§ 20. ПРАМЫСЛОВАСЦЬ СВЕТУ, АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА

*Мадэлі размяшчэння прамысловасці. Першыя мадэлі размяшчэння прамысловасці сталі стварацца ў канцы XVIII ст. Нямецкі інжынер-эканаміст В. Лаўнхардт (мал. 138-1) прапанаваў мадэль «лакацыйнага трохвугольніка» з вяршынямі «крыніцы сыравіны», «рабочая сіла», «рынак збыту». Пункт, дзе транспартныя выдаткі на адзінку вырабленай прадукцыі былі мінімальнымі, лічыўся аптымальным месцам размяшчэння.

Мал.
Мал. 138-1. В. Лаўнхардт, стваральнік тэорыі размяшчэння прамысловасці

Гравітацыйная мадэль Шэфле (мал. 138-2). Аўтар сцвярджаў, што прамысловасць развіваецца пераважна ў вялікіх гарадах або паблізу ад іх. Вялікія гарады прыцягваюць да сябе прамысловыя прадпрыемствы. Лакалізацыя прамысловасці тым мацней, чым больш гарадское насельніцтва, чым менш адлегласць да рынкаў збыту і чым шчыльней размешчаны буйныя гарады. Адхіленні ад мадэльнага размяшчэння прыпісваліся засяроджванню прамысловых прадпрыемстваў каля крыніц сыравіны і паліва.

Мал.
Мал. 138-2. А. Шэфле, стваральнік гравітацыйнай мадэлі

Мадэль Вебера (мал. 138-3). У мадэлі галіны прамысловасці размяшчаюцца ў ідэальных умовах ізаляванай дзяржавы, дзе прыродныя рэсурсы, неабходныя для вытворчасці, размяшчаюцца па канцэнтрычных зонах вакол вядомых рынкавых цэнтраў. Галіны прамысловасці ў мадэлі Вебера адрозніваюцца ў залежнасці ад прыродных рэсурсаў, якія выкарыстоўваюцца.

Мал.
Мал. 138-3. А. Вебер, стваральнік класічнай тэорыі размяшчэння

Яны падзяляюцца на лакалізаваныя (выкапні паліва, руды) і паўсюдна распаўсюджаныя (вада, пясок). Эканамічная выгаднасць размяшчэння асобных прадпрыемстваў залежыць ад суадносін попыту і прапановы на прадукцыю, якая вырабляецца. Канкрэтнае месца размяшчэння прадпрыемства разлічваецца пры дапамозе знаходжання пункту мінімальных транспартных выдаткаў, які забяспечвае аптымальнае перамяшчэнне сыравіны на завод і гатовай прадукцыі на рынак.

Мадэль Цінбергена (мал. 138-4). Згодна з мадэллю, пры высокіх выдатках на транспарціроўку найбольш аптымальным будзе дэцэнтралізацыя (рассейванне) прамысловай вытворчасці па шматлікіх дробных цэнтрах. Засяроджванне прамысловасці ў невялікай колькасці буйных цэнтраў будзе аптымальным варыянтам размяшчэння толькі пры высокіх транспартных выдатках на перавозку прадукцыі спецыялізаваных галін.

Мал.
Мал. 138-4. Я. Цінберген, стваральнік тэорыі дэцэнтралізацыі размяшчэння