§ 20. ПРАМЫСЛОВАСЦЬ СВЕТУ, АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА

Агульная характарыстыка сучаснай прамысловасці свету. Прамысловасць свету характарызуецца шэрагам адметных тэндэнцый. Па-першае, у выніку індустрыялізацыі адбываецца памяншэнне ў структуры долі здабыўной прамысловасці і павелічэнне — апрацоўчай. Доля здабыўной прамысловасці складае 10 %, апрацоўчай — 90 %. Па-другое, прамысловасць свету характарызуецца высокай ступенню геаграфічнай канцэнтрацыі.

На долю чатырох краін — індустрыяльных гігантаў — ЗША, Японіі, Кітая і Германіі — прыходзіцца 56 % аб’ёму прамысловай прадукцыі свету.

Па-трэцяе, на постындустрыяльнай стадыі роля прамысловасці і ў развітых краінах, і ў краінах, якія развіваюцца, застаецца значнай. Краіны Поўначы і Поўдня сфарміравалі свае нішы ў міжнародным геаграфічным падзеле працы.

Мал. 141. Вытворчасць медпрэпаратаў
у высокатэхналагічнай ТНК Bayer

Развітыя краіны застаюцца ядром прамысловасці свету і займаюць вядучую пазіцыю ў вытворчасці — 48 %, пры долі ў апрацоўчай прамысловасці звыш 75 %. У МГПП яны спецыялізуюцца на высокатэхналагічных галінах. Гэта так званыя верхнія паверхі апрацоўчай прамысловасці (навукаёмістае машынабудаванне, хімічная прамысловасць, фармацэўтыка, біятэхналогіі і інш.). Найбольшай доляй у сусветнай прамысловай вытворчасці характарызуюцца ЗША (21 %), Японія (8) і Германія (6 %) (мал. 141).

Роля краін, якія развіваюцца, у прамысловасці свету няўхільна расце і складае 40 %. У іх атрымліваюць хуткае развіццё рэсурсаёмістыя, энергаёмістыя, працаёмістыя галіны прамысловасці. Занятасць насельніцтва ў індустрыяльным сектары павялічваецца. У дзяржавах Поўдня шырока прадстаўлена здабыўная галіна і хутка развіваюцца «ніжнія паверхі» апрацоўчай прамысловасці (металургія, нафтахімія, вугальная, асноўная хімія і інш.).

Мал. 142. Металургічная вытворчасць
у Кітаі

Найбольш дынамічна прамысловасць развіваецца ў Кітаі, Індыі, новых індустрыяльных краінах і нафтаздабыўных дзяржавах. Кітай у цяперашні час уяўляе з сябе своеасаблівую індустрыяльную фабрыку свету, займаючы пазаканкурэнтныя пазіцыі па тэмпах і аб’ёмах вытворчасцей у металургіі (мал. 142), машынабудаванні і шэрагу іншых вытворчасцей.

Па-чацвёртае, для прамысловасці свету характэрны перанос або міграцыя асобных галін з адных краін у іншыя. З краін Поўначы ў краіны Поўдня мігрыравалі найбольш працаёмістыя і экалагічна шкодныя вытворчасці. Напрыклад, з краін Еўропы ў Азію, і асабліва ў Кітай, адбыўся перанос металургіі, асноўнай хіміі, вытворчасці сінтэтычных смол і пластмас, зборачных машынабудаўнічых вытворчасцей.

Паразважаем. Які ўплыў прамысловасці на навакольнае асяроддзе? Як за апошнія 50 гадоў змяніліся фактары размяшчэння прамысловых прадпрыемстваў?