§ 21. ГЕАГРАФІЯ ЭНЕРГЕТЫКІ СВЕТУ

Мал. 146. Структура сыравіннага балансу
вытворчасці электраэнергіі, %

Геаграфія электраэнергетыкі. Электраэнергетыка лічыцца вядучай галіной сусветнай гаспадаркі. Яе ўнікальнымі рысамі з’яўляюцца магчымасць выкарыстання шырокім колам спажыўцоў (транспарт, сувязь, жыллёва-камунальная і сельская гаспадарка і інш.), адносная экалагічная бяспека, магчымасць укаранення навукова-тэхнічных дасягненняў для павышэння эфектыўнасці нацыянальных гаспадарак.

На пачатку ХХІ ст. у структуры сыравіннага балансу вытворчасці электраэнергіі пераважае вугаль (мал. 146).

За апошнія 50 гадоў сусветная вытворчасць электраэнергіі павялічвалася значна хутчэй, чым у іншых галінах энергетыкі, — узрасла больш чым у 10 разоў і складае ў цяперашні час 25,6 трлн кВт·г (мал. 147). У параўнанні з другой паловай ХХ ст. значна ўзрасла доля Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна, дзе цяпер вырабляецца 44 % электраэнергіі свету, больш чым па 20 % прыходзіцца на краіны Паўночнай Амерыкі і Еўропы з СНД. У апошні час прыкметна ўзмацніліся пазіцыі краін, якія развіваюцца, у вытворчасці электраэнергіі. Вядучымі краінамі па агульных аб’ёмах вытворчасці з’яўляюцца Кітай (6,6 трлн кВт·г), ЗША (4,2) і Індыя (1,5 трлн кВт·г).

Электрычная энергія выпрацоўваецца на трох асноўных тыпах электрастанцый — ЦЭС, ГЭС і АЭС, якія ў суме вырабляюць 99 % энергіі. ЦЭС — найбольш распаўсюджаныя ў свеце. Яны вырабляюць у сярэднім 64 % электраэнергіі свету, прадстаўлены ў многіх краінах і працуюць на мінеральнай сыравіне (вугалі, мазуце, прыродным газе). Найбольшай доляй вугалю ў вытворчасці электраэнергіі характарызуюцца ПАР, Кітай, Аўстралія, Расія і інш.

Свет і Беларусь. Якія тыпы электрастанцый існуюць у Рэспубліцы Беларусь? Якія віды альтэрнатыўнай энергетыкі атрымалі развіццё ў Рэспубліцы Беларусь?

Доля ГЭС у структуры сусветнай вытворчасці электраэнергіі складае 16 %. Размяшчэнне гідраэнергетыкі залежыць ад засвоенасці гідраэнергарэсурсаў. Сусветная вытворчасць складае 4,2 трлн кВт·г. У некаторых краінах гідраэнергетыка з’яўляецца вызначальнай у структуры электраэнергетыкі і складае больш за 60 %. Напрыклад, у Нарвегіі, Венесуэле, Бразіліі. Вядучымі сусветнымі вытворцамі гідраэнергіі выступаюць Кітай, Бразілія і Канада. Найбуйнейшымі ГЭС свету з’яўляюцца Санься (Кітай, р. Янцзы, 22,5 млн кВт) (мал. 148); Ітайпу (Бразілія-Парагвай, р. Парана, 16,0 млн кВт) і Сілоду (Кітай, правінцыі Юньнань і Сычуань, р. Янцзы, 13,9 млн кВт).

