэты фактар прыводзіць да распрацоўкі новых спосабаў здабычы нафты, росту спажывання і павелічэння тэмпаў здабычы. За апошнія 50 гадоў аб’ёмы здабычы нафты выраслі ў чатыры разы і складаюць 4482 млн т (мал. 143). У геаграфіі здабычы вылучаюцца тры асноўныя рэгіёны — Паўднёва-Заходняя Азія (34 %), Паўночная Амерыка (20) і Еўропа з СНД (20 %). Тры вядучыя краіны свету па здабычы нафты — ЗША, Саудаўская Аравія і Расія — характарызаваліся раней прыкладна аднолькавымі аб’ёмамі здабычы (больш як 0,5 млрд т). Аднак у 2018 г. ЗША выйшлі на першае месца ў свеце. Здабыча склала 666 млн т. Прыкметна ўзмацніліся з канца ХХ ст. пазіцыі Кітая, на долю якога прыходзіцца 5 % сусветнай здабычы.
Сучасныя змены ў геаграфіі нафтавай прамысловасці свету звязаны з асваеннем шэльфавых радовішчаў у Паўночным моры, Мексіканскім, Каліфарнійскім, Гвінейскім залівах, каля астравоў Паўднёва-Усходняй Азіі і інш. У некаторых краінах у шэльфавай зоне сканцэнтравана асноўная частка запасаў (Нарвегія, Вялікабрытанія — 100 %; Бахрэйн — 90; ЗША — 50 %).
Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, вызначыце геаграфію экспартных патокаў нафты. |
Геаграфія газавай прамысловасці. Газавая прамысловасць з’яўляецца другой па значнасці ў структуры энергетыкі свету. Прыродны газ адрозніваецца большай цеплатворнай здольнасцю. Ён з’яўляецца больш экалагічна чыстым энерганосьбітам, які валодае значна лягчэйшай сістэмай здабычы, добрымі магчымасцямі транспарціроўкі і звадкавання. У параўнанні з нафтай за апошнія 50 гадоў аб’ёмы здабычы прыроднага газу павялічыліся амаль у 8 разоў і складаюць у цяперашні час 3937 млрд м3 (мал. 144). Рэгіянальная структура здабычы прыроднага газу характарызуецца вылучэннем трох асноўных цэнтраў: 1) Еўропа з СНД (28 %); 2) Паўночная Амерыка (27) і Паўднёва-Заходняя Азія (18 %). Сярод вядучых краін па здабычы прыроднага газу вылучаюцца ЗША (862 млрд м3), Расія (715) і Іран (231 млрд м3).
Адной з асаблівасцей геаграфіі газавай прамысловасці з’яўляецца стварэнне марскіх падводных рэзервуараў. У цяперашні час яны маюцца ў Паўночным моры, Мексіканскім заліве, у ПаўднёваУсходняй Азіі. Пры агульнай долі марской здабычы, якая складае каля 20 % сусветнай, у шэрагу краін яна з’яўляецца дамінуючай — каля 80 % (Бруней, Малайзія, Нарвегія, Вялікабрытанія).
У свеце цікавага. Нафта і прыродны газ вядомыя з даўніх часоў. У старажытнасці нафту і яе вытворныя выкарыстоўвалі як лекі, змазку, будаўнічы матэрыял, для асвятлення і ў іншых мэтах. Яшчэ да нашай эры нафту здабывалі саматужным спосабам і ў невялікіх колькасцях на Блізкім Усходзе, у Кітаі, на Каўказе і ў Крыме. Аднак толькі з адкрыццём машыннага спосабу здабычы нафты шляхам бурэння свідравін з другой паловы XIX ст. пачалося развіццё нафтаздабываючай прамысловасці. |
Геаграфія вугальнай прамысловасці. Вугальная прамысловасць — найстарэйшая галіна энергетыкі, якая гістарычна мае важнае значэнне не толькі ў паліўнай прамысловасці, але і для развіцця металургічнай і хімічнай галін сусветнай гаспадаркі. За апошнія 50 гадоў аб’ёмы сусветнай здабычы ўзраслі ў тры разы і складаюць 7813 млн т (мал. 145).
У рэгіянальнай структуры здабычы вугалю вылучаюцца старыя і новыя цэнтры. Да старых цэнтраў адносяцца Еўропа, Паўночная Амерыка і Аўстралія, да новых, што дынамічна развіваюцца, — Азія.
У геаграфіі здабычы адбыліся кардынальныя зрухі, якія характарызуюцца высокай прасторавай канцэнтрацыяй і пераносам галіны ў Азіяцкі рэгіён. На долю Усходняй, Паўднёва-Усходняй, Паўднёвай Азіі, Аўстраліі і Акіяніі прыходзіцца 69 % сусветнай здабычы, а на долю Кітая — 46 % (3550 млн т). Сярод вядучых краін па здабычы вугалю вылучаюцца таксама Індыя (9 % сусветнай здабычы, 771 млн т) і ЗША (9 % сусветнай здабычы, 685 млн т).
