§ 20. ПРАМЫСЛОВАСЦЬ СВЕТУ, АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА

Структура прамысловасці. У прамысловасці свету існуе вялікая колькасць падгалін, якія вылучаюцца па розных прыкметах — прызначэнні прадукцыі, сыравіны, тэхналогіях і г. д. Асноўнымі з іх з’яўляюцца здабыўная і апрацоўчая прамысловасць.

Здабыўная (горназдабыўная) прамысловасць уяўляе з сябе комплекс галін, якія займаюцца здабычай і ўзбагачэннем карысных выкапняў на нафтапрамысловых і газаздабыўных прадпрыемствах, платформах на марскім шэльфе, шахтах, рудніках, горнаўзбагачальных камбінатах і інш. (мал. 139).

Апрацоўчая прамысловасць уяўляе з сябе комплекс галін і відаў эканамічнай дзейнасці, якія ажыццяўляюць механічную, фізічную, хімічную, біятэхналагічную, нанатэхналагічную трансфармацыю матэрыялаў у новы прадукт, а таксама зборку кампанентаў (мал. 140).

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце краіны, дзе атрымала развіццё здабыўная прамысловасць, і краіны з высокім узроўнем развіцця апрацоўчай прамысловасці.

Ва ўмовах хуткага ўкаранення дасягненняў НТР у структуры апрацоўчай прамысловасці ўтварыліся высокатэхналагічныя галіны. Яны ўключаюць вытворчасць: 1) самалётаў і касмічных апаратаў; 2) офіснай, бухгалтарскай і камп’ютарнай тэхнікі; 3) фармацэўтыкі; 4) абсталявання для радыё, тэлебачання і сувязі; 5) высокадакладных, медыцынскіх і аптычных прыбораў.