*§ 19-3. ГЕАГРАФІЯ АСНОЎНЫХ ВЫТВОРЧАСЦЕЙ ЛЕСАПРАМЫСЛОВАГА КОМПЛЕКСУ

Драўняна-плітавая прамысловасць. Вытворчасць ліставога драўнянага матэрыялу (ЛДМ) (мал. 137-11) уключае выраб драўняных пліт з выкарыстаннем здробненай драўніны, драўнянай стружкі, дранкі, драўняных валокнаў. Пры гэтым выкарыстоўваюцца тры асноўныя віды апрацоўкі драўніны — механічная, тэрмічная і хімічная.

Мал.
Мал. 137-11. Ліставая драўніна

Гэта адна з самых маладых падгалін сусветнага ЛПК, якая сфарміравалася ў сярэдзіне ХХ ст. у сувязі з развіццём хімічнай прамысловасці. На працягу ХХ ст. па аб’ёмах вытворчасці лідзіравала Паўночная Амерыка. У канцы ХХ ст. пачынаецца ўздым развіцця галіны ў Азіі і яе доля наблізілася да 40 %. У ХХІ ст. тэмпы росту ліставога драўнянага матэрыялу ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы зніжаюцца. Доля еўрапейскага рэгіёна складае 25 % сусветнай вытворчасці, Лацінскай Амерыкі — 6 %.

Драўняна-плітавая прамысловасць у структуры ЛПК з’яўляецца ў цяперашні час адной з тых, што найбольш інтэнсіўна развіваюцца.

Вядучымі рэгіёнамі – вытворцамі ліставых драўняных матэрыялаў выступалі гістарычна Паўночная Амерыка і Еўропа. Аднак у апошні час стала прыкметна ўзмацняцца пазіцыя Азіі, доля якой наблізілася да 40 %, пераважна за кошт Кітая.

У цяперашні час аб’ём вытворчасці ліставога драўнянага матэрыялу ў свеце складае 415 млн м3. Вядучымі вытворцамі з’яўляюцца Кітай, ЗША і Расія.

Вытворчасць паперы і кардону размяшчаецца ў раёнах, практычна пазбаўленых лясных рэсурсаў, з улікам спажывецкага фактару (мал. 137-12, 137-13). На гэтую падгаліну прыпадае каля 8 % у сучаснай структуры ЛПК. Традыцыйна вядучымі рэгіёнамі па вытворчасці паперы і кардону выступалі Паўночная Амерыка (40 %) і Еўропа (30 %). За апошнія гады рэзка ўзрасла доля Азіі — з 20 да 35 % сусветнай вытворчасці паперы і кардону. Гэта звязана пераважна з інтэнсіўнай дынамікай вытворчасці ў Кітаі.

Паразважаем. 1. Для вырабу паперы патрэбны раслінныя рэчывы, што валодаюць досыць доўгім валакном, якія, змешваючыся з вадой, дадуць аднастайную, пластычную, так званую папяровую масу. Што можа быць выкарыстана ў якасці паўфабрыкату для вытворчасці паперы? 2. Цікава, што краіны — лідары па вытворчасці паперы: Кітай, ЗША, Японія — больш за ўсіх яе і спажываюць. Растлумачце дадзены факт.

Спажывецкі фактар сфарміраваў таксама шырокі спектр выпускаемай прадукцыі дадзенай падгаліны (мал. 137-14).

Мал.
Мал. 137-14. Асноўныя віды паперы і кардону, якія выпускаюцца ў свеце

Аб’ём вытворчасці паперы і кардону ў свеце складае 409 млн м3. Вядучымі вытворцамі з’яўляюцца Кітай, ЗША і Японія.

У свеце цікавага. 1. Паперу можна лічыць адным з самых вялікіх адкрыццяў чалавецтва. Першая папера была выраблена прыкладна ў 2-м стагоддзі да н.э. у Кітаі. Для яе вырабу выкарыстоўвалі сцёблы бамбуку. Больш за 15 стагоддзяў людзі шукалі новыя спосабы вытворчасці паперы. 2. Ад 13 да 21 г якаснай драўніны неабходна для вытворчасці аднаго ліста паперы фармату А4. Каб вырабіць адну сярэднюю кнігу спатрэбіцца ад 5 кг драўніны. 3. У свеце існуе больш за 400 відаў паперы. 4. Вытворчасць паперы — складаны працэс, у які ўваходзяць восем розных тэхналагічных аперацый.