*Геаграфія міжнароднага гандлю нафтай, прыродным газам, вугалем. Геаграфія міжнароднага гандлю нафтай залежыць ад запасаў сыравіны і знешняй палітыкі краіны ў галіне міжнароднага гандлю. Аднак сыравінная арыентацыя экспарту з’яўляецца адметнай асаблівасцю пераважна краін, якія развіваюцца.
Экспарт нафты ў свеце ў 2017 г. склаў 2184 млн т. Краіны са значнымі запасамі нафты з’яўляюцца таксама асноўнымі яе экспарцёрамі (мал. 145-1). Трыма краінамі з найбольшым аб’ёмам экспарту нафты з’яўляюцца Саудаўская Аравія (375 млн т), Расія (277) і Ірак (189 млн т). Найбольшым аб’ёмамі імпарту нафты характарызуюцца Кітай (422 млн т), ЗША (394) і Індыя (211 млн т).
Міжнародны гандаль прыродным газам ажыццяўляецца трубаправодным транспартам альбо ў сціснутым выглядзе ў крыацыстэрнах. У 2017 г. экспарт прыроднага газу ў свеце склаў 1084 млрд м3 (мал. 145-2). Найбуйнейшымі яго экспарцёрамi з’яўляюцца Расія (200 млрд м3), Катар (124) і Нарвегія (115). Найбольшай залежнасцю ад імпарту прыроднага газу характарызуюцца Японія (109 млрд м3), Германія (99) і ЗША (84). Менавіта гэтыя краіны з’яўляюцца найбуйнейшымі яе імпарцёрамі.
Экспарт вугалю ў свеце ў 2017 г. склаў 800 млн т. Лідарамі ў міжнародным гандлі вугалем з’яўляюцца Аўстралія — 390 млн т (ці 30 % ад агульнага аб’ёму), Інданезія — 367 млн т (25 %) і Расія — 147 млн тон (12 %).
*Роля АПЕК. У цяперашні час на сусветным рынку нафты асноўнай арганізацыяй, якая яго рэгулюе, з’яўляецца АПЕК — Арганізацыя краін — экспарцёраў нафты. Яна была заснавана ў 1960 г. па рашэнні пяці краін, што развіваюцца (Ірак, Іран, Кувейт, Саудаўская Аравія, Венесуэла), якія займаюць галоўныя пазіцыі ў нафтаздабычы (мал. 145-3). Асноўнымі мэтамі арганізацыі з’яўляюцца: каардынацыя і ўніфікацыя нафтавай палітыкі дзяржаў-членаў, забеспячэнне стабільнасці цэн на сусветных рынках нафты, увага да інтарэсаў краін — вытворцаў нафты, забеспячэнне ўстойлівых даходаў краін — вытворцаў нафты, ахова навакольнага асяроддзя ў інтарэсах цяперашніх і будучых пакаленняў, супрацоўніцтва з краінамі — не членамі АПЕК у мэтах рэалізацыі ініцыятыў па стабілізацыі сусветнага рынку нафты.
Строга рэгулюючы здабычу і экспарт нафты, краіны АПЕК валодаюць магчымасцю дыктаваць сусветныя цэны на нафту з улікам сваіх нацыянальных інтарэсаў. Такая магчымасць з’яўляецца следствам трох асноўных фактараў.
Па-першае, краіны, якія ўваходзяць у АПЕК, валодаюць найбагацейшымі запасамі нафты. На іх долю прыпадае больш за 70 % даказаных сусветных запасаў. Па-другое, на сённяшні дзень доля АПЕК у здабычы складае 42 % сусветнай здабычы нафты. Па-трэцяе, сабекошт здабычы нафты на радовішчах АПЕК істотна ніжэй, чым у іншых рэгіёнах планеты, таму АПЕК можа даволі лёгка змяняць узровень здабычы нафты як у бок змяншэння, так і павелічэння.
У цэлым, роля АПЕК у сусветнай гаспадарцы зводзіцца да падтрымання стабільнасці цэн на нафту, ураўнаважванню попыту і прапановы цераз павелічэнне або памяншэнне здабычы нафты (мал. 145-4).
Геаграфія электраэнергетыкі. Электраэнергетыка лічыцца вядучай галіной сусветнай гаспадаркі. Яе ўнікальнымі рысамі з’яўляюцца магчымасць выкарыстання шырокім колам спажыўцоў (транспарт, сувязь, жыллёва-камунальная і сельская гаспадарка і інш.), адносная экалагічная бяспека, магчымасць укаранення навукова-тэхнічных дасягненняў для павышэння эфектыўнасці нацыянальных гаспадарак.
