§ 21. ГЕАГРАФІЯ ЭНЕРГЕТЫКІ СВЕТУ

Мал. 144. Дынаміка сусветнай здабычы
прыроднага газу, млрд м3

Геаграфія газавай прамысловасці. Газавая прамысловасць з’яўляецца другой па значнасці ў структуры энергетыкі свету. Прыродны газ адрозніваецца большай цеплатворнай здольнасцю. Ён з’яўляецца больш экалагічна чыстым энерганосьбітам, які валодае значна лягчэйшай сістэмай здабычы, добрымі магчымасцямі транспарціроўкі і звадкавання. У параўнанні з нафтай за апошнія 50 гадоў аб’ёмы здабычы прыроднага газу павялічыліся амаль у 8 разоў і складаюць у цяперашні час 3937 млрд м3 (мал. 144). Рэгіянальная структура здабычы прыроднага газу характарызуецца вылучэннем трох асноўных цэнтраў: 1) Еўропа з СНД (28 %); 2) Паўночная Амерыка (27) і Паўднёва-Заходняя Азія (18 %). Сярод вядучых краін па здабычы прыроднага газу вылучаюцца ЗША (862 млрд м3), Расія (715) і Іран (231 млрд м3).

Адной з асаблівасцей геаграфіі газавай прамысловасці з’яўляецца стварэнне марскіх падводных рэзервуараў. У цяперашні час яны маюцца ў Паўночным моры, Мексіканскім заліве, у ПаўднёваУсходняй Азіі. Пры агульнай долі марской здабычы, якая складае каля 20 % сусветнай, у шэрагу краін яна з’яўляецца дамінуючай — каля 80 % (Бруней, Малайзія, Нарвегія, Вялікабрытанія).

У свеце цікавага. Нафта і прыродны газ вядомыя з даўніх часоў. У старажытнасці нафту і яе вытворныя выкарыстоўвалі як лекі, змазку, будаўнічы матэрыял, для асвятлення і ў іншых мэтах. Яшчэ да нашай эры нафту здабывалі саматужным спосабам і ў невялікіх колькасцях на Блізкім Усходзе, у Кітаі, на Каўказе і ў Крыме. Аднак толькі з адкрыццём машыннага спосабу здабычы нафты шляхам бурэння свідравін з другой паловы XIX ст. пачалося развіццё нафтаздабываючай прамысловасці.