*§ 19-3. ГЕАГРАФІЯ АСНОЎНЫХ ВЫТВОРЧАСЦЕЙ ЛЕСАПРАМЫСЛОВАГА КОМПЛЕКСУ

Геаграфія міжнароднага гандлю прадукцыяй лесапрамысловага комплексу. Міжнародны гандаль драўнінай развіваецца апераджальнымі тэмпамі ў параўнанні з нарыхтоўкамі. У яго цяпер уцягнуты 12 % дзелавой драўніны, што нарыхтоўваецца, 8 % з якіх складае круглы лес. Найбольшыя тэмпы росту аб’ёмаў як экспарту, так і імпарту характэрныя для паліўнай драўніны.

Міжнародны гандаль у лесапрамысловым комплексе мае шэраг асаблівасцей. Напрыклад, паліўнай драўнінай гандлююць пераважна краіны, якія маюць уласныя лясныя рэсурсы. У той жа час у гандлі астатнімі відамі прадукцыі ўдзельнічаюць як краіны з ляснымі рэсурсамі, так і тыя, што працуюць на базе імпартнай сыравіны. Так, у 1990-я гг. да маштабнага выкарыстання імпартнай сыравіны ў вытворчасці рознай экспартнай прадукцыі (піламатэрыялаў, фанеры, паперы, кардону) перайшоў шэраг еўрапейскіх і ўсходнеазіяцкіх дзяржаў.

Асноўнымі экспарцёрамі паліўнай драўніны ў свеце з’яўляюцца Украіна, Свазіленд і Боснія і Герцагавіна. Па экспарце дзелавой драўніны вылучаюцца Расія, Новая Зеландыя і ЗША. Найбуйнейшымі экспарцёрамі ліставога драўнянага матэрыялу выступаюць Кітай, Канада і Германія, паперы і кардону — Германія, ЗША і Швецыя.

Папрацуем з атласам. 1. Назавіце і пакажыце тры вядучыя дзяржавы з найбольшай доляй вытворчасці паліўнай драўніны ў свеце. 2. Назавіце і пакажыце тры вядучыя дзяржавы з найбольшай доляй вытворчасці піламатэрыялаў у свеце. 3. Назавіце і пакажыце тры вядучыя дзяржавы з найбольшай доляй вытворчасці ліставога драўнянага матэрыялу, паперы і кардону ў свеце.