*§ 19-2. ЛЯСНАЯ ГАСПАДАРКА СВЕТУ, АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА

Лясістасць краін свету. Дынаміка плошчы лясоў па рэгіёнах і групах краін. У першую тройку дзяржаў з самай вялікай доляй лясоў у структуры зямельных рэсурсаў уваходзяць Французская Гвіяна (98 %), Сурынам (95 %), Федэратыўныя Штаты Мікранезіі (92 %).

За перыяд 1990–2015 гг. адбыліся істотныя змены ў плошчы лясоў па рэгіёнах і краінах свету. Для свету ў цэлым характэрна штогадовае памяншэнне плошчы лясоў (мал. 137-5). Найбольш інтэнсіўнае знішчэнне лясоў адбываецца ў краінах, якія развіваюцца (мал. 137-6). Да краін з найбольшым скарачэннем лясных плошчаў адносяцца Бразілія, Інданезія, М’янма, Нігерыя і Танзанія.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Адной з галоўных прычын празмернай высечкі лесу ў Амазонцы з’яўляецца яшчэ і павелічэнне экспарту бразільскай ялавічыны. Аказваецца, што 60–70 % пазбаўленай ляснога покрыва зямлі выкарыстоўваюцца для гадоўлі рагатай жывёлы, галоўным чынам, фермерамі, якія маюць невялікія гаспадаркі (мал. 137-7).

Мал.
Мал. 137-7. Участак трапічнага лесу Амазонкі, які быў ачышчаны для сельскай гаспадаркі

Станоўчая альбо стабільная дынаміка лясных плошчаў характэрная, у асноўным, для развітых краін і некаторых краін, якія развіваюцца (мал. 137-8). Напрыклад, у Кітаі адбываецца найбольшы рост лясных плошчаў у свеце.

Мал.
Мал. 137-8. Дынаміка плошчы лясоў па краінах свету, тыс. га ў год

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Чаму найбольшыя маштабы лесанарыхтовак характэрныя для краін, якія развіваюцца?

Папрацуем з атласам. Назавіце і пакажыце тры вядучыя дзяржавы з найбольшай плошчай лясоў. Назавіце і пакажыце тры вядучыя дзяржавы з найбольшай лясістасцю.

Падвядзём вынікі. Лясная гаспадарка падзяляецца на лесаводства і лесанарыхтоўкі. Пад ЛПК разумеецца сукупнасць узаемазвязаных і ўзаемаабумоўленых галін вытворчасці, якія займаюцца гаспадарчым выкарыстаннем лясных рэсурсаў. Геаграфія лясной прамысловасці шмат у чым вызначаецца размяшчэннем лясных рэсурсаў. Лясныя рэсурсы свету сканцэнтраваны ў двух лясных паясах, якія адрозніваюцца па геаграфічным становішчы і відавым складзе, — паўночным і паўднёвым. Найбольшую плошчу лясоў маюць Расія, Бразілія, Канада, найбольшую лясістасць — Французская Гвіяна, Мікранезія, Сурынам.

Праверым свае веды. 1. У чым адрозненне паўночнага і паўднёвага лясных паясоў? 2. Чаму адбыліся змены ў геаграфіі лесанарыхтовак? 3. Чаму абязлесенне — непазбежны працэс для многіх краін? 4. Для якіх краін характэрна станоўчая дынаміка плошчы лясоў, а для якіх — адмоўная? Патлумачце свой адказ.

Ад простага да складанага. 1. Падрыхтуйце выступленне на тэму «Абязлесенне — глабальная праблема чалавецтва». 2. Прадстаўце міні-праект «Безадходнае выкарыстанне драўніны».

Ад тэорыі да практыкі. Складзіце схему «Сучаснае выкарыстанне драўніны».

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Iнфармацыйныя матэрыялы ФАО аб лясной гаспадарцы свету.
Штогадовыя справаздачы ФАО аб лясной прадукцыі.