Доля АЭС у структуры электраэнергетыкі складае 10 %. У цяперашні час у свеце налічваецца 435 атамных рэктараў, у тым ліку ў ЗША — 104, Францыі — 58 і Японіі — 50. Найбольшай доляй атамнай энергіі ў структуры электраэнергетыкі характарызуюцца Францыя (больш за 70 %), Славакія і Бельгія (больш за 50 %). Асноўнымі вытворцамі атамнай энергіі ў свеце з’яўляюцца ЗША (839 млрд кВт·г), Францыя (398) і Кітай (248 млрд кВт·г). Найбуйнейшымі па магутнасці АЭС у свеце лічацца Касівадзакі-Карыва (Японія) (мал. 149), Брус (Канада) і Коры (Рэспубліка Карэя).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Аварыі на Чарнобыльскай АЭС і АЭС «Фукусіма» змянілі ў многіх краінах стаўленне да атамнай энергетыкі. Так, пасля катастрофы на ЧАЭС усе краіны падзяліліся на тры групы: краіны-«адмоўнікі» (напр., Аўстрыя, Італія, Польшча); краіны без дэмантажу і без будаўніцтва новых АЭС (ЗША, Украіна, Расія) і краіны з шырокамаштабнымі атамна-энергетычнымі праграмамі (Францыя, Японія, Рэспубліка Карэя, Кітай). Пасля аварыі на «Фукусіме» ў Італіі быў прыняты Закон аб адмове ад развіцця ядзернай энергетыкі (2011), у Германіі распрацавана праграма адмовы ад ядзернай энергетыкі да 2022 г., у Швейцарыі прынята рашэнне прыпыніць рэалізацыю новых праектаў будаўніцтва ядзерных энергаблокаў, у Бельгіі поўны «выхад» з ядзернай энергетыкі намечаны на 2025 г. Аднак у цэлым Еўропа не збіраецца адмаўляецца ад ядзернай энергетыкі. У Азіі актыўнае развіццё ядзерных праграм адбываецца ў КНДР, Іране, Кувейце, Саудаўскай Аравіі і інш.

Папрацуем з атласам. Вызначыце краіны з максімальным і мінімальным аб’ёмам вытворчасці электрычнай энергіі на душу насельніцтва.

З-за вычарпальнасці энергетычных рэсурсаў у свеце, пагаршэння навакольнага асяроддзя і з прычыны развіцця энергазберажэння атрымлівае актыўнае развіццё альтэрнатыўная электраэнергетыка.

Альтэрнатыўная электраэнергетыка ўключае спосабы вытворчасці энергіі з аднаўляльных рэсурсаў і прыродных з’яў (вецер, сонечныя прамяні, патокі вады, якія рухаюцца, геатэрмальныя воды і інш.).

Перавагі аднаўляльных крыніц энергіі — шырокае іх распаўсюджванне, адсутнасць негатыўнага ўплыву на навакольнае асяроддзе і здароўе чалавека, эканамічнасць. У сучаснай структуры электраэнергетыкі доля альтэрнатыўнай складае 7 %. Вылучаюць ветравую, сонечную, геатэрмальную і прыліўную энергетыку.

Найбольшае развіццё атрымлівае ветравая энергетыка (мал. 150). Вытворчасць электраэнергіі з выкарыстаннем сілы ветру складае ў свеце 1127 млрд кВт·г. Вядучымі вытворцамі выступаюць Кітай (295), ЗША (257), Германія (106). Найбольшай доляй ветравой электраэнергіі ў структуры электраэнергетыкі ў свеце характарызуецца Іспанія (18 %).

Другое месца па аб’ёмах вытворчасці займае сонечная энергетыка. У 2017 г. у свеце было выраблена 444 млрд кВт·г сонечнай электраэнергіі. Вядучымі вытворцамі з’яўляюцца Кітай (141), ЗША (67), Японія (55). Сумарная магутнасць геатэрмальных электрастанцый (мал. 151) складае 14,6 млн кВт, у тым ліку ў ЗША — 3,6, у Інданезіі — 1,9 і на Філіпінах — 1,8 кВт. Энергія прыліваў і марскіх хваль выкарыстоўваецца ў свеце ў меншай ступені і атрымлівае найбольшае распаўсюджанне ў Францыі, Расіі, Нарвегіі, Канадзе і Кітаі.