§ 21. ГЕАГРАФІЯ ЭНЕРГЕТЫКІ СВЕТУ

Агульная характарыстыка энергетыкі. Энергетыка з’яўляецца базавай галіной прамысловасці. Яе развіццё выступае неад’емнай умовай функцыянавання ўсіх іншых галін індустрыяльнага сектара.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як па аб’ёмах спажывання электрычнай энергіі можна вызначыць узровень сацыяльна-эканамічнага развіцця краін? Якія экалагічныя праблемы ўзнікаюць у сувязі з развіццём энергетыкі?

У склад галіны ўваходзіць паліўна-энергетычная прамысловасць (нафтавая, газавая, вугальная) і электраэнергетыка. Асноўнымі энерганосьбітамі выступаюць нафта, прыродны газ, вугаль, гідра- і атамная энергія. На працягу гісторыі сусветнай гаспадаркі адбываецца няўхільны рост вытворчасці і спажывання энергіі. Аднак пад уплывам НТР змяняецца іх структура. У другой палове ХХ ст. вядучая роля ў структуры спажывання належала вугалю, другім па значнасці энергарэсурсам была нафта. У цяперашні час у выніку змены ў спажыванні, вычарпання энергетычных рэсурсаў, абвастрэння экалагічнага становішча і пераходу да энергазберагальных тэхналогій вядучае месца ў балансе перайшло да нафты (33 %). Далей ідуць вугаль (28) і прыродны газ (24 %). Доля гідраэнергіі складае 7 %, атамнай — 5 %. На аднаўляльныя энергетычныя крыніцы прыходзіцца 3 %.

Паразважаем. 1. Авалоданне крыніцамі энергіі заўсёды было спосабам выжывання чалавецтва. І сёння яе спажыванне застаецца адным з найважнейшых не толькі эканамічных, але і сацыяльных паказчыкаў, якія шмат у чым прадвызначаюць узровень жыцця людзей. Вось чаму часам кажуць, што энергетыка кіруе светам. Ці згодныя вы з дадзеным сцвярджэннем? 2. Энергетыка — рухавік тэхнічнага працэсу. Ці так гэта?