На пачатку ХХІ ст. у структуры сыравіннага балансу вытворчасці электраэнергіі пераважае вугаль (мал. 146).
За апошнія 50 гадоў сусветная вытворчасць электраэнергіі павялічвалася значна хутчэй, чым у іншых галінах энергетыкі, — узрасла больш чым у 10 разоў і складае ў цяперашні час 25,6 трлн кВт·г (мал. 147). У параўнанні з другой паловай ХХ ст. значна ўзрасла доля Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна, дзе цяпер вырабляецца 44 % электраэнергіі свету, больш чым па 20 % прыходзіцца на краіны Паўночнай Амерыкі і Еўропы з СНД. У апошні час прыкметна ўзмацніліся пазіцыі краін, якія развіваюцца, у вытворчасці электраэнергіі. Вядучымі краінамі па агульных аб’ёмах вытворчасці з’яўляюцца Кітай (6,6 трлн кВт·г), ЗША (4,2) і Індыя (1,5 трлн кВт·г).
Электрычная энергія выпрацоўваецца на трох асноўных тыпах электрастанцый — ЦЭС, ГЭС і АЭС, якія ў суме вырабляюць 99 % энергіі. ЦЭС — найбольш распаўсюджаныя ў свеце. Яны вырабляюць у сярэднім 64 % электраэнергіі свету, прадстаўлены ў многіх краінах і працуюць на мінеральнай сыравіне (вугалі, мазуце, прыродным газе). Найбольшай доляй вугалю ў вытворчасці электраэнергіі характарызуюцца ПАР, Кітай, Аўстралія, Расія і інш.
Свет і Беларусь. Якія тыпы электрастанцый існуюць у Рэспубліцы Беларусь? Якія віды альтэрнатыўнай энергетыкі атрымалі развіццё ў Рэспубліцы Беларусь? |
Доля ГЭС у структуры сусветнай вытворчасці электраэнергіі складае 16 %. Размяшчэнне гідраэнергетыкі залежыць ад засвоенасці гідраэнергарэсурсаў. Сусветная вытворчасць складае 4,2 трлн кВт·г. У некаторых краінах гідраэнергетыка з’яўляецца вызначальнай у структуры электраэнергетыкі і складае больш за 60 %. Напрыклад, у Нарвегіі, Венесуэле, Бразіліі. Вядучымі сусветнымі вытворцамі гідраэнергіі выступаюць Кітай, Бразілія і Канада. Найбуйнейшымі ГЭС свету з’яўляюцца Санься (Кітай, р. Янцзы, 22,5 млн кВт) (мал. 148); Ітайпу (Бразілія-Парагвай, р. Парана, 16,0 млн кВт) і Сілоду (Кітай, правінцыі Юньнань і Сычуань, р. Янцзы, 13,9 млн кВт).
Доля АЭС у структуры электраэнергетыкі складае 10 %. У цяперашні час у свеце налічваецца 435 атамных рэктараў, у тым ліку ў ЗША — 104, Францыі — 58 і Японіі — 50. Найбольшай доляй атамнай энергіі ў структуры электраэнергетыкі характарызуюцца Францыя (больш за 70 %), Славакія і Бельгія (больш за 50 %). Асноўнымі вытворцамі атамнай энергіі ў свеце з’яўляюцца ЗША (839 млрд кВт·г), Францыя (398) і Кітай (248 млрд кВт·г). Найбуйнейшымі па магутнасці АЭС у свеце лічацца Касівадзакі-Карыва (Японія) (мал. 149), Брус (Канада) і Коры (Рэспубліка Карэя).
Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Аварыі на Чарнобыльскай АЭС і АЭС «Фукусіма» змянілі ў многіх краінах стаўленне да атамнай энергетыкі. Так, пасля катастрофы на ЧАЭС усе краіны падзяліліся на тры групы: краіны-«адмоўнікі» (напр., Аўстрыя, Італія, Польшча); краіны без дэмантажу і без будаўніцтва новых АЭС (ЗША, Украіна, Расія) і краіны з шырокамаштабнымі атамна-энергетычнымі праграмамі (Францыя, Японія, Рэспубліка Карэя, Кітай). Пасля аварыі на «Фукусіме» ў Італіі быў прыняты Закон аб адмове ад развіцця ядзернай энергетыкі (2011), у Германіі распрацавана праграма адмовы ад ядзернай энергетыкі да 2022 г., у Швейцарыі прынята рашэнне прыпыніць рэалізацыю новых праектаў будаўніцтва ядзерных энергаблокаў, у Бельгіі поўны «выхад» з ядзернай энергетыкі намечаны на 2025 г. Аднак у цэлым Еўропа не збіраецца адмаўляецца ад ядзернай энергетыкі. У Азіі актыўнае развіццё ядзерных праграм адбываецца ў КНДР, Іране, Кувейце, Саудаўскай Аравіі і інш. |
Папрацуем з атласам. Вызначыце краіны з максімальным і мінімальным аб’ёмам вытворчасці электрычнай энергіі на душу насельніцтва. |
З-за вычарпальнасці энергетычных рэсурсаў у свеце, пагаршэння навакольнага асяроддзя і з прычыны развіцця энергазберажэння атрымлівае актыўнае развіццё альтэрнатыўная электраэнергетыка.
