§ 21. ГЕАГРАФІЯ ЭНЕРГЕТЫКІ СВЕТУ

*Геаграфія міжнароднага гандлю нафтай, прыродным газам, вугалем. Геаграфія міжнароднага гандлю нафтай залежыць ад запасаў сыравіны і знешняй палітыкі краіны ў галіне міжнароднага гандлю. Аднак сыравінная арыентацыя экспарту з’яўляецца адметнай асаблівасцю пераважна краін, якія развіваюцца.

Экспарт нафты ў свеце ў 2017 г. склаў 2184 млн т. Краіны са значнымі запасамі нафты з’яўляюцца таксама асноўнымі яе экспарцёрамі (мал. 145-1). Трыма краінамі з найбольшым аб’ёмам экспарту нафты з’яўляюцца Саудаўская Аравія (375 млн т), Расія (277) і Ірак (189 млн т). Найбольшым аб’ёмамі імпарту нафты характарызуюцца Кітай (422 млн т), ЗША (394) і Індыя (211 млн т).

Мал.
Мал. 145-1. Міжнародны гандаль нафтай, 2017 г., млн т

Міжнародны гандаль прыродным газам ажыццяўляецца трубаправодным транспартам альбо ў сціснутым выглядзе ў крыацыстэрнах. У 2017 г. экспарт прыроднага газу ў свеце склаў 1084 млрд м3 (мал. 145-2). Найбуйнейшымі яго экспарцёрамi з’яўляюцца Расія (200 млрд м3), Катар (124) і Нарвегія (115). Найбольшай залежнасцю ад імпарту прыроднага газу характарызуюцца Японія (109 млрд м3), Германія (99) і ЗША (84). Менавіта гэтыя краіны з’яўляюцца найбуйнейшымі яе імпарцёрамі.

Мал.
Мал. 145-2. Міжнародны гандаль прыродным газам 2017 г., млн м3

Экспарт вугалю ў свеце ў 2017 г. склаў 800 млн т. Лідарамі ў міжнародным гандлі вугалем з’яўляюцца Аўстралія — 390 млн т (ці 30 % ад агульнага аб’ёму), Інданезія — 367 млн т (25 %) і Расія — 147 млн тон (12 %).