Альтэрнатыўная электраэнергетыка ўключае спосабы вытворчасці энергіі з аднаўляльных рэсурсаў і прыродных з’яў (вецер, сонечныя прамяні, патокі вады, якія рухаюцца, геатэрмальныя воды і інш.). |
Перавагі аднаўляльных крыніц энергіі — шырокае іх распаўсюджванне, адсутнасць негатыўнага ўплыву на навакольнае асяроддзе і здароўе чалавека, эканамічнасць. У сучаснай структуры электраэнергетыкі доля альтэрнатыўнай складае 7 %. Вылучаюць ветравую, сонечную, геатэрмальную і прыліўную энергетыку.
Найбольшае развіццё атрымлівае ветравая энергетыка (мал. 150). Вытворчасць электраэнергіі з выкарыстаннем сілы ветру складае ў свеце 1127 млрд кВт·г. Вядучымі вытворцамі выступаюць Кітай (295), ЗША (257), Германія (106). Найбольшай доляй ветравой электраэнергіі ў структуры электраэнергетыкі ў свеце характарызуецца Іспанія (18 %).
Другое месца па аб’ёмах вытворчасці займае сонечная энергетыка. У 2017 г. у свеце было выраблена 444 млрд кВт·г сонечнай электраэнергіі. Вядучымі вытворцамі з’яўляюцца Кітай (141), ЗША (67), Японія (55). Сумарная магутнасць геатэрмальных электрастанцый (мал. 151) складае 14,6 млн кВт, у тым ліку ў ЗША — 3,6, у Інданезіі — 1,9 і на Філіпінах — 1,8 кВт. Энергія прыліваў і марскіх хваль выкарыстоўваецца ў свеце ў меншай ступені і атрымлівае найбольшае распаўсюджанне ў Францыі, Расіі, Нарвегіі, Канадзе і Кітаі.
Міжнародны гандаль электраэнергіяй. У міжнародным гандлі электраэнергіяй па аб’ёмах экспарту вылучаюцца Германія (78,8 млн кВт·г), Канада (73) і Францыя (61 млн кВт·г). Больш за ўсё імпартуюць электраэнергіі такія краіны, як ЗША (81 млн кВт·г), Італія (47) і Бразілія (34 млн кВт·г).
Падвядзём вынікі. Энергетыка забяспечвае развіццё галін індустрыяльнага сектара эканомікі. У структуры энергетыкі вылучаюць ..., ..., ... прамысловасці, а таксама ... . Электрычная энергія вырабляецца на ..., ..., ... . У выніку скарачэння запасаў паліўных рэсурсаў усё больш актыўнае развіццё атрымлівае ... . |
Праверым свае веды. 1. У чым падабенства і адрозненні геаграфіі запасаў і здабычы нафты і прыроднага газу? 2. У чым заключаюцца адрозненні ў рэгіянальнай структуры здабычы нафты, прыроднага газу і вугалю? 3. Якія змены ў геаграфіі здабычы нафты і прыроднага газу адбыліся ў цяперашні час? 4. Ці адмовіцца сусветная супольнасць ад атамнай энергетыкі? 5. Ці магчымая поўная замена традыцыйнай электраэнергетыкі на альтэрнатыўную? |
Ад простага да складанага. Існуе меркаванне, што камерцыйна выгаднай альтэрнатывай выкапнёваму паліву ў бліжэйшы час не стане ні атамная, ні сонечная энергетыка, тым больш энергія прыліваў. Якія змены павінны адбыцца, каб гэта сцвярджэнне страціла сваю актуальнасць? |
Ад тэорыі да практыкі. 1. Выкарыстоўваючы картаграфічны матэрыял, матэрыял вучэбнага дапаможніка і дадатковую літаратуру, падрыхтуйце паведамленне «Геаграфія гідраэнергетыкі свету», улічваючы наступныя характарыстыкі галіны: 1) фактары развіцця гідраэнергетыкі; 2) доля ГЭС у структуры сусветнай вытворчасці электраэнергіі; 3) краіны, дзе гідраэнергетыка з’яўляецца вызначальнай у структуры электраэнергетыкі; 4) вядучыя сусветныя вытворцы гідраэнергіі; 5) рэкі, на якіх пабудаваны найбуйнейшыя ГЭС свету. |
Падарожжа па Глабальнай сетцы. Сайт Